Ігнацыянскі юбілейны год, які езуіты ва ўсім свеце будуць адзначаць з 20 мая 2021 года да 31 ліпеня 2022 года, пройдзе пад дэвізам «Убачыць усё па-новаму ў Хрысце».

Юбілей прысвечаны дзвюм знакавым падзеям для езуітаў і ўсіх, каму блізкая ігнацыянская духоўнасць, а менавіта 500-годдзю навяртання святога Ігнацыя, якое ён перажыў 20 мая 1521 года, а таксама 400-годдзю яго кананізацыі, што адбылася 12 сакавіка 1622 года.

16 мая, ва ўспамін святога езуіта Андрэя Баболі, які прыняў мучаніцкую смерць у Янаве Палескім, што на Піншчыне, распачнецца перэгрынацыя рэліквій святога Ігнацыя Лаёлы ў Польшчы і Даніі.

Плануецца, што рэліквіі заснавальніка езуітаў на працягу юбілейнага года будуць прывезены таксама ў Беларусь, Расію і Кыргызстан.

У сувязі з юбілеем, з 20 мая ў езуіцкіх святынях можна будзе атрымаць адпуст.

Урачыстая інаўгурацыя Ігнацыянскага юбілейнага года адбудзецца ў Памплоне — горадзе ў Іспаніі, у бітве пры якім 20 мая 1521 года Ігнацый Лаёла быў паранены. Менавіта гэтае раненне стала ключавым момантам для яго навяртання.

Цэлебрацыю інаўгурацыйнай святой Імшы ў Памплоне ўзначаліць Генеральны настаяцель Таварыства Езуса айцец Артуро Соса SI. Прамая трансляцыя з Памплоны распачнецца 20 мая ў 19.00 па мінскім часе.

У сваім пасланні на пачатак юбілею генерал езуітаў, між іншым, напісаў:

«Ігнацыянскі год 2021–2022 становіцца для нас вялікай магчымасцю, якой мы павінны скарыстацца ў поўнай меры, не прапусціць яе. Гэта — скіраваны нам выклік, каб мы дазволілі Пану здзейсніць у нас навяртанне.

Папросім у Пана Бога ласкі перажыць аднаўленне. Мы жадаем адкрыць новы ўнутраны і апостальскі энтузіязм, новае жыццё, новыя шляхі, каб ісці за Панам. Таму дэвізам гэтага года мы выбралі словы „У Хрысце ўбачыць усё па-новаму“», — падкрэсліў айцец Артуро Соса SI.

Крыніцы: catholic.by, kai.pl, jesuits.global