«Я задаволены, бо ўвесь папярэдні працэс распазнавання паказаў, што заснаванне Цэнтральна-Еўрапейскай правінцыі – не толькі арганізацыйная справа. Хутчэй, гэта актыўны адказ на змены і выклікі нашага часу”.

Такім меркаваннем Айцец Генерал Артура Соса падзяліўся ў відэа-звароце да сабратоў, а таксама да партнёраў і сяброў езуітаў у гэтым вялікім рэгіёне. 27 красавіка адбылося нараджэнне новай правінцыі езуітаў (ECE – яе лацінская абрэвіятура). Яна аб’ядноўвае чатыры ранейшыя правінцыі, якія моцна адрозніваюцца адна ад адной: Германію, Аўстрыю, Літву-Латвію і Швейцарыю. У чарговы раз стварэнне новай адміністрацыйнай адзінкі сталася, перш за ўсё, плёнам удумлівага распазнавання. Працэс доўжыўся больш за чатыры гады, на працягу якіх, зразумела, выявіліся разыходжанні ў поглядах, але таксама адкрыліся новыя і захапляльныя магчымасці.

Для айца Сосы езуіты і свецкія змаглі вынайсці структуры, якія забяспечваюць дастатковую гнуткасць у місіі. Яе трэба пастаянна правяраць шляхам рэагавання на “знакі часу”. Генеральны настаяцель падкрэсліў, што новая правінцыя жыве ў такім вымярэнні, якое характарызавала пачатак Таварыства Езуса ў часы Ігнацыя. Сапраўды, “першымі таварышамі” была група мужчын з розных краін, якія размаўлялі на розных мовах. Таварыства ад самага заснавання было міжкультурным.

Аб’яднанне людзей розных культур можа адказаць на патрэбы Еўропы, а таксама света і Касцёла, спрыяе пошуку шляхоў прымірэння ў канфліктах, шляхоў адзінства без аднастайнасці ў абставінах, калі адрозненні могуць стаць багаццем, і дзе агульнае дабро пераважае над індывідуалізмам або сектанцтвам.

“Вельмі важна ўлічваць розныя культуры правінцый паходжання, мець магчымасць працаваць у місіі ў правільным кантэксце і адпаведным чынам сустракацца з мясцовымі людзьмі”, – дадае Генеральны настаяцель і заахвочвае пастаянна слухаць адзін аднаго і шукаць у місіі той сінергіі, якую дае прабыванне разам.

У прыватнасці, стварэнне новай правінцыі ЕСЕ мела на мэце адказаць на пытанне: дзе і як езуіты і іх супрацоўнікі могуць прысутнічаць, быць актуальнымі і эфектыўнымі сёння? У якасці асноўных накірункаў былі вызначаны духоўнасць, адукацыя і “сацыяльна-экалагічныя пытанні”, што прывяло да арганізацыі структур кіравання з увагі абшараў апостальства, а не на рэгіянальных і нацыянальных узроўнях. На карце новай правінцыі не бачна палітычных межаў краін, але пазначаны ўсе гарады, дзе прысутнічаюць езуіты. Інакш кажучы, злучаюцца не чатыры правінцыі, а 36 супольнасцяў. Каб узмацніць пачуццё адзінства, на ўсіх мовах правінцыі: англійскай, французскай, нямецкай, лацінскай, латышскай, літоўскай і шведскай – выдадзена брашура для супольнай малітвы і малітвы перад пасілкам. Будзем спадзявацца, што элементы ігнацыянскай духоўнасці, якія былі на арганізацыйных сустрэчах: цішыня, распазнаванне, духоўныя размовы, салідарнасць у працэсе супольнаснага прыняцця рашэнняў– будуць і надалей адзначаць дух і “спосаб дзеяння” новай правінцыі.

Крыніца: jesuits.global