Яшчэ на досвітку ранкам 15 жніўня 1534 года сямёра студэнтаў багаслоўскага факультэта Сарбоны: Ігнацый Лаёла, Францішак Ксавэрый, Пётр Фабер, Якуб Лаінес, Альфонс Сальмерон, Нікалас Бабадылья і Сімон Радрыгес падняліся на Манмартр — «гару мучанікаў». У капліцы Мучанікаў, пабудаванай на месцы мучаніцкай смерці першага біскупа Парыжа Дыянісія, яны склалі абяцанні жыць у чыстасці і беднасці, а таксама здзейсніць па магчымасці пілігрымку ў Святую Зямлю…

Калі ж не атрымаецца, яны абяцалі цалкам перадаць сябе ў рукі Рымскага Першасвятара «дзеля ўсялякай місіі сярод верных і няверных». Пётр Фабер, які на той момант ужо быў святаром, узначаліў святую Імшу.

Сямёра юнакоў сталі сябрамі задоўга да гэтага дня — іх яднала любоў да евангельскай беднасці, жаданне быць падобным да Хрыста і ісці за Ім, а таксама трывога за лёс Касцёла.

Складзеныя імі абяцанні пазней далі пачатак новаму манаскаму ордэну, які атрымаў назву Таварыства Езуса, ва ўсім свеце вядомаму сёння як Ордэн езуітаў. Яны выканалі ўсё, што абяцалі Богу тым парыжскім ранкам, а адзін з семярых — Францішак Ксавэрый — стаў вядомы ва ўсім хрысціянскім свеце як місіянер, які прынёс веру ў Бога цэлым народам, распаўсюдзіўшы хрысціянства далёка на Усход.

Перадгісторыя

Францішак Ксавэрый нарадзіўся ў Навары ў замку Хаўер, радавым гняздзе свайго дваранскага рода ў 1506 годзе. Як і іншыя юнакі знатнага паходжання, ён мог выбраць паміж адміністратыўнай, ваеннай і духоўнай кар’ерамі. Яго сям’я, якая на той час страціла большую частку свайго ўплыву і замак з землямі ў выніку вайны паміж Кастыліяй і Наварай, вырашыла, што для малодшага ў сям’і сына найлепшым выбарам будзе святарства, і ва ўзросце 19 гадоў юнак адправіўся ў Парыж, дзе яго чакала навучанне філасофіі і багаслоўя.

Яго суседам ў калегіі Св. Барбары апынуўся 37-гадовы дваранін, як і ён, баск па паходжанні — Ігнацый Лаёла. Гэта сустрэча цалкам перавярнула ўяўленні Ксавэрыя пра паспяховую духоўную кар’еру, як і пра сэнс жыцця таксама. Пазней св. Ігнацый скажа, што Францішак быў «самым крутым кавалкам цеста, які яму давялося перамясіць».

Малады Францішак Ксавэрый у пачатку 1537 года разам з шасцю таварышымі, з якімі даваў абяцанні ў Парыжы, прыехаў у Венецыю, маючы намер здзейсніць, як і збіраўся, пілігрымку ў Палесціну, але вайна паміж Турцыяй і Венецыянскай рэспублікай зрабіла выкананне гэтага абяцання немагчымым.

У чаканні прэзбітэрскага пасвячэння юнак пачаў даглядаць хворых у шпіталях і прытулках, чым раней займаўся Ордэн тэатынцаў. Пасля свайго пасвячэння ў 1537 годзе Францыск Ксавэрый абвяшчаў Евангелле на вуліцах Балоньі, клапаціўся пра хворых і вязняў. Яго казанні выклікалі жывы водгук у мясцовых жыхароў.

У лістападзе 1537 года ён і шасцёра яго сяброў ідуць у Рым, дзе аддаюць сябе на службу папу Паўлу ІІІ. У гэты перыяд Францішак набывае неабходны духоўны вопыт, які давершыў справу, пачатую ім у Парыжы. Ён шмат часу праводзіць на малітве і духоўных размовах са сваімі паплечнікамі. Разам яны працуюць над стварэннем новага Ордэна.

Зацвярджэнне ордэна езуітаў і пачатак місіянерскай дзейнасці

17 верасня 1540 г. Папа зацвярджае Устаў Таварыства Езуса. У 1541 годзе сябрам выдалася магчымасць распачаць абвяшчэнне Евангелля сярод язычнікаў. Прыблізна ў той жа час кароль Партугаліі Жуан ІІІ звярнуўся да Ігнацыя Лаёлы з просьбай паслаць місіянераў у Індыйскія калоніі Партугаліі. У ліку іншых місіянераў павінен быў быць і Нікалас Бамбадылья, які аднак захварэў на радыкуліт і не мог рухацца.

