Гамілія на IV Звычайную нядзелю, Год С

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

Езус пачаў гаварыць у сінагозе: Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі. І ўсе сведчылі Яму і здзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных, і казалі: Ці не сын Юзафа гэта?

І Ён сказаў ім: Напэўна, скажаце мне такую прыказку: Лекар, вылечы самога сябе; зрабі і тут, у тваёй бацькаўшчыне тое, што, як мы чулі, сталася ў Кафарнауме. І сказаў: Сапраўды кажу вам: ніводзін прарок не з’яўляецца пажаданым на сваёй бацькаўшчыне. Па праўдзе кажу вам: шмат ўдоваў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі зачыненым было неба тры гады і шэсць месяцаў, так што быў вялікі голад па ўсёй зямлі. І да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, а толькі да жанчыны, удавы, у Сарэпту Сідонскую. Шмат таксама было пракажоных у Ізраэлі ў часы прарока Елісея, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, апрача Наамана Сірыйца.

Пачуўшы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся гневам і, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго.

Але Ён, прайшоўшы паміж іх, адышоў.

Лк 4, 21–30

Божыя думкі і думкі чалавечыя

У мінулую нядзелю мы чулі пачатак аповеду пра пропаведзь Езуса ў сінагозе ў родным горадзе. Евангельскі ўрывак спыніўся на ўзнёслым моманце абвяшчэння, што споўніліся месіянскія прадказанні прарока Ісаі: праз свайго Выбранага Бог пачынае здзяйсняць штосьці зусім новае. Сёння ж даведваемся, чым усё скончылася ў той суботні дзень: словы Хрыста не знаходзяць водгуку ў жыхароў Назарэта, Яму не вераць і нават хочуць расправіцца з Ім у адказ на тое, што ўспрымаюць як «правакацыю» з боку аднавяскоўца.

Такім чынам, з самага пачатку сваёй публічнай дзейнасці Езус сустракае супраціў, і падобныя сітуацыі будуць паўтарацца зноў і зноў на працягу евангельскага аповеду — ажно да моманту ілжывых абвінавачванняў перад псеўда-судом, несправядлівага прысуду і ганебнай крыжовай смерці.

У жыцці Божага Сына здзяйсняецца тое, што напаткала амаль кожнага прарока ў гісторыі Ізраэля: народ адкідае пасланне, скіраванае да яго Панам, і жорстка абыходзіцца з Ягонымі слугамі. У сённяшнім першым чытанні Пан папярэджвае Ерамію, што яго чакае няпростае заданне: прарок будзе супрацьстаяць правадырам, святарам і ўсяму народу, абвяшчаючы тое, што ім будзе зусім непрыемна чуць.

Услухоўваючыся ў тэксты сённяшняй Літургіі Слова, канечне, недастаткова нам абурацца на ўпартых і непаслухмяных ізраэльцянаў ці нават са смуткам разважаць пра тое, як іншыя не прымаюць Божае пасланне ў сваім жыцці. Нам варта шчыра спытацца ў саміх сябе, ці ў нас няма падобных рэакцый на словы, якія Пан няспынна скіроўвае да сваіх вернікаў. «Мае думкі — не вашыя думкі, і вашыя дарогі — не Мае дарогі», — кажа Бог праз прарока Ісаю (Іс 55, 8).

Слова Божае і мудрасць, схаваная ў ім, непазбежна будуць выклікаць незразуменне і супраціў чалавека, бо яны не адпавядаюць нашым чаканням і ўяўленню.

Але нам дадзена здольнасць пераўзыходзіць абмежаванні нашага чалавечага — надта чалавечага — успрымання, калі праз паслухмянасць адкрываемся на Божае жаданне для нас, і тады нашае жыццё набывае новую якасць.

Бог, які не пакідае ў спакоі

Калі ўважліва ўчытацца ў сённяшнюю частку евангельскага аповеду, можна сапраўды пачуць пэўную «правакацыю» з боку Езуса ў кірунку жыхароў Назарэта. У паводзінах маладога прапаведніка, здаецца, не хапае пакоры і разважлівасці. Ці не лепш было «пакінуць у спакоі» жыхароў вёскі, «не лезці на ражон», бачачы, што «да іх усё роўна не дойдзе»?

Калі да таго ж прачытаем паралельна гімн любові апостала Паўла ў другім чытанні, на першы погляд заўважым кантраст паміж паводзінамі Хрыста і тым, што абвяшчаецца пра хрысціянскую любоў. Тым не менш, варта пастарацца ўбачыць у словах Езуса — і адносна прысутных у сінагозе, і адносна нас, калі чуем штосьці, што нас непрыемна закранае і турбуе ў Ягоным Евангеллі — менавіта праяву Божай любові.

Любоў «радуецца разам з праўдай», кажа святы Павел, таму Езус, Уцелаўлёная Любоў, не пакідае чалавека «ў спакоі» ў нашай «зручнай» ілжы. Слова Божае ставіць пад пытанне нашыя стэрэатыпы наконт таго, што ёсць любоў сапраўдная — гэта значыць тая, якая бярэ прыклад з самога Бога.

Паводле сведчання Святога Пісання, у сваім дзеянні на карысць чалавека, якое заўсёды матываванае любоўю — Бог ёсць любоў і не можа мець іншай матывацыі, акрамя любові — Пан спалучае пяшчоту і цвёрдасць, лагоднасць і настойлівасць.

Мы запрошаны наследаваць гэты боскі стыль, вучыцца ад нашага Настаўніка спалучаць у нашых адносінах з іншымі гэтыя якасці, якія здаюцца несумяшчальнымі, аднак любоў спалучае іх у сабе. Гэта, напэўна, няпроста, бо, напрыклад, цвёрда і рашуча — але з павагай і любоўю — заявіць сваю пазіцыю перад праявай зла ў жыцці блізкай асобы больш складана, чым зрабіць выгляд, што «і так пойдзе» альбо, наадварот, злоўжываць сваёй пазіцыяй ці пераходзіць на крык.

Аднак наш Айцец шчодра ўдзяляе Духа Святога тым, хто просіць аб гэтым дары. І ў першую чаргу нам неабходна ўсвядоміць, што менавіта такім чынам — з пяшчотай, лагоднасцю, далікатнасцю, і адначасова з настойлівасцю і цвёрдасцю — Пан дзейнічае адносна нас, падштурхоўваючы ісці шляхам вечнага жыцця. У гэтай перспектыве канфлікты і крызісы ператвараюцца ў магчымасці паглыблення адносінаў — і з Богам, і з бліжнім, а не «ставяць крыж» на іх.

Не быць закладнікамі прадузятасцяў

Праблема жыхароў Назарэта — дарэчы, вельмі часта таксама і нашая — заключаецца ў прадузятасці да Езуса, якога яны, як ім здавалася, надта добра ведалі. Такое ўспрыманне іншай асобы не дазваляе адкрыцца на штосьці новае, заганяе нашыя адносіны ў шаблоны, дзе ўсё рухаецца паводле раз і назаўсёды вызначанай каляіны. Найчасцей гэта датычыцца найбольш блізкіх нам асобаў, бо менавіта іх мы знаем вельмі добра — а перадусім, на жаль, усе іхнія недахопы і слабасці, якія нас раздражняюць.

Усведамляючы гэты непазбежны факт, нам варта таксама памятаць, што мы не мусім быць закладнікамі такой сітуацыі.

Мы можам актыўна супрацьдзейнічаць сваёй схільнасці — і ў першую чаргу верыць, што менавіта ў сваёй крохкасці іншая асоба мае патрэбу быць прынятай з любоўю: дакладна так робіць з намі Бог.

Адносна ж самога Бога таксама варта назваць тое, што нам перашкаджае ўспрымаць Яго такім, якім Ён хоча сябе аб’явіць. Вельмі часта, мне здаецца, гэта вобраз Бога, які нібыта навязвае чалавеку свае патрабаванні, не дазваляючы «жыць спакойна».

Сапраўды, як мы бачым у жэсце Езуса ў назарэцкай сінагозе, Пан не «пакідае нас у спакоі», бо Ён ведае наш сапраўдны патэнцыял, ведае лепш за нас нашу мэту і шлях да яе — і кліча нас няспынна да супрацоўніцтва ў гэтым свеце, які мае велізарную патрэбу ў любові.

Часам наша прадузятасць і фальшывыя чаканні павінны быць разбураны жорсткім напамінам і цвёрдымі словамі, падобнымі да тых, што пачулі ад Уваскрослага Пана вучні па дарозе ў Эмаус: «О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі!..» (Лк 24, 25).

Пан не згаджаецца на тое, каб пакінуць нас у абмежаванасці нашага ўяўлення пра сэнс жыцця, таму няспынна нагадвае нам пра сапраўдны гарызонт нашага існавання — уваскрашэнне і вечнасць.

Няхай сёння, слухаючы Яго голас, мы не будзем рабіць жорсткімі нашыя сэрцы (пар. Пс 95 (94), 8), але пойдзем за заклікам любові. Амэн.

Віктар Жук SJ