На старонках часопіса “Наша вера” аўтар артыкула Руслан Гародка прыводзіць цікавыя звесткі з гісторыя абраза, апісвае шматлікія цуды Юравіцкай Багародзіцы, якую ўшаноўваюць як каталіцкія, так і праваслаўныя жыхары беларускага Палесся. 

Упершыню ў гістарычных хроніках ікона згадваецца ў 1630 годзе, вядомым бунтамі запарожскіх казакаў, якія змагаліся з польскімі войскамі, размешчанымі ў Кіеўскім ваяводстве. Польскія войскі пад кіраўніцтвам вялікага гетмана кароннага Станіслава Канецпольскага задушылі паўстанне пад Пераслаўлем. Казакі прыслалі да гетмана паслоў з просьбаю міру і даравання іх правінаў. Станіслаў Канецпольскі згадзіўся, але спакой панаваў нядоўга. Хваля новых бунтаў пракацілася па ўсходніх тэрыторыях Рэчы Паспалітай. Казакі грамілі маёнткі шляхты, рабавалі і забівалі. Гетман пабудаваў над Дняпром крэпасць Кодак, каб затрымаць запарожскае войска, але і сцены Кодака не вытрымалі напору казакаў – крэпасць была знішчана ў 1635 годзе. Паўстанцы захоплівалі ўсё новыя і новыя тэрыторыі. Шляхцічы хавалі свае сямейныя скарбы ў больш бяспечных месцах. Нават вялікі гетман Канецпольскі аддаваў каштоўныя рэчы каму-небудзь на захаванне. Сярод сямейных каштоўнасцяў ён меў ікону Багародзіцы, якую аддаў айцам езуітам з калегіума ў Бары. Але, пачуўшы небяспеку, езуіты пераехалі ў Львоў, узяўшы з сабою ікону.

Адзін з манахаў, які распакоўваў для прасушкі рэчы гетмана, быў вельмі ўражаны, калі ўбачыў абраз Багародзіцы. З дазволу кляштарнага начальства ён змясціў ікону ў сваёй келлі і маліўся перад ёю ў патрэбах сваёй душы. Да іконы прыходзілі і іншыя манахі. Адзін смяротна хворы брат пасля малітвы перад абразом раптам выздаравеў. Гэта навіна хутка разышлася па калегіуме – ікона Маці Божай стала вельмі шанаванай. Слава пра абраз дайшла нават да езуітаў, што жылі ў калегіуме св. Пятра ў Кракаве.

Сярод духоўных асобаў львоўскага калегіума вызначаўся ксёндз Марцін Тыраўскі, які паходзіў з вядомай заможнай сям’і. Яго блізкі родзіч Гермалай Тыраўскі ў 1629 годзе быў фундатарам кляштара айцоў рэфарматараў у Пшэмысьлі, а Ганна з Тыраўскіх (Яжова-Уліньска) пабудавала ў Пшэмысьлі касцёл пад тытулам св. Ігнацыя для айцоў езуітаў. Марцін склаў манаскія шлюбы і ў 1641 годзе стаў езуітам.

Часы тады былі сапраўды небяспечныя, неспакойныя. Калі Багдан Хмяльніцкі ўзначаліў збунтаваных запарожскіх казакаў, зноў палілася кроў. З асаблівай жорсткасцю казакі распраўляліся з каталіцкімі святарамі і законнікамі. Вядома, што ў 1648—1665 гады ад рук запарожцаў загінула 39 духоўных асобаў з ордэна езуітаў. Людзі хаваліся па лясах і балотах, былі напалоханыя і прагнулі абароны і духоўнай дапамогі. Менавіта ў гэты час, у 1661 годзе, айцец Марцін Тыраўскі быў накіраваны кіраўніцтвам Таварыства Езуса на душпастырскую працу на Украіну. Тыраўскі добра разумеў, што толькі апека Божай Маці дапаможа яму выканаць абавязкі святара, быць апосталам на зямлі, дзе льецца кроў, дзе ў сатанінскай віхуры імчацца бязбожныя казакі, змятаючы ўсё на сваім шляху. Ён вырашыў прасіць унука Станіслава Канецпольскага, вялікага гетмана кароннага, каб той падараваў яму ікону Багародзіцы, што старанна захоўвалася ў львоўскім калегіуме. Праз некаторы час айцец Марцін атрымаў ад Канецпольскага пісьмовую згоду, з якой паехаў у Львоў, дзе рэктар калегіума Аляксандр Ларанцовіч уручыў яму абраз. З іконай сваёй Заступніцы айцец Тыраўскі адправіўся на Валынь, дзе праходзіла яго далейшая місіянерская дзейнасць.