Яго месца заняў Францішак, які адначасова з місіянерствам, стаў Апостальскім Нунцыем у каланіяльных уладаннях Партугаліі.

Здатны да моваў Францішак Ксавэрый выдатна адаптоўваў ісціны веры, малітвы, духоўныя спевы на мясцовыя мовы і прапаведаваў так шмат, што часта губляў голас.

Падаючы прыклад сціпласці і пакоры сваім суайчыннікам, ён абмяжоўваў свае патрэбы і нават хадзіў басанож. За два гады больш за 30 тысяч (!) жыхароў Індыі прыняло хрост з яго рук…

Ён абвяшчаў Евангелле ў Індыі, на Цэйлоне, на астравах Малукскага архіпелага, у Японіі. У Японіі, напрыклад, місіянер за два гады адолеў японскую мову і быў прыняты ў імператара, які асабіста дазволіў Ксавэрыю абвяшчаць тут Евангелле.

Памёр місіянер на востраве Шанчуань, дзе рыхтаваўся да пераправы ў Кітай. На той момант знаходжанне еўрапейцаў у гэтай краіне было забароненым, але Ксавэрый вельмі хацеў прапаведаваць і ў гэтай краіне, лічачы яе спалучэннем усіх ведаў Дальняга Усходу.

Пазней цела місіянера было перанесена на Гаа, дзе яно захоўваецца па сёння ў базыліцы Езуса Міласэрнага.

Да ліку благаслаўлёных Францыск Ксавэрый быў далучаны ў 1619 годзе, а ў 1622 — быў абвешчаны святым у адзін дзень з Ігнацыем Лаёлам. З 1748 года святы Францішак Ксавэрый лічыцца апекуном Усходу, з 1927 г. – разам са св. Тэрэзай ад Дзіцятка Езуса — заступнікам місіянераў.

Помнікі ў яго гонар усталяваныя амаль ва ўсіх краінах, куды ён прынёс веру ў Хрыста.

Ганна Кудрык.

Некалькі шрыхоў да партрэта св.Францішка

Як вядома, гісторыя Таварыства Езуса пачалася вераснёўскім днём 1529 года, калі ў пакоі студэнтаў парыжскага калегіума св. Барбары Францішка Ксаверыя і Пятра Фабэра пасяліўся новы сусед – Ініга дэ Лаёла.

Сем’і Ініга і Ксаверыя належалі да двух супраціўных шляхецкіх лагераў: Лаёлы былі вернымі васаламі каралёў Кастыліі, а Ксаверыі аддана абаранялі каралеўскі двор Навары. Ігнацыю давялося весці доўгую барацьбу за Ксаверыя. Да родавай варожасці дадаваліся пыха і жаданне Францішка зрабіць касцёльную кар’еру. Дакладна невядома, як Ігнацый здолеў натхніць яго сваімі ідэаламі, але Францішак стаў адным з самых верных паслядоўнікаў св. Ігнацыя.

Францішак Ксаверый быў глыбокім містыкам, аднак заўсёды заставаўся чалавекам дзеяння, смелым і мужным, яго не палохалі цяжкасці. Разам з тым, ён быў пакорным і паслухмяным, гатовым у любы час перапыніць свой шлях і вярнуцца па першаму слову свайго настаяцеля. Ён быў строгім кіраўніком (калі гэтага патрабавалі абставіны), але ў той жа час меў лагоднае і добрае сэрца.

Пасля Ксаверыя засталіся яго шматлікія лісты і некалькі настаўленняў, якія адлюстроўваюць прынцыпы яго місіянерскай духоўнасці:

«Найперш і перадусім, назірайце за сабой; упакорвайце сябе духоўна, наколькі гэта ў вашых сілах», а таксама: «…будзьце ў суладдзі з Богам, са сваёй душой і сумленнем; тады вы зможаце аказаць вялікую дапамогу бліжняму».

У гэтым чалавеку спалучаліся пакора, любоў да людзей і вялікае памкненне ва ўсім спаўняць Божую волю. У сваім апошнім лісце да айца Ігнацыя Ксаверый напісаў:

«Я малю Бога, беручы сабе ў заступнікі Вашу Міласць і ўсё Таварыства, як і ўвесь Касцёл у змаганні, затым, на Нябёсах, найперш усіх благаслаўлёных, якія ў гэтым жыцці знаходзіліся ў Таварыстве, і ўвесь Касцёл трыумфуючы, каб Пан наш за ўсе іх заслугі даў мне ласку спасцігаць Яго найсвяцейшую волю, а з ёю ласку добра і дасканала выконваць яе».

Кліп «Па слядах св.Францішка Ксаверыя» (на анг.мове):
http://www.youtube.com/watch?v=BpLmCfPb51E