Гамілія на XI звычайную нядзелю, год В

Чытанне святога Евангелля паводле Марка

Езус сказаў народу: Валадарства Божае, нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю. І спіць, і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, ён не ведае. Бо зямля прыносіць плён сама па сабе: спачатку зеляніну, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. Калі ж саспее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво.

І казаў: З чым параўнаем Валадарства Божае? Ці ў якой прыпавесці выявім яго? Яно — як гарчычнае зерне: калі яго сеюць ў зямлю, яно найменшае з усяго насення на зямлі. Калі ж пасеяна, узыходзіць і становіцца большым за ўсялякую зеляніну, і пускае вялікае галлё, так што пад ценем ягоным могуць хавацца птушкі нябесныя.

У многіх такіх прыпавесцях прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі слухаць. І без прыпавесці не казаў ім, а сваім вучням сам-насам тлумачыў усё.

Мк 4, 26–34

Валадарства Божае — таямніца Божай жыццядайнай моцы

Першая з дзвюх прыпавесцяў у сённяшнім Евангеллі — асаблівая, бо з усіх евангелістаў яе ўзгадвае толькі Марк. Здаецца, яна вельмі падобная да іншых прыпавесцяў: напрыклад, пра сейбіта і розныя віды глебы, і таму паўтарае тое, што ўжо там сказана.

Можам уявіць сабе, што Пан Езус у сваім прапаведаванні казаў нашмат больш за тое, што маглі нам перадаць аўтары Евангелляў, але яны імкнуліся запісаць самае важнае з таго, што пачулі самі або ад навочных сведкаў. Такім чынам, Марк палічыў, што гэтая даволі простая алегорыя зярнятка змяшчае ў сабе важнае пасланне пра сутнасць Божага Валадарства.

Нам варта таксама ўсведамляць, чаму Пан Езус так вельмі любіць выкарыстоўваць у сваіх настаўленнях жанр прыпавесці: алегарычныя вобразы прымушаюць нас не проста чакаць гатовых рацыянальных адказаў, а самім уключыцца ў працэс інтэрпрэтацыі, засвоіць паставу засяроджанага і маўклівага сузірання, шукаць сэнс таго, што адкрывае нешта істотнае пра кірунак нашага жыцця і такім чынам перамяняе нас.

Таямніца Божага Валадарства недаступная нашаму звычайнаму ўспрыманню, бо закранае тайну самога Бога, а думаць, што мы зразумелі Божую сутнасць — і недарэчна, і вельмі небяспечна. Аднак Пан, Стварыцель усяго, жадае адкрыць сябе і сваю задуму нам, сваім дзецям, калі мы з пакорай і чыстым сэрцам шукаем Яго. Бог, наш Айцец, прамаўляе да нас праз створаны сусвет, прасякнуы Яго веліччу і дабрынёй.

Праз вобраз зерня Езус паказвае нам, што за працэсам кожнага росту хаваецца Божая сіла, Божае жаданне благаслаўляць стварэнне ў яго разнароднасці і багацці, паводле наказу «пладзіцца і размнажацца», які на самай першай старонцы Бібліі Пан дае жывым істотам.

Але для чалавека як духоўнай істоты, акрамя фізічнага росту, ёсць і сфера духоўнага развіцця: тая сфера, у якой праяўляецца наша падабенства да Бога, паводле вобразу якога мы створаныя. Гэта рэчаіснасць Божага Валадарства.

Божае Валадарства, якое ўцелаўляецца

Ці Божае Валадарства — гэта выключна нейкая духоўная, ніяк не адчувальная фізічна рэчаіснасць? Канечне, не: для нас, вернікаў Хрыста — уцелаўлёнага Бога — усё, што Божае, закранае і матэрыяльнае вымярэнне нашага існавання — закранае нас асабіста і як супольнасць. «Валадарства Маё не з гэтага свету», кажа Езус Пілату (Ян 18, 36), але пры тым не мае на ўвазе, што Божае Валадарства не датычыцца ніякім чынам зямных справаў, а што яно не кіруецца логікай гэтага свету.

У зямных валадарствах, на жаль, пануе жаданне выкарыстаць уладу для ўласных эгаістычных мэтаў і дамінаваць над іншымі, як канстатуе і сам Езус (пар. Мц 20, 25). І менавіта такі стыль адносінаў Хрыстус прыйшоў перамяніць і нагадаць пра тое, хто з’яўляецца сапраўдным Валадаром усяго сусвету і гісторыі. Але так, як у часы Ягонага зямнога жыцця, так і сёння пасланне пра Божае Валадарства для многіх гучыць непрывабна, бо не адпавядае іхнім жаданням, і непераканаўча: ці ж сапраўды можна знайсці на гэтай зямлі месца, дзе пануе «велічнае і паўсюднае Валадарства — валадарства праўды і жыцця, валадарства святасці і ласкі, валадарства справядлівасці, любові і супакою», пра якое кажа Касцёл у Прэфацыі пра Хрыста Валадара?

Таму невыпадкова ў сваіх прыпавесцях — у тым ліку і ў тых, што літургія нам прапануе сёння — Пан Езус часта падкрэслівае час чакання, час маўклівага ўзрастання, калі здаецца што, нічога не адбываецца.

«Не прыйдзе Валадарства Божае заўважальна», — сцвярджае наш Пан у іншым месцы (Лк 6, 20). Але ў той момант, пра які ведае толькі Бог, наступіць час жніва, калі «ўсе мы павінны з’явіцца перад тронам Хрыста, каб кожны атрымаў згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе: добрае ці благое», як чуем ад апостала Паўла ў другім чытанні.

Валадарства Божае — гэта дынамічная рэчаіснасць, якая прадугледжвае розныя этапы і індывідуальнага існавання, і гісторыі супольнасцяў, і гісторыі ўсёй чалавечай сям’і, суд над якімі ў канчатковай перспектыве належыць Богу.

Сеяць з надзеяй

Прапануючы сваім вучням прыпавесць пра розныя этапы існавання зерня, якое павінна спачатку прарасці, потым развіцца ў сцябло, даць колас і нарадзіць новыя зярняты, Езус не толькі запрашае слухачоў да цярплівага чакання духоўных пладоў, але і дзеліцца надзеяй і суцяшэннем, што супрацоўніцтва з Божай ласкай дакладна прынясе багаты плён. Так, як сейбіт з прыпавесці, мы можам назіраць за ростам, прызнаючы, што не ў нашай моцы «падагнаць» працэс, і адначасова ўсведамляць, што мы пакліканыя ўзаемадзейнічаць з той сілай, якая дазваляе зерню выспяваць.

Часам спакуса адмовіцца ад удзелу ў будаванні Божага Валадарства ў нашым асабістым жыцці і ў супольнай з іншымі рэчаіснасці становіцца надта моцнай, бо перспектыва плёну здаецца вельмі далёкай або і няпэўнай.

Часам можам адчуваць сябе як тыя, хто «ідзе і плача, несучы насенне, каб сеяць» (Пс 126 (125), 6), але «хто ў слязах сеяў, жаць будзе з радасцю», сцвярджае з надзеяй псальміст. Тое, што трымаем у руках, паводле логікі гэтага свету можа быць малым, як гарчычнае зерне, але моцай Божай і паводле Ягонай святой волі яно вырасце ў вялікую справу.

Калі Езус прапаведваў Нябеснае Валадарства, Ён казаў пра Божае дзеянне ў Ім самім — праз Ягоныя дзеянні і словы. У вачах гэтага свету — як тады, так і цяпер — справа Езуса з Назарэта здаецца чымсьці слабым, неістотным: Ён не меў тых дасягненняў, якімі любяць хваліцца людзі, і не абяцаў таго ж сваім паслядоўнікам, а Ягонае жыццё трагічна абарвалася ў маладым узросце…

Але тое зерне, якое Ён прынёс на зямлю, стала Дрэвам Жыцця — крыніцай надзеі на вечнасць з Богам; вечнасць, якая праз веру пачынаецца для нас ужо сёння.

Няхай вера ў тое, што Ён нябачна, але рэальна дзейнічае ў нас і вакол нас, будуючы Нябеснае Валадарства, узмоцніць нашу надзею, каб, насуперак расчараванням, з любоўю сеяць зярняты праўды, справядлівасці, дабрыні, прабачэння, супакою. Амэн.

Віктар Жук SJ