Вясною 1673 г. душпастырскія справы прывялі яго на Палессе, у мястэчка Юравічы. Як заўсёды, пры ім быў абраз Багародзіцы. Калі місія закончылася, айцец Марцін сабраў свае рэчы і разам з іконаю рушыў на далейшую місію, але як толькі выехаў з Юравічаў на дарогу, што вяла да Алешыцаў, коні раптам сталі, як укопаныя, хоць былі маладыя і яшчэ не змучаныя. Місіянер вырашыў, што нейкія злыя сілы трымаюць воз, каб зрабіць немагчымай яго далейшую паездку-місію па навяртанні душаў. Дзіўныя рэчы ўбачыў Тыраўскі. Коні, гнаныя пугаю, з усіх сіл імкнуліся і не маглі зрушыць воз з месца. Айцец Марцін пачаў малітоўна звяртацца да Божай Маці, просячы дапамогі. Раптам павозка зрушылася з месца, а коні шпарка пабеглі па дарозе. Праз некалькі дзён Тыраўскі вяртаўся той жа дарогаю праз Юравічы. Яго здзіўленню не было мяжы, калі коні зноў сталі на тым самым месцы і не маглі рушыць далей. Місіянер не ведаў, што рабіць, але тут пачуў голас: «Дакуль Мяне будзеш замыкаць і няволіць? Чаму не клапоцішся аб памнажэнні Маёй пашаны? Ужо прыйшоў час застацца Мне тут, пастаўленай для народных набажэнстваў».

Айцец Марцін застаўся ў Юравічах. Ён быў вельмі ўражаны тым голасам, але і нейкія сумненні мучылі яго. Ён не мог зразумець, навошта захацела Марыя быць ушанаванай людзьмі сярод гэтых лясоў і балотаў. Тыраўскі многа і горача маліўся да Божай Маці, каб Яна зноў, можа іншым спосабам, паказала сваю волю. Між іншым, знаёміўся з мясцовасцю, хадзіў па тутэйшых лясах, шукаючы адпаведнага месца для будучай капліцы, у якой размесціцца ікона. Хутка знайшоў цудоўнае месца на ўзгорку, у вельмі прыгожым куточку, адкуль адкрываліся цудоўныя краявіды на ўсё наваколле.

Праз некалькі дзён да айца Тыраўскага прыйшла кабета, вядомая сваёй пабожнасцю. Гэтая жанчына не ведала Тыраўскага і ніколі не бачыла ікону, але яна сказала, што пасля вячэрніх малітваў, калі заснула, паказаўся ёй абраз Багародзіцы, і падрабязна апісала яго. Айцец Марцін захацеў праверыць праўдзівасць кабеты і паказваў ёй розныя іконы, а калі чарга дайшла да цудадзейнага абраза Божай Маці, жанчына ўпэўнена сказала, што гэта той, які яна бачыла ў сне. Яшчэ кабета дадала, што чула голас Марыі: «Ідзі да святара, якога знойдзеш у Юравічах, і патрабуй ад Майго імя, каб волю Маю выканаў. Дакуль буду ў цемры схаваная, не аб’яўленая свету?» Марцін Тыраўскі быў вельмі рады, што нарэшце такім незвычайным спосабам Марыя пацвердзіла сваю волю.

