Гамілія на ІІI Нядзелю Вялікага посту, Год C

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

У той час прыйшлі некаторыя і расказалі Езусу пра галілеян, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. Езус адказаў ім на гэтае: Думаце, што гэтыя галілеяне былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілеян, бо так пацярпелі? Не. Кажу вам, але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце. Думаеце, што тыя васемнаццаць, на якіх звалілася сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія жылі ў Ерузалеме? Не. Але кажу вам, калі не пакаецеся ўсе таксама загінеце.

І расказаў вось якую прыпавесць: Адзін чалавек меў у вінаградніку сваім пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў. І сказаў вінаградару: Вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы, і не знаходжу. Ссячы яе. Навошта яна займае зямлю?

Але той сказаў яму ў адказ: Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу ўгнаеннем. Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе.

Лк 13, 1–9

Як рэагаваць на навіны?

Езус даведваецца пра трагічныя факты, пра насілле з боку прадстаўнікоў улады ў адносінах да звычайных грамадзянаў. Сітуацыя, з якой пачынаецца сённяшні евангельскі ўрывак, да болю знаёмая ўсім нам у апошні час. Паток драматычнах навінаў з фронту не перастае напаўняць наш розум і ўяўленне вобразамі спусташэння, разрухі, болю і смерці, якія нясе з сабой вайна. Перад абліччам трагедыі такога размаху лёгка ўзнікае пачуццё глыбокага замяшання і бязраднасці: як такое магчыма? Як можна спыніць шаленства вайны? Спантанна ў нашым сэрцы нараджаюцца пытанні да Бога: чаму такі жах становіцца рэчаіснасцю? Што нам трэба рабіць, як рэагаваць?

Рэакцыя Езуса можа нас збянтэжыць. Ён ніяк не каментуе падзеі, пра якія Яму распавядаюць, але скіроўвае ўвагу сваіх слухачоў на іх саміх. Канечне, няправільна было б лічыць, што Езус тут абыякавы да насілля і праяваў зла, бо Евангелле ясна нам паказвае, што сэрца нашага Збаўцы ў найвышэйшай ступені чулае да людскога болю.

Ключавое слова ў адказе Хрыста сваім суразмоўцам — навяртанне (так больш дакладна перакладаецца μετανοια з грэчаскага арыгіналу, якое даслоўна азначае «перамена розуму, сэрца»).

«Навяртайцеся і верце ў Евангелле» (пар. Мк 1, 15), — заклікае Езус з самага пачатку свайго публічнага навучання. Навярнуцца значыць паверыць у Евангелле Хрыста: непарыўная сувязь паміж першай і другой часткай закліку становіцца яшчэ больш відавочнай перад абліччам такога частага трыумфу зла ў свеце. Адзіны спосаб для нас успрымаць у правільным святле любыя навіны — гэта верыць і жыць словамі Хрыста, глядзець на ўсё, што адбываецца, Ягонымі вачыма; прыслухоўвацца да біцця Ягонага сэрца, чулага да чужога болю; слухаць таго натхнення, якое Ён сваім Духам пасылае ў нашыя сэрцы.

Бог, блізкі да прыгнечаных

Сённяшняе першае чытанне ілюструе як Бог, Айцец сваіх дзяцей, адзіны з Адзінародным Сынам і Духам, рэагуе на людскія пакуты. «Я добра бачыў пакуты народа Майго ў Егіпце, Я чуў крык ягоны з-за прыгнятальнікаў яго. Я ведаю яго цярпенні», — раскрывае сваё сэрца Той, хто «Ёсць, Які Ёсць», і дадае: «Таму сышоў Я, каб вызваліць яго». Бог не абыякавы да цярпенняў прыгнечанага люду: «ведаць» у біблійным лексіконе азначае тут «прыняць блізка да сэрца».

Добра знаёмы нам вобраз цудоўнага куста, які не згарае (і які, калі задумацца, вельмі незвычайны сваёй сціпласцю ў параўнанні з іншымі праявамі боскай велічы), у юдэйскай традыцыі тлумачыцца як выраз глыбокай салідарнасці Бога са сваімі дзецьмі ў няволі. Пан вырашае дзейнічаць, каб вызваліць нявольнікаў ад прыгнёту; чаму менавіта ў гэты момант, а не раней ці пазней (у гэтай сітуацыі і ва ўсіх іншых) — пытанне, адказ на якое чалавечым розумам мы ніколі не зможам знайсці, і таму нам застаецца давяраць дасканаласці Божага Провіду. Таксама немагчыма чалавечай логікай растлумачыць, чаму Пан не «адным махам» расправіўся з егіпцянамі, а патрэбныя былі ўсе далейшыя перыпетыі на шляху да канчатковага вызвалення; ведаем толькі, што Бог шануе свабоду чалавека і заўсёды пакідае шанц для навяртання.

