Больш за 22 мільёны чалавек у больш чым 90 краінах штодня моляцца ў адной і той самай інтэнцыі, якую на кожны месяц вызначае Святы Айцец. Гэтыя людзі не належаць да адной арганізацыі і не ўключаны ў нейкую адну праграму – яны з’яднаныя ў іншых разнастайных кантэкстах (парафіях, святынях, малітоўных групах, супольнасцях) і скіроўваюць малітву і жыццё да аднаго і таго ж гарызонту.

Сусветная сетка малітвы Папы нядаўна атрымала новыя Агульныя палажэнні – дакумент, які вызначае яе ідэнтычнасць і місію. Іх афіцыйна абнародавалі 19 сакавіка, ва ўрачыстасць св. Юзафа. Як адзначыў айцец Артура Соса, генеральны настаяцель Таварыства Езуса, у сваім лісце да ўсяго Таварыства: “Святкаванне ўрачыстасці св. Юзафа, заступніка Таварыства Езуса, з’яўляецца адпаведнай нагодай для публікацыі новых Агульных палажэнняў Сусветнай сеткі малітвы Папы (ССМП), пантыфікальнай апостальскай справы, даручанай Таварыству Езуса”.

Дакумент пазначае новую стадыю ў доўгім працэсе абнаўлення, як пачаўся ў 2010 годзе як спроба аднавіць Апостальства малітвы, аднак паступова прывёў да яго перафарматавання ў глабальную духоўную сетку, якая служыць патрэбам місіі Папы. Канчатковыя статуты былі зацверджаны Папам Францішкам у ліпені 2024 года. Агульныя палажэнні цяпер, як піша айцец Соса, “дакладна фармулююць ідэнтычнасць, прыроду і місію гэтай справы”, а таксама структуру і кіраўніцтва сеткай.

Фармацыя апосталаў спачування

У сэрцы новых Палажэнняў ляжыць дакладнае пацвярджэнне місіі: фармаваць апосталаў спачування – людзей, здольных з’яднаць жыццё з Хрыстом і адкрыцца патрэбам свету.

Карані гэтай місіі знаходзяцца ў духоўнасці ўшанавання Сэрца Езуса. Езуіты пакліканы зрабіць “любоў да Хрыста, увасобленую ў набажэнстве да Яго Сэрца, цэнтрам духоўнага жыцця, каб глыбей абвяшчаць багацці Хрыста і ўмацоўваць у нашай місіі прыярытэт міласэрнасці”, – піша айцец Соса. Гэта не абстрактная набожнасць, а перамяняльная сустрэча з любоўю Хрыста, здольная абнавіць нашыя сэрцы і выслаць нас служыць параненаму свету, які церпіць ад нянавісці і насілля. “У Сэрцы Хрыста, – піша ён, – мы знаходзім жывы сінтэз паміж служэннем веры і садзейнічаннем справядлівасці як крыніцы пераўтварэння для людзей, сацыяльных зносін і выкарыстання прыродных рэсурсаў”.

Місія пашырэння пабожнасці да Сэрца Езуса глыбока ўгрунтавана ў гісторыі Таварыства. 23-я Генеральная кангрэгацыя (1883 г.) прыняла яе “з духам, перапоўненым радасцю і ўдзячнасцю, як салодкі цяжар (munus suavissimum), а 26-я Генеральная кангрэгацыя (1915 г.) асаблівым чынам даручыла яе Апостальству малітвы.

ССМП працягвае гэтую традыцыю, адаптуючы яе да духоўных выклікаў сённяшняга дня. Яе асновай з’яўляецца  лучнасць са спачуваннем Найсвяцейшага Сэрца патрэбам свету і Касцёла, якое знаходзіць свой выраз у малітоўных інтэнцыях Святога Айца на кожны месяц. Два ключавыя ўвасабленні гэтай традыцыі – “Шлях Сэрца” (духоўная праграма) і Эўхарыстычны рух моладзі (ініцыятыва сеткі для моладзі).

Укаранёны ў традыцыі Апостальства малітвы і пераасэнсаваны ў святле Духоўных практыкаванняў, Шлях Сэрца прапануе шлях “ад сэрца да Сэрца”, які прыпадабняе нас да Хрыста ў Яго місіі спачування свету. Ён перакладае скарбы шанавання Найсвяцейшага Сэрца “ў жыццёвую праграму для асобных людзей і супольнасцяў веры”, праводзячы ўдзельнікаў праз дзевяць крокаў, спалучаных з традыцыяй першых пятніц, да большай блізкасці да Сэрца Езуса і ўдзелу ў Ягонай місіі паяднання.

Эўхарыстычны рух моладзі, які развіваецца ў больш чым 50 краінах, атрымаў моцную папскую падтрымку на прыватнай аўдыенцыі 30 студзеня 2026 года. Папа Леў XIV заклікаў ССМП “спрыяць яшчэ большаму ўдзелу ў гэтай Сетцы, якая аб’ядноўвае разнастайныя культуры, мовы і харызмы ў агульнай місіі”. Ён таксама дадаў, што “асабліва важна запрашаць маладых людзей да ўдзелу, каб яны маглі ўтварыць наступнае пакаленне заступнікаў у патрэбах усяго свету. Паколькі многія з іх шукаюць глыбейшых і асабістых адносін з Уваскрослым Езусам, ваш Эўхарыстычны рух моладзі можа стаць асабліва плённым шляхам, каб дапамагчы ім узрастаць у большай блізкасці з нашым Панам”.

Місія, даручаная Таварыству

Публікацыя абноўленых Палажэнняў – гэта запрашэнне паглыбіць і пашырыць унутранае пазнанне Езуса, якое сімвалічна праяўляецца ў Найсвяцейшым Сэрцы, і прызнаць апостальскую адказнасць, якую Сусветная сетка ма літвы ўскладае на Таварыства. Палажэнні выразна ўзгадняюць ССМП з Глабальнымі апостальскімі прыярытэтамі, якія Таварыства Езуса абрала для сваёй дзейнасці па ўсім свеце. Як адзначыў айцец Артура Соса, Палажэнні прапануюць “компас для навігацыі ў місіі, ускладзенай на нас”.

На сайце “Прастора малітвы” штомесяц абнаўляецца змест інтэнцыі Папы і ёсць магчымасць маліцца разам з Сусветнай сеткай малітвы, а на нашым сайце можна даведацца пра інтэнцыі Святога Айца на наступны 2027 год: https://www.jezuity.by/2026/02/02/духоўны-компас-на-2027-год-абвешчаны-малі/

Паводле матэрыялаў: The Pope’s Worldwide Prayer Network: 22 million people, one prayer, a renewed mission – The Society of Jesus