Пачалося будаўніцтва капліцы. Памочнікаў хапала, але айцец Марцін сам, разам з сваім таварышам, пілаваў дрэвы, часаў дошкі, і ў хуткім часе з’явілася капліца. У гэтай працы святар бачыў сваё асабістае набажэнства да Найсвяцейшай Багародзіцы. Пасля асвячэння капліцы ў яе была ўрачыста ўнесена славутая ікона. Ва ўрачыстасцях удзельнічалі айцы езуіты і айцы бернардынцы з мазырскага кляштара.

У рукапісе з XVII ст. («Historia Collegii Ostrogiensis Societatis Jesu») ёсць запіс: «Дня 20 красавіка 1684 года памёр айцец Марцін Тыраўскі, безумоўна, найлепшы місіянер нашай правінцыі. 13 гадоў быў абозным місіянерам. Калі раз быў абкружаны з усіх бакоў ворагамі татарскімі, дзіўнай дапамогаю Божага Провіду знік з іх вачэй. На місіі палескай быў гадоў 20. Перадусім яму Палессе ўдзячнае, што засталося вернае святой каталіцкай веры». Рукапіс распавядае, што айцец Марцін меў дар прадбачання, аздараўлення хворых, і нават дзікія звяры былі яму паслухмяныя.

Незвычайнае здарэнне адбылося на пачатку лістапада 1673 года. Сярод ціхай і пагоднай ночы над новай капліцай на небе з’явілася святло, быццам днём, і вогненныя стрэлы, што ляцелі на поўдзень. У той самы час вялікі гетман каронны Ян Сабескі (будучы польскі кароль) у бітве сустрэўся з турэцкім войскам пад Хацінам. Гораду пагражаў той жа лёс, што напаткаў Камянец Падольскі, дзе святыя крыжы і абразы былі растаптаныя конскімі капытамі. Перад іконаю Багародзіцы ў юравіцкай капліцы, як і ва ўсіх касцёлах дзяржавы, людзі прасілі дапамогі ў цяжкай бітве з бязбожнікамі. На наступны дзень пасля відовішча вогненных стрэлаў, у дзень святога Марціна, стала вядома пра перамогу 6-тысячнага польскага войска над 40-тысячным турэцкім. Бітва доўжылася каля дзвюх гадзін, пачаўшыся а 6-й раніцы. Частка непрыяцеля палегла ў баі, частка патанула падчас уцёкаў у Дняпры. Народны голас распавядаў, што гэта Марыя папрасіла Бога аб дапамозе, а вогненныя стрэлы, што ляцелі з-пад Юравічаў, прадказалі разгром ворага.

Народныя паданні сведчаць пра рыбакоў з канатопскіх азёраў, што бачылі прыгожых паннаў, на чале якіх была найпрыгажэйшая з каронаю на галаве, — Божая Маці. Яна сказала рыбакам: «Іду з Кіева ў Юравічы». Пабожная кабета Кісялеўская таксама расказвала пра сваё бачанне Багародзіцы, якая і ёй паведаміла: «Іду з Падола ў Юравічы». Людзі па-свойму тлумачылі гэтыя словы. Казалі, што Марыя пакінула кіеўскія Пячоры, выйшла з Падола, бо ў Камянцы на месцы крыжа ўзвышаўся мусульманскі паўмесяц. Чуткі хутка разыходзіліся па ваколіцах, павялічваючы культ Найсвяцейшай Маці.

Пілігрымкі ў Юравічы сталі часцейшымі. Людзі ехалі і ішлі пехатою – простыя і шляхта, пабожныя і цікаўныя, каб аддзячыць за дабро, а ў смутку знайсці суцяшэнне. Адзін летапісец адзначаў, што часам цяжка было адрозніць звычайны дзень ад святочнага – так багата было народу ў святыні. Прыязджалі з Мазырскага, Рэчыцкага, Оўручскага паветаў. Ікона была вядомая ў Кіеўскім, Чарнігаўскім, Мінскім ваяводствах. Нават праваслаўныя з кіеўскіх Пячораў выйшлі ў працэсіі з харугвамі да Юравічаў, каб пакланіцца Багародзіцы.