Пан вырашае дзейнічаць — але для гэтага Яму патрэбны чалавек, які будзе з Ім супрацоўнічаць у справе збаўлення.

Як відаць з біблейскага аповеду, Майсей не адразу і неахвотна прымае пакліканне кінуць пасвіць авечак і стаць пастырам выбранага народу — і менавіта так найчасцей рэагуе чалавек, усведамляючы цяжар адказнасці, якая звязана з Божым пасланніцтвам. Але на гэтым шляху Майсей дасведчыць, як спаўняецца абяцанне Пана «Я буду з табой» (Зых 3, 12) — абяцанне, якое набліжае да чалавека Бога, інакш недасяжнага ў Ягонай таямніцы. Праз сваю блізкасць Бог адновіць, ачысціць і напоўніць новай якасцю жаданне Майсея дапамагчы суайчыннікам — жаданне, якое раней прымусіла яго стаць бежанцам.

Навяртанне да пасхальнай надзеі

Ці сёння Пан яшчэ аб’яўляе сябе ў галінах, якія палаюць і не згараюць?

«Пане Езу, народжаны пад бомбамі ў Кіеве, змілуйся над намі.
Пане Езу, памерлы на руках маці ў сховішчы Харкава, змілуйся над намі.
Пане Езу, пасланы на фронт у дваццацігадовым узросце, змілуйся над намі.
Пане Езу, які ў ценю Твайго крыжа яшчэ бачыш рукі са зброяй, змілуйся над намі.
Прабач нам, Пане!»

Гэтымі словамі Папа Францішак маліўся некалькі дзён таму.

Як спрадвеку, так і сёння Бог сусвету выбірае быць са сваімі дзецьмі, якія церпяць; Адзінародны Сын атаясамлівае сябе з «братамі меншымі» (пар. Мц 25, 31–45).

Бог не перастае крычаць (так можна перакласці дзеяслоў у тэксце) «Майсей! Майсей!» і імёны ўсіх, хто захоча пачуць. Так, як Майсею, спантанны адказ, які прыходзіць нам у галаву, — гэта «Хто я такі, каб мне пайсці да фараона?» (Зых 3, 11) Іншымі словамі, «Я? што я магу зрабіць?» Але гэта няправільна пастаўленае пытанне, якое ставіць у цэнтры нас саміх з нашай слабасцю і абмежаванасцю. У першую чаргу мы запрошаныя ўсвядоміць блізкасць Бога, які кажа «Я з табою», і прыслухацца да адчуванняў Ягонага сэрца: як яно ўспрымае сітуацыю, сведкамі якой мы становімся?

Ці здольныя мы пачуць Ягонае спачуванне, спагаду, любоў, змяшаныя з болем і цярпеннем? Ці гатовыя адчуць тое самае? Ці можам шчыра прызнаць сваю інэрцыю, супраціў і страх, але адначасова жадаць не быць закладнікамі таго, што нас паралізуе і робіць несвабоднымі? Гэта пачатак навяртання, якое вядзе да новай надзеі: той надзеі, якая не раўняецца наіўнаму аптымізму, але веры ў тое, што найбольш трагічныя сітуацыі не пазбаўленыя Божай прысутнасці; надзеі, якая не абапіраецца на чалавечую ўпэўненасць, а толькі на Божую моц уваскрашаць да жыцця памерлае. І тады сэнс прыпавесці Езуса пра смакоўніцу нам адкрыецца не як патрабаванне «гаспадара» аддаць належны «працэнт з інвестыцыі», а як запрашэнне да таго, каб быць партнёрамі Бога, каб перамяняць гэты свет у Божае Валадарства.

Мы верым у Евангелле — «Добрую Навіну», якая не хавае рэчаіснасці зла, насілля і нянавісці; Евангелле расказвае пра найбольш жудасную несправядлівасць — забойства адзінага Праведніка, які маліўся: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць» (Лк 23, 34).

Але на гэтым евангельская гісторыя не заканчваецца: Хрыстус уваскрос, перамог смерць любоўю. