10 кастрычніка, як паведамляе Руская рэдакцыя Vatican News, у Індыі быў арыштаваны 83-гадовы святар Стэн Свомі SJ, з езуіцкай правінцыі Джамшэдпура. Святар быў перавезены ў Мумбаі для допыту па фактах 2017 года, звязаных са справай  “Эльгар Парышад”.

Нацыянальнае агенцтва расследаванняў (NIA) абвінавачвае святара ў сувязях з мааісцкімі групамі і ў тым, што сваімі выказваннямі на маніфестацыі ў Пуне 31 снежня 2017 гады ён справакаваў насілле ў бліжэйшых паселішчах: гэта прывяло да ўзброенага сутыкнення з індыйскімі сіламі бяспекі, якія знаходзіліся ў гэтым раёне з мэтай процідзеяння тэрарызму.

На працягу апошніх 15 гадоў айцец Стэн прысвячаў сябе абароне супольнасці племені адзівасі і працаваў у езуіцкім Цэнтры сацыяльнай дзейнасці. У мінулым яго ўжо абвінавачвалі ў падобных “злачынства”, у пакоі двойчы праводзілі ператрус.

Таварыства Езуса выступіла з заявай у абарону айца Стэна, адзначыўшы, што, як сцвярджае і сам святар, ён заўсёды выконваў палажэнні Канстытуцыі Індыі і выкарыстоўваў выключна мірныя сродкі, каб выказаць нязгоду з прыгнётам адзівасі. “Ён заўсёды выступаў супраць любых злоўжыванняў з боку дзяржавы і сіл правапарадку, якія пад выглядам барацьбы з тэрарызмам завалодвалі землямі без папярэдняга абмеркавання з супольнасцямі, якія там жывуць”. Акрамя таго, адзначаюць езуіты, ён сабраў і апублікаваў дакументацыю пра пакуты моладзі з карэннага насельніцтва, пра пераслед і арышты за спробу адстаяць свае зямлі.

У цяперашні час езуіт знаходзіцца пад арыштам без права выйсці пад заклад. “Мы, езуіты, – пішуць сабраты Стэна Свомі, – занятыя ў галіне адукацыі і абароны правоў бедных і слабых ва ўсім свеце, выказваем блізкасць айце Стэну і іншым абаронцам правоў чалавека ў Індыі, цвёрда асуджаючы яго арышт і патрабуючы неадкладнага вызвалення. Мы спадзяемся, што больш не будзе ніякіх распараджэнняў аб адвольных арыштах і затрыманнях у дачыненні да прыстойных грамадзян, якія паважаюць закон”.