У 1681 годзе ў Юравічы прыехаў ксёндз Барталамей Вансоўскі, правінцыял ордэна езуітаў, каб памаліцца за сваё здароўе, бо быў цяжка хворы. Дарога яшчэ больш пагоршыла яго стан, але пасля малітвы перад абразом ён атрымаў выздараўленне. Удзячны святар стаў ініцыятарам пабудовы вялікага мураванага касцёла. Будаваўся ён у 1726—1746 гадах на месцы драўлянага кляштара. Езуіцкі калегіум дзейнічаў з 1778 года, а ў 1820 годзе будынкі і касцёл былі перададзены бернардынскаму ордэну.

Касцёл і корпус калегіума аб’яднаныя ў архітэктурны комплекс. Высокі мур агароджы мае ўяздную браму. Абапал яе і па вуглах агароджы ўзвышаюцца вежы з байніцамі. Касцёл – цудоўны помнік архітэктуры позняга барока – быў пабудаваны ў форме крыжа. Гэта трохнававая базыліка з выцягнутай паўкруглай апсідай і двухвежавым фасадам. Разнастайныя вокны і нішы аздоблены складанымі профілямі і лепкай. Абапал алтарнай часткі – двухпавярховыя закрыстыі. Бакавыя сцены падзеленыя лапаткамі і неглыбокімі нішамі. Пад касцёлам размешчана крыпта. Корпус калегіума мае два паверхі, дзве трох’ярусныя вежы на вуглах фасаду. Увесь комплекс быў абкружаны цудоўным садам.

Да 1832 года цягнуўся залаты час санктуарыя Маці Божай Юравіцкай. Цудадзейная ікона і велічны касцёл былі сапраўдным духоўным цэнтрам Палесся. Санктуарый не страціў сваёй значнасці нават пасля скасавання ордэна езуітаў у 1773 годзе. Аднак у 1832 годзе царскія ўлады зачынілі касцёл, выгнаўшы з яго айцоў капуцынаў. Толькі праз адзінаццаць гадоў прыйшоў пісьмовы дазвол з Пецярбургу на аднаўленне парафіі і адкрыццё святыні. З ліста апошняга прыёра цыстэрцыянскага кляштара ў Кімбараўцы айца Баркоўскага даведваемся, што ён у 1842 годзе быў пасланы пасля высвячэння вікарыем у дапамогу юравіцкаму пробашчу айцу Мадзевічу і знаходзіўся пры ім да 1847 г. Пасля смерці ксяндза Мадзевіча пробашчамі ў Юравічах былі ксяндзы Лакает і Сімановіч, а апошнім пробашчам да 1864 года быў ксёндз-канонік Гуга Гадзецкі.

У 1831 г. пасля падаўлення паўстання пачаліся новыя ганенні на Каталіцкі Касцёл. Паступова сталі зачыняць святыні, скасоўваць кляштары, забараняць дзейнасць парафій. Многія зачыненыя касцёлы ўлады аддавалі праваслаўным. Ксёндз Гуга Гадзецкі зразумеў, што ў хуткім часе падобны лёс напаткае і яго святыню. Боль сціскаў яму сэрца ад думкі, што давядзецца пакінуць парафіянаў без духоўнай апекі, што касцёл будзе зачынены, а цудадзейны абраз Маці Божай апынецца ў чужых руках. І ён вырашыў зрабіць усё магчымае, каб захаваць ікону для нашчадкаў, каб і надалей яна заставалася каталіцкай святыняю. Цяпер відавочна, што Божы Провід чуваў над ім. Айцец Гадзецкі даведаўся, што Ядвіга Кеневіч, якая ўмела добра маляваць, зрабіла для сябе копію іконы Маці Божай Юравіцкай. Па просьбе пробашча яна аддала яму сваю працу. Гадзецкі пры дапамозе некалькіх парафіянаў замяніў сапраўдную ікону на копію, пераклаўшы на яе ўсе воты, срэбныя пазалочаныя кароны і сукенку, а сапраўдную ікону перадаў на захаванне Габрыэлі Горват, жонцы маршалка Рэчыцкага павету, жанчыне пабожнай і вядомай у акрузе.

