Гамілія на Х звычайную нядзелю, Год B

Чытанне святога Евангелля паводле Марка

Езус з вучнямі прыйшоў у дом. І зноў сабраўся натоўп, так што яны не маглі нават хлеба паесці. Пачуўшы гэта, Яго родныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён страціў розум. А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузалема, казалі, што Ён мае ў сабе Бэльзэбула і выганяе дэманаў праз князя дэманаў.

А Езус, паклікаўшы іх, казаў ім у прыпавесцях: Як можа сатана выганяць сатану?

Калі валадарства раздзеліцца само ў сабе, не можа выстаяць такое валадарства. І калі дом раздзеліцца сам у сабе, не можа выстаяць такі дом. І калі сатана паўстаў супраць самога сябе і раздзяліўся, не можа выстаяць, але канец яму. Ніхто не можа ўвайсці ў дом асілка і выкрасці ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка, і толькі тады абрабуе дом ягоны. Сапраўды, кажу вам: дараваныя будуць сынам чалавечым усе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі. Але хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, не атрымае даравання ніколі, але падлягае вечнаму асуджэнню.

Так сказаў, бо гаварылі пра Яго: Ён мае нячыстага духа.

І прыйшлі Маці Яго і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі паклікаць Яго. Сядзеў каля Яго натоўп і казаў Яму: Вось Маці Твая і браты Твае, і сёстры Твае на вуліцы шукаюць Цябе.

І сказаў ім у адказ: Хто маці Мая і браты Мае? І паглядзеўшы на тых, хто сядзеў вакол Яго, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае. Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра, і маці.

Мк 3, 20–35

Да чаго вядзе хлусня

Сённяшняе першае чытанне апісвае наступствы першага граху: людзі паверылі ў хлусню спакушальніка, але абяцанне «быць як Бог» насамрэч аказалася вялікім падманам, які прывёў да адчужэння ад Крыніцы жыцця і дабра, а таксама да падзелу і ўзаемных абвінавачванняў паміж мужчынам і жанчынай.

Прыняцце ілжы — не нейкая банальная рэч, якая нібыта нічога не змяняе ў жыцці, але, як відавочна з біблійнага аповеду, радыкальна змяняе стан чалавека і ўсе яго ўзаемадносіны.

Пасля прыняцця прапановы змея пакаштаваць плод з дрэва пазнання дабра і зла Адам і Ева «каштуюць» пачуцці, якія дагэтуль не былі ім вядомыя: сорам і страх. «Спалохаўся, бо голы я, і схаваўся», — адказвае Адам на Божы заклік.

Разам з узаемным адчужэннем, гэты стан уваходзіць у чалавечы досвед і будзе адгэтуль прычынай канфліктаў, насілля і чарговых падманаў. Але ад самага пачатку гісторыя граху і непаслухмянасці становіцца гісторыяй надзеі і збаўлення: Бог устанаўлівае варожасць паміж чалавечым родам і змеем-спакушальнікам, «ілгуном і бацькам хлусні», як называе яго Езус (Ян 8, 44), абяцаючы, што патомства Евы «струшчыць галаву» таго, хто ўводзіць падзелы (успомнім, што значэнне грэчаскага слова διάβολος, або «д’ябал» — менавіта «той, хто раздзяляе»). Хрысціянская вера з самага пачатку ўбачыла ў гэтым абяцанні месіянскае прароцтва: прадказанне прыйсця таго, хто збавіць свет ад улады хлусні і яе ініцыятара.

У Евангеллі Езус таксама сустракаецца з хлуснёй — з ілжывым тлумачэннем Ягоных дзеянняў з боку ерузалемскіх кніжнікаў. Абвінавачванне датычыцца акурат таго, што паводле прароцтваў з’яўлялася адным з праяваў улады Месіі: улады над злымі духамі, якія знявольваюць чалавека. Аргумент кніжнікаў насамрэч гучыць абсурдна — і менавіта такім чынам паказвае трагедыю чалавека, аслепленага зайздрасцю і страхам згубіць уладу, які гатовы звярнуцца да любой ілжы, каб толькі не прызнаць сваёй неправаты.

На жаль, гэтая біблійная рэчаіснасць вельмі дакладна апісвае тое, што адбываецца навокал нас сёння: самая нахабная хлусня выкарыстоўваецца як абарона не проста абсурдных, але і згубных для ўсяго грамадства перекананняў і дзеянняў.

Супрацьстаяць ілжы сілай праўды

Езус, які ў іншых выпадках праяўляе міласэрнасць і спачувае слабасці грэшнага чалавека, гэтым разам выказваецца вельмі жорстка супраць такога падыходу сваіх апанентаў. Ён папярэджвае іх, што такі грэх не можа быць прабачаны, бо па сваёй сутнасці адмаўляе прыняцце Божай ласкі — дзеянне Духа Святога.

