Штогадовае свята Маці Таварыства Езуса прыпадае на 22 красавіка ў памяць пра дзень, калі Ігнацый і яго сябры склалі свае ўрачыстыя манаскія абяцанні ў Рыме ў 1541 годзе. Гэта адбылося пасля таго, як ордэн быў зацверджаны Папам Паўлам III (27 верасня 1540 года) і пасля таго, як Ігнацый быў абраны першым генеральным настаяцелем (19 красавіка 1541 года).
Дзень іх урачыстых абяцанняў прыпаў на пятніцу падчас Велікоднай актавы. Першыя езуіты сабраліся ў базіліцы святога Паўла за мурамі, дзе падчас Імшы, якую цэлебраваў Ігнацый, яны прысвяцілі сябе Богу ў Таварыстве Езуса. Над алтаром у капліцы Найсвяцейшага Сакрамэнту, дзе ўсё гэта адбылося, знаходзілася візантыйская мазаіка з выявай Марыі з Дзіцяткам; гэты вобраз стаў вобразам іх Маці. Езуіты заўсёды звярталіся да Яе за суправаджэннем, абаронай і заступніцтвам, давяраючы апостальскае служэнне Яе апецы і шукаючы дапамогі сярод цяжкасцяў і нявызначанасці.
Святы Алаізій Ганзага SJ часта звяртаўся да Марыі з просьбай аб чысціні інтэнцыі і апецы ў адметнай малітве, якую сёння і мы можам узнесці да нашай наймілейшай Маці:
О Святая Марыя, Маці мая! Тваёй асаблівай апецы і ласцы, і Твайму міласэрнаму клопату, сёння, кожны дзень і ў гадзіну маёй смерці, даручаю душу і цела. Усе надзеі і радасці, смуткі і нягоды, жыццё маё і канец ягоны аддаю Табе, каб праз Тваё святое заступніцтва і Твае заслугі ўсе мае ўчынкі былі скіраваны і ўпарадкаваны паводле волі Тваёй і волі Сына Твайго. Амэн.