Праз некалькі месяцаў пасля замены абраза 26 лістапада 1864 года адбылося тое, што і прадбачыў айцец Гуга: царскім указам была скасавана каталіцкая парафія ў Юравічах, а касцёл перададзены праваслаўным.

Габрыэля Горват старанна захоўвала цудадзейны абраз, але, адчуўшы, што набліжаецца яе апошні дзень, вырашыла перадаць ікону ў больш надзейныя рукі. У маі 1885 года яна паехала ў Кракаў і пакінула абраз айцам езуітам кракаўскага калегіума, узяўшы з іх пісьмовае абяцанне вярнуць ікону ў Юравічы, калі там адродзіцца касцёл. Езуіты спачатку змясцілі цудадзейны абраз Маці Божай Юравіцкай у капліцы калегіума, а пазней – у касцёле святой Барбары.

На змену нецярпімаму царызму, які ў Каталіцкім Касцёле бачыў пагрозу самадзяржаўю, прыйшлі бязбожныя саветы. Храм быў зачынены. Калегіум прыстасавалі пад гаспадарчыя патрэбы. Унікальныя будынкі кляштара былі часткова разбураныя, расцягнутыя па цагліне. Вада і вецер дапамагалі ваяўнічаму атэізму.

У 1993 годзе ўсе ацалелыя будынкі мясцовыя ўлады перадалі Тураўскай праваслаўнай епархіі, і цяпер тут дзейнічае жаночы манастыр.

А ў Кракаве, у касцёле святой Барбары, па сённяшні дзень знаходзіцца цудадзейны абраз Багародзіцы, які завецца абразом Маці Божай Юравіцкай.

Цуды Юравіцкай Багародзіцы

Гісторыя цудадзейнай іконы Маці Божай Юравіцкай дайшла да нас галоўным чынам дзякуючы айцу езуіту Францішку Колерту, які быў суперыёрам кляштара ў Юравічах у 1742—1755 гадах. Ён – аўтар кнігі пра славуты абраз.

Кніга ўбачыла свет у 1755 годзе. Яна пачынаецца словамі: «З крыніцы цудоўных ласкаў Марыі з Юравіцкіх гор узнікла на гонар яснавяльможнага пана Багуслава Аскеркі, кашталяна наваградскага, суддзі памежнага, праз ксяндза Францішка Колерта, калісьці працавітым пяром напісана, а цяпер друкарскім прэсам выціснена года Панскага 1755 у Нясвіжы ў друкарні Яго Княскай Мосці in Collegio Societatis Jesu».

Францішак Колерт у 14 раздзелах сваёй кніжкі гаворыць пра вялікую колькасць ласкаў, атрыманых у Юравічах праз Марыю. У наш час, калі паўсюдна пануе матэрыялізм, калі зашмат скептыкаў, якія проста адмаўляюць само існаванне цудаў, гісторыі Колерта камусьці здадуцца неверагоднымі, але для вернікаў, якія спазналі веліч і ўсёмагутнасць Бога, гэтыя факты будуць яшчэ адным сведчаннем сапраўднай мацярынскай апекі Багародзіцы над сваімі дзецьмі.

Шмат цікавай інфармацыі можна знайсці таксама ў кніжцы М. Чэрмінскага «Гісторыя абраза Маці Божай Юравіцкай, які знаходзіцца цяпер у касцёле св. Барбары ў Кракаве» (Кракаў, 1910). Узгадаем толькі некаторыя цудоўныя здарэнні, апісаныя ў гэтых выданнях.