Адна рэч — зграшыць, паддаўшыся спакусе, але прызнаць памылку раней ці пазней і пакаяцца. Другая рэч — быць закрытым для праўды і ўпарта супраціўляцца ўладзе Божага Духа, які нясе чалавеку сапраўднае дабро і свабоду, ігнаруючы згубныя наступствы такога сваволля. Езус-Месія прыйшоў у гэты свет і атрымаў намашчэнне Духа Святога, каб знішчыць справу бацькі хлусні і прывесці людзей да паўнаты праўды. «Цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон», — кажа Езус напярэдадні сваёй смерці (Ян 12, 31).

Але чаму навокал усцяж так шмат ілжы, якую выкарыстоўваюць для апраўдання насілля і несправядлівасці?

Калі Езус сапраўды «перамог свет» (Ян 16, 33), чаму зло, здаецца, далей так часта трыумфуе ў гэтым свеце?

Гэта няпростыя пытанні, якія ўзнікаюць сярод нашай сённяшняй рэчаіснасці і якія могуць пазбаўляць надзеі і правакаваць пачуццё бязвыхаднасці. Але і для нас сёння гучыць заахвочванне святога Паўла да карынцянаў «не губляць адвагі» і верыць, што Езус — сапраўды той, хто прыйшоў «звязаць асілка» — д’ябла і забраць тое, што ён нарабаваў. Тую перамогу, якую наш Пан раз і назаўсёды атрымаў праз свой крыж і ўваскрасенне, Ён жадае здзейсніць сёння ў нас і праз нас у гэтым свеце: не моцай насілля, а моцай веры ў Яго. Езус заклікае нас супрацьстаяць хлусні і злу, якія прысутнічаюць у нашай рэчаіснасці, і ў першую чаргу дазволіць Яму перамагчы ўсялякую няпраўду, страх, сорам і грэх у нашым сэрцы.

У сваім апошнім казанні перад мучаніцкай смерцю благаслаўлёны ксёндз Ежы Папялушка казаў: «Молімся за тое, каб быць свабоднымі ад страху і запалохвання, але перадусім ад жадання помсты і насілля». Для таго, каб быць сведкамі і агентамі перамогі Езуса, нам трэба дазволіць, каб Яго любоў перамагла цемру ў нашых сэрцах; каб нашыя сэрцы сталі падобнымі да Сэрца Езуса.

Але адмова ад насілля не азначае бяссілля і бязраднасці. Наша сіла — у любові, якая робіцца салідарнай з ахвярамі зла і гвалту.

У гэтым Божая воля для нас, Ягоных дзяцей: зрабіць нас пераможцамі разам з Божым Сынам праз дзейсную, салідарную любоў, якая праганяе страх (пар. 1 Ян 4, 18).

Быць роднымі Езуса — мець сэрца, да Яго падобнае

Евангеліст Марк апавядае пра канфлікт Пана з ерузалемскімі кніжнікамі ў спалучэнні з іншым непаразуменнем: родныя Езуса, бачачы Ягоны шалёны рытм жыцця, лічаць, што Ён «страціў розум». Гэтая сітуацыя становіцца нагодай для Пана даць новае разуменне сямейных адносінаў: «Хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра, і маці».

Гаворка, канешне, не пра тое, каб нейкім чынам прынізіць вартасць і прыгажосць аўтэнтычнай повязі любові і ўзаемнай падтрымкі, якую павінна ўцелаўляць сям’я, але паказаць, што гэтая повязь магчымая ў паўнаце тады, калі кожны член сям’і ў першую чаргу дбае пра сувязь з Богам і вернасць Яму. Гэтыя словы Пана гучаць сёння для нас як адкрытае запрашэнне стаць роднымі Езуса, увайсці ў Ягоную сям’ю — не метафарычна кажучы, а вельмі рэальна.

Распазнаваць і выконваць волю Божую, каб быць часткай сям’і Пана: вось наша штодзённае заданне. Інакш яго можна акрэсліць як імкненне, каб наша сэрца станавілася падобным да Сэрца Езуса.

Марыя, Найсвяцейшая Маці, якую Хрыстус сёння параўноўвае з тымі, хто ідзе за Божым жаданнем у сваім жыцці, — найлепшы прыклад і дапамога для нас. Божы Сын пакінуў нам сваю Маці як нашу Маці з дрэва крыжа, пад якім Яна стаяла да канца, церпячы невымоўна, але без роспачы, не губляючы веры. Няхай сёння Яна дапаможа нам не губляць веры і надзеі, калі нам даводзіцца бачыць цярпенні братоў і сясцёр — нашых і Хрыстовых. Няхай нашыя сэрцы будуць параненыя любоўю, як Яе Беззаганнае Сэрца.

Віктар Жук SJ