Гэта адзін з апошніх лістоў Францішка Ксаверыя, які ён напісаў на выспе Шанчуань, дзе праз месяц з паловай ён адыйдзе да Пана. На гэтую выспу ён прыбыў з намерам трапіць у Кітай, каб абвяшчаць там хрысціянскую веру. У лісце Ксаверый не толькі апісвае акалічнасці свайго жыцця ў месцы, якое стане яго апошнім прыстанкам, але, дзелячыся разважаннямі і марамі аб місіі, адчыняе нам сваё сэрца апостала Хрыста. 

Францішку Пэрэсу ў Малакку

Па міласэрнасці і дабрыні Бога, нашага Пана, карабель Дыёга Пэрэйры і ўсе мы, хто плыў на ім, шчасна прыбылі ў гэтую гавань Санчао (Sanchoâo – Санцыян або Шанчуань), дзе сустрэлі шмат іншых гандлёвых караблёў. Гэтая гавань знаходзіцца ў трыццаці лігах ад горада Кантао (Cantâo – Кантон або Гуанчжоў). Шмат купцоў з Кантао прыязджаюць сюды, у Санчао, каб гандляваць з партугальцамі. Партугальцы з руплівасцю размаўлялі з імі, каб даведацца, ці захоча мяне ўзяць які-небудзь купец з Кантао. Усе выбачаліся, кажучы, што паставілі б жыццё і маёмасць пад вялікую рызыку, калі б губернатар Кантао даведаўся, што яны прывезлі мяне з сабой; і з-за гэтага яны ніякім коштам не хацелі забраць мяне на сваіх караблях у Кантао.

Спадабалася Богу, Пану нашаму, каб адзін дастойны чалавек, які жыве ў Кантао, прапанаваў узяць мяне за дзвесце крузадо ў невялікую лодку, у якой не было б іншых маракоў, акрамя яго сыноў і слуг, каб ад маракоў губернатар Кантао часам не даведаўся б, што за купец мяне прывёз. Далей ён прапанаваў схаваць мяне ў сваім доме на тры-чатыры дні і аднойчы раніцай да світання адвезці пад браму горада з маімі кнігамі і багажом, каб я мог адразу пайсці адтуль у дом губернатара і расказаць яму, што мы скіроўваемся туды, дзе знаходзіцца кітайскі імператар, і паказаць яму ліст, які мы атрымалі ад Яго Эксцэленцыі біскупа для імператара Кітая, і расказаць, што мы пасланыя Яго Высокасцю абвяшчаць Божы закон.

Паводле таго, што кажуць нам жыхары гэтай зямлі, нас могуць чакаць дзве небяспекі: па-першае, чалавек, што нас бярэ, як толькі яму заплацяць дзвесце крузадо, пакіне нас на якой-небудзь бязлюднай выспе альбо кіне нас у мора, каб пра справу не даведаўся губернатар Кантао; па-другое, калі ён адвязе нас у Кантао і мы трапім да губернатара, ён загадае нас катаваць альбо пасадзіць у турму, бо такая гэта дзіўная рэч, а ў Кітаі існуе мноства забаронаў, што кожны чалавек без імператарскага пропуску павінен явіцца туды, таму што імператар надта станоўча забараняе чужынцам уваходзіць у ягоную зямлю без яго дазволу. Акрамя гэтых дзвюх небяспек, ёсць іншыя, значна большыя, якія не датычаць жыхароў гэтай зямлі, і аб якіх вельмі доўга апавядаць, аднак я не абміну некаторыя з іх.

Першая з іх – перастаць спадзявацца і давяраць міласэрнасці Бога, бо менавіта дзеля Яго любові і служэння мы збіраемся абвяшчаць Ягоны закон і Езуса Хрыста, Яго Сына, нашага Адкупіцеля і Пана, як Ён добра ведае. Паколькі ў Сваёй святой міласэрнасці Ён даў нам гэтыя жаданні, не давяраць Яго міласэрнасці і моцы цяпер, з прычыны небяспек, у якіх мы маглі б сябе ўбачыць дзеля Яго служэння, – значна большая небяспека (бо калі будзем служыць Яму больш, Ён абароніць нас ад небяспек гэтага жыцця), чым зло, якое могуць учыніць нам усе ворагі Бога, бо без Божай волі і дазволу д’яблы і іх слугі не могуць нанесці нам ніякай шкоды.

І мы таксама павінны ўмацаваць сябе словам Пана, які кажа: “Хто любіць жыццё сваё ў гэтым свеце, загубіць яго, а той, хто загубіць жыццё сваё дзеля Бога, знойдзе яго”, што адпавядае таму, што Хрыстус наш Пан таксама кажа: “Хто паклаў руку на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага”.

Мы, разглядаючы гэтыя небяспекі для душы, значна большыя, чым для цела, лічым, што надзейней і бяспечней будзе прайсці праз пагрозы для цела, чым патрапіць у духоўную небяспеку перад Богам. Такім чынам, мы напоўнены рашучасцю адправіцца ў Кітай любым спосабам. Я спадзяюся на Бога, нашага Пана, што вынік нашага падарожжа будзе павялічвацца нашай святой верай, незалежна ад таго, наколькі ворагі і іх слугі пераследуюць нас, бо “калі Бог за нас, хто возьме верх над намі?”

Калі карабель адправіцца з гэтага порта Санчао ў напрамку Малаккі, маю надзею ў Богу, Пану нашым, што панясе ён вестку аб тым, як нас прынялі ў Кантао, бо з Кантао ў гэты порт заўсёды ідуць лодкі, праз якія я змагу напісаць, што мы перажылі адсюль да Кантао і што зрабіў нам губернатар Кантао.

<…>

Калі мы прыбылі ў Санчао, то пабудавалі касцёл; і я служыў Імшу кожны дзень, пакуль не захварэў на ліхаманку. Хварэў пятнаццаць дзён; цяпер, дзякуючы міласэрнасці Божай,  здароўе сваё аднавіў. Не бракавала і духоўнай працы, такой як слуханне споведзяў, наведванне хворых і прымірэнне ворагаў. Зараз я не ведаю, што вам яшчэ сказаць, акрамя таго, што мы цвёрда пастанавілі выправіцца ў Кітай. Усе кітайцы, якіх мы бачылі, я маю на ўвазе паважаных купцоў, выказваюць радасць і жаданне, каб мы прыбылі ў Кітай, бо ім здаецца, што мы прыносім закон, запісаны ў кнігах, які будзе лепшы за іхні, альбо таму, што ім даспадобы ўсё новае. Яны паказваюць, што ім усім вельмі прыемна, але ніхто не хоча ўзяць нас з-за небяспекі, якая можа іх напаткаць.

<…>

Я кожны дзень чакаю кітайца, які павінен прыехаць з Кантао і забраць мяне з сабой. Няхай спадабаецца Богу, каб ён з’явіўся, як мне гэтага хочацца, бо ў тым выпадку, калі Бог гэтага не жадае, я не ведаю, што мне рабіць: ці выпраўляцца ў Індыю, ці ў Сяо (Siâo), каб там я мог далучыцца да пасольства, якое кароль Сяо накіроўвае імператару Кітая. Я пішу вам гэта для таго, каб вы маглі паведаміць Дыёга Пэрэйры, што калі ён будзе ў Кітаі і знойдзе нейкі спосаб пісаць мне ў Сяо, няхай напіша, каб мы сустрэліся там ці ў іншым кітайскім порце. Падтрымлівайце цеснае сяброўства з Дыёга Пэрэйрай як у Малаццы, так і ў Індыі, давяраючы яго перш за ўсё Богу, а затым дапамагаючы яму любым іншым чынам, бо ён надзвычайны сябар Таварыства.

Няхай Хрыстус, наш Пан, удзеліць нам сваю дапамогу і ласку. Амэн.

З Санчао, сёння, дваццаць другога кастрычніка 1552 года.

Цалкам твой у Хрысце,

Francisco.