У 1676 г. Якуб Санкоўскі, які быў у Кіеўскім ваяводстве губернатарам і радцаю горада, адышоў ад Бога, але ў хуткім часе яго спасцігла кара. Куды б ён ні накіроўваўся, стаў бачыць чарцей, якія пераследавалі яго, бачыў і пекла, куды яго хацелі ўцягнуць злыя духі. Стаў адчуваць, што далей не вытрывае, быў знясілены і падаўлены. На шчасце, адзін з яго слугаў параіў яму звярнуцца па дапамогу да Маці Божай Юравіцкай. Санкоўскі маліўся да Марыі, прасіў Яе дапамогі ў навяртанні і пастанавіў здзейсніць пілігрымку ў Юравічы. Як толькі скончыў малітву, адразу адчуў у сабе перамену: быццам адляталі ад яго злыя духі. Верны свайму абяцанню, ён 9 міляў ішоў на каленях да Юравічаў, каб падзякаваць за атрыманыя ласкі. У хуткім часе Якуб уступіў у закон святога Францішка, дзе і працягваў сваё пабожнае жыццё.

Хронікі расказваюць аб цудоўным навяртанні ў Юравічах у 1690 годзе Сцяпана Медыка, беглага лекара, які раней вёў распуснае жыццё. Ад дрэнных людскіх звычак адракліся Ляшчыцкі ў 1712 годзе, Мікалай Шчыгельскі і Хрупавіцкі, а ў 1731 – стараста Міхал Руцкі.

Вядомы цудоўны выпадак адбыўся ў 1680 годзе. У спадара Прыгодскага памёр сын. Бацькоўскаму смутку не было канца. Цела памерлага паклалі ў труну і рыхтаваліся да пахавання. Бацькі крыжам падалі каля труны, са слязьмі просячы Бога і Марыю Юравіцкую дапамагчы іхняму гору. На вялікую іх радасць, сын раптам ажыў. Вотум ад шчаслівай сям’і захоўваўся ў санктуарыі.

У 1684 годзе сын пана Каткоўскага Аляксандр, пасля трох дзён цяжкай хваробы памёр. Яму было ўсяго 15 тыдняў. Родзічы і знаёмыя бачылі мёртвае немаўля і слёзы маці. Каб суцешыць жанчыну, хтосьці прапанаваў памаліцца да Марыі Юравіцкай. Пабожная кабета ўсклікнула ў бок Юравічаў: «Найсвяцейшая Марыя Юравіцкая! Табе сына майго ахвярую. Ведаю, што багата ў Бога можаш, парадуй засмучаную матку, няхай з ласкі Тваёй сын мой жыве». Толькі гэта прамовіла, як дзіця заварушылася і паглядзела на заплаканую маці. Бязмерная радасць агарнула ўсіх прысутных. Бацькі адразу прынеслі дзіцятка да абраза Марыі, дзе пад прысягаю расказалі людзям пра цуд. Калі хлопчык стаў дарослым, ён, удзячны Багародзіцы за сваё жыццё, штогод збіраў пабожную групу людзей і сам прыводзіў іх у юравіцкую святыню.

У 1724 годзе, 23 жніўня, здарыўся пажар у доме Тэафіла Лянкевіча, земскага пісара з Мазыра. Агонь імгненна перакінуўся з кухні да дзіцячага пакою, дзе знаходзіліся два гаспадаровы сыны. Старэйшы змог выбегчы з клубоў дыму і агню, а малодшы задыхнуўся. Усялякія спробы паратунку былі дарэмныя, але заставалася яшчэ вера ў моц Найсвяцейшай Панны. Бацькі запалілі свечкі перад Яе абразом і горача маліліся, просячы ўваскрашэння сына. Цудоўная Марыя прыняла слёзы і просьбы – вярнула жыццё дзіцяці. Удзячныя людзі радасна заспявалі: «Te Deum laudamus».

Вядомы ў свой час выпадак адбыўся ў 1730 годзе. Слуга пані Гротавай, Руткоўскі, пераплываючы на чаўне праз Прыпяць, знянацку зваліўся і знік пад вадою. Людзі, што стаялі на беразе, бачылі гэта і хацелі ратаваць тапельца, але цэлыя тры гадзіны не маглі знайсці яго. Апошняга ратунку пачалі шукаць у Марыі Юравіцкай. Да Яе звярнуліся з малітвамі і адбыўся цуд: з вады паказалася галава, і Руткоўскі сам выйшаў на бераг.

У 1678 годзе Міхал Вольскі, змучаны доўгаю і смяротнаю хваробаю, калі лекары ўжо толькі разводзілі рукамі, калі блізкая была апошняя хвіліна жыцця, звярнуўся да Маці Божай Юравіцкай. Ледзьве прамовіў словы малітвы, як раптам цалкам выздаравеў.

Падобную ласку ў тым жа годзе зведаў харунжы Мазырскага павету пан Круневіч. Невылечна хворы, ён падняўся з ложка, як толькі звярнуўся з малітваю да Багародзіцы. Яго жонка таксама была аздароўленая ласкаю ад Юравіцкай Марыі. Жанчына мела на правай руцэ язву, якая гніла і павялічвалася. Ад болю жанчына не магла варушыць рукою, не ведала супакою ні ўдзень, ні ўночы. Яна паехала ў Юравічы і толькі моцаю вялікай веры ўзняла хворую руку да цудадзейнай іконы. Калі ж апусціла руку, то яна стала здароваю, не засталося нават следу ад былога нарыву.

Цяжка хворая пані Палубінская, маршалковая Вялікага Княства Літоўскага, у 1690 годзе доўга лячылася, але ніякія лекі ўжо не дапамагалі, і тады яна загадала везці яе ў Юравічы, і як толькі апынулася перад касцёлам, выздаравела. Пра гэты цуд яна сама паведаміла пад прысягаю і прыслала ў санктуарый срэбны вотум.

У 1690 годзе былі цудоўна аздароўленыя Аганоўскі і малодшы Свідэрскі, ахвяраваны бацькам Маці Божай Якуб Вільконскі, вайсковец, у тым жа годзе перад іконаю развітаўся з хваробаю і змог працягваць сваю службовую місію. Андрэй Дашкоўскі, які зваліўся з дрэва і быў непрытомны, пасля малітвы да Маці Божай падняўся без ніякіх пашкоджанняў цела.

У Юравічах склалі свае воты многія вернікі: Грахольскі за аздараўленне сваіх сыноў у 1694 годзе, Шукшта з жонкаю ў 1696 годзе ў выглядзе залатога пярсцёнка таксама за вяртанне здароўя; у 1703 годзе – Альшэўскі, Нячуева, Шукальскі, Феліцыян Даўгела, Язэп Вадовіцкі; у 1712 годзе – Валерыян Вольскі, суддзя мазырскі, жонка старасты Гадэмбска. У 1731 годзе прыехалі з дарамі ўдзячнасці за атрыманыя ласкі афіцэр кароннага войска з Палтавы Сабагайдын, Міхал Ражановіч, Язэп Весялоўскі з-пад Сандаміра, Хмялёўскі з-пад Кіева, Тлумашэўскі з Аршанскага павету.

У 1736 годзе Феліцыяна Панятоўская была вылечаная ад эпілепсіі, калі даверылася Юравіцкай Багародзіцы. У тым жа годзе дачка Петранэлі Вальбекавай праглынула шпільку. Калі яе не змаглі дастаць ніякім спосабам, людзі параілі напалоханай маці звярнуцца да цудадзейнага абраза Марыі Юравіцкай. Калі яна зрабіла гэта, шпілька адразу выпала пры кашлі на радасць бацькам.

Айцец Марцін Тыраўскі ўласнаручна апісаў наступны цудоўны выпадак. Цясляр, які дапамагаў яму пры пабудове капліцы Маці Божай, у 1674 годзе страціў зрок. Ён папрасіў айца Тыраўскага, каб той памаліўся за яго да Марыі, таму што хоча яшчэ раз убачыць цудадзейны абраз Багародзіцы. Калі святар малітоўна звярнуўся да Найсвяцейшай Панны, да цесляра імгненна вярнуўся зрок і вочы яго сталі цалкам здаровыя.

Не менш цудоўная гісторыя здарылася ў 1680 годзе з пяцігадовым сынам спадара Гразнага, які, гуляючы з нажом, упаў на яго і ўбіў сабе лязо ў вока. На крык хлопца прыбег яго старэйшы брат і, вырываючы нож, яшчэ больш скалечыў малога. З вокам, залітым крывёю, хлопца завезлі ў Юравічы, а калі яго паклалі перад алтаром, рана раптам загаілася, не пакінуўшы нават і следу. Хлапчук вярнуўся дадому з дасканалым зрокам і шчаслівымі бацькамі, выслаўляючымі Бога і Марыю.

Пані Салтанава з Рэчыцкага павету ў 1738 годзе зімою ехала з малым дзіцем у санях у Юравічы. Калі пераязджала Днепр, лёд не вытрымаў, і ўсе праваліліся ў ваду. Жанчына ўсклікнула: «Найсвяцейшая Марыя Юравіцкая, ратуй!» Вера перамагла. Выратавалася не толькі маці, але і дзіця.

Ворагі святога Каталіцкага Касцёла ў 1705 годзе ноччу падпалілі будынкі рэзідэнцыі ў Юравічах, спадзеючыся, што сярод цемры ніхто не ўцячэ жывым з кляштара, і кляштар, касцёл ды цудадзейную ікону Багародзіцы праглыне бязлітасны агонь. Святары, заўважыўшы, што агонь ахоплівае будынкі, пачалі маліцца і ўсклікаць: «Найсвяцейшая Марыя! Твой дом і слугі Твае гараць, ратуй іх!» Марыя выслухала іх просьбы – агонь цудам патух.

Немагчыма расказаць ці нават проста пералічыць усе ласкі і цуды, якія адбыліся ў Юравічах. Памерлыя ажывалі, хворыя атрымлівалі здароўе, сляпыя – зрок, глухія – слых, бяздзетныя бацькі былі ўзнагароджаны дзецьмі, людзі былі выратаваны ад агню, вады і ўсялякай бяды. Але галоўнае, што праз Марыю многія знайшлі Хрыста, нашага Збаўцу.

Маці Божая Юравіцкая працягвае клапаціцца пра сваіх палескіх дзяцей і ў нашыя дні. Трэба толькі ўбачыць у Ёй сапраўдную Маці, якая выслухае, супакоіць і не зможа адмовіць у просьбе свайму дзіцяці, заўсёды яму дапаможа.

Ці адбываюцца цуды ў нашыя дні? Безумоўна! Так сцвярджаюць палескія каталікі, якія лічаць Юравіцкую Багародзіцу Апякункаю Мазырскага Палесся. Адраджэнне рэлігійнага жыцця ў рэгіёне, дзе да 1990 года не дзейнічаў ніводны касцёл, не служыў ніводны святар – сапраўдны цуд. Копія цудадзейнай іконы пастаўлена ў галоўным алтары мазырскага касцёла св. Міхала Арханёла. Такая ж копія размесціцца ў новым касцёле ў Хойніках. Хоць арыгінал абраза знаходзіцца пакуль у Кракаве, Юравіцкая Божая Маці вярнулася на Палессе, каб зноў адорваць ласкамі тых, хто да Яе звяртаецца.

Маці Божая Юравіцкая, маліся за нас!
Руслан Гародка

Упершыню надрукавана ў часопісе “Наша вера” №2(24)/2003