Ігнацый Лаёла заснаваў Таварыства Езуса (Compañía de Jesús) разам з шасцю іншымі сябрамі: Францішкам Ксаверыем, Пятром Фабэрам, Алонса Сальмеронам, Дыега Лаінесам, Нікаласам Бабадзілай і Сімонам Радрыгесам. Яны прынеслі першыя абяцанні падчас св. Імшы на Манмартры ў Парыжы ў 1534 г. У 1537 г. накіраваліся ў Італію, каб атрымаць дазвол Папы Паўла III на заснаванне ордэна. Пазней у тым жа годзе Ігнацый і яго таварышы атрымалі святарскае пасвячэнне ў Венецыі. 27 верасня 1540 г. у Палацы Сан-Марка ў Рыме Папа Павел III падпісаў булу “Regimini militantis ecclesiae”, якая афіцыйна заснавала Таварыства Езуса як манаскі ордэн.

У апошнія гады быў зроблены шэраг спробаў сабраць пэўныя прынцыпы, якія прасвечваюцца ў творах святога Ігнацыя і разглядаюцца як пастаянныя рысы заснаванага ім Таварыства. Любы такі спіс складаецца, вядома, з агульных элементаў, уласцівых усім ордэнам Каталіцкага Касцёла, у тым ліку вернасць у захаванні звычайных манаскіх абяцанняў: беднасці, чысціні і паслухмянасці. Наступныя дзесяць рысаў падсумоўваюць тое, што больш характэрна духу святога Ігнацыя.

  1. Адданасць дзеля хвалы Божай, “усё большаму Богу”, хваліць Яго і служыць Яму ў дастатковай ступені мы не здольныя. Гэта надае езуіту своеасаблівы святы неспакой, няспынныя намаганні зрабіць лепш, дасягнуць большага або, па-лацінску, magis. Можна сказаць, што Ігнацый быў “ап’янёны Богам” у тым сэнсе, што ён зрабіў “большую славу Божую” найвышэйшай нормай кожнага ўчынку, вялікага ці малога.
  2. Асабістая любоў да Езуса Хрыста і жаданне быць залічаным да Яго блізкіх таварышаў. Неаднаразова падчас Духоўных практыкаванняў езуіты моляцца аб тым, каб лепей пазнаць Хрыста, мацней любіць Яго і бліжэй ісці за Ім. Прапаведваючы ў гарадах Італіі, першыя таварышы наўмысна пераймалі стыль жыцця вучняў, якіх Езус пасылаў прапаведаваць у паселішчы Галілеі.
  3. Праца з Касцёлам, у Касцёле і дзеля Касцёла, думаючы ўвесь час з Касцёлам, падпарадкоўваючыся яго пастырам. Ва ўсіх Канстытуцыях Ігнацый настойвае на выкладанні дактрыны, якая з’яўляецца “больш бяспечнай і ўхваленай”, каб студэнты маглі засвоіць “больш цвёрдую і бяспечную дактрыну”.
  4. Гатоўнасць. Быць у распараджэнні Касцёла, гатовымі да працы ў любым месцы дзеля большага і агульнага дабра. Разглядаючы Таварыства як духоўную армію папы, св. Ігнацый бачыць увесь свет, так бы мовіць, сваёй сферай дзейнасці. Натхнёны гэтым касмічным бачаннем, ён не дапускае ніякіх падзелаў на аснове нацыянальных межаў і этнічных сувязяў.
  5. Узаемны саюз. Езуіты павінны бачыць сябе часткамі цела, злучанага камуніяй розумаў і сэрцаў. У Канстытуцыях св. Ігнацый сцвярджаў, што Таварыства не можа дасягнуць сваіх мэтаў, калі яго членаў не аб’яднае глыбокая любоў паміж сабой і з галавой. Многія аўтары прыводзяць у сувязі з гэтым тэрмін, які выкарыстоўваў Ігнацый да першых таварышаў: “сябры ў Пану”.
  6. Перавага духоўнага і святарскага служэння. Езуіты – гэта святарскі ордэн, усе члены-прафесы якога павінны атрымаць пасвячэнне, хоць супрацоўніцтва духоўных і свецкіх каад’ютараў цэніцца высока. Пры выбары служэнняў, піша Ігнацый, “духоўным дабротам варта аддаваць перавагу перад цялеснымі”, бо яны больш спрыяюць “канчатковай і звышнатуральнай мэце”.
  7. Распазнаванне. Ігнацый быў знаўцам практычнага жыцця і мастацтва прыняцця рашэнняў. Ён старанна адрозніваў мэты і сродкі, выбіраючы сродкі, найбольш прыдатныя для дасягнення мэты. Выкарыстоўваючы сродкі, ён паслядоўна ўжываў прынцып: “tantum…quantum”, што азначае “настолькі, наколькі дапамагае”, але не больш. У сувязі з гэтым ён вучыць быць дысцыплінаваным у бясстраснасці, у сэнсе, не прывязвацца да рэчаў толькі дзеля іх саміх.
  8. Уменне адаптавацца. Ігнацый заўсёды прысвячаў шмат увагі часу, месцам і асобам, з якімі меў справу. Ён пастараўся стварыць агульныя законы Ордэна такім чынам, каб забяспечыць гнуткасць прымянення.
  9. Павага да чалавечых і прыродных магчымасцяў. Нягледзячы на тое, што Ігнацый спадзяваўся ў першую чаргу на духоўныя сродкі, такія як Божая ласка, малітва і сакрамэнтальнае служэнне, ён улічваў прыродныя здольнасці, адукацыю, культуру і манеры як дары, якія будуць выкарыстоўвацца для служэння і хвалы Божай. Па гэтай прычыне яму ўласціва жывая цікавасць да адукацыі.
  10. Арыгінальны сінтэз дзейнага і сузіральнага жыцця. Хэроніма Надаль (1507-1580) гаварыў пра езуіцкую практыку “шукаць дасканаласці ў нашай малітве і духоўных практыкаваннях, каб дапамагаць бліжняму, і дзякуючы гэтай дапамозе бліжняму набыць яшчэ большую дасканаласць у малітве, каб дапамагаць нашым бліжнім яшчэ больш”. Па словах Надаля, асаблівая ласка ўсяго Таварыства – быць кантэмплятыўнымі не толькі падчас малітвы, але і ў разгар дзеяння, “шукаючы Бога ва ўсім”.

Кард. Эвэры Далес SJ

Крыніца: What Distinguishes the Jesuits?