У пятніцу Святому Айцу спаўняецца 85 гадоў. Ён нарадзіўся 17 снежня 1936 года ў Буэнас-Айрэсе ў Аргенціне. У мінулы панядзелак, 13 снежня, Папа Францішак адзначыў 52-ю гадавіну прэзбітэрскага пасвячэння. Людзі ва ўсім свеце, і, вядома, не толькі католікі, святкуюць з Папам яго дзень нараджэння, дасылаючы з розных куткоў свету добрыя зычэнні.

Таксама віншуе Папу з днём нараджэння кардынал Майкл Чэрны, сабрат-езуіт і падсакратар Дыкастэрыі па служэнню інтэгральнаму развіццю чалавека. Ён разважае аб дары, якім з’яўляецца дзень нараджэння Папы Францішка. “Ad multos annos!” — кажа кардынал Чэрні, жадаючы Папе доўгага жыцця. 

“17 снежня — гэта дзень, над якім варта паразважаць”, — адзначае кардынал, дадаючы, што Святы Айцец, напэўна, ужо меў планы на пенсію, калі ішоў на канклаў, які абраў яго Папам у 2013 годзе, але “Святы Дух вырашыў інакш”.

Кардынал таксама разважае пра пантыфікат Папы Францішка і пра важныя тэмы, якія той адстойвае і якія даюць нам лепш  зразумець Папу як асобу. Кардынал Чэрны звяртае ўвагу на тое, што нядаўна распачаты Сінод аб сінадальным шляху падсумоўвае многія клопаты Святога Айца, таму што “дае шматабяцальнае ўяўленне пра Касцёл”. “Я думаю, што гэта дар [Папы] Касцёлу, — кажа кардынал, — спосаб быць Касцёлам, які лучыць нас у кірунку надзеі ў веры і любові адзін да аднаго”.

Майкл Чэрны таксама дзеліцца сваім асабістым досведам сустрэчы з Папам, кажучы, што яго найбольш уразіла “раўнавага, збалансаванасць і спакой”, якія дазваляюць Францішку даваць рады як з вялікімі, так і з малымі праблемамі. Па словах кардынала, “вялікая праблема не збівае яго, а маленькая праблема не застаецца без увагі. Такая раўнавага — дынамічны баланс — надзвычай павучальны прыклад і вельмі цешыць мяне кожны раз, калі я маю магчымасць сустрэцца з ім”.

Паводле Happy 85th birthday Pope Francis: “Ad multos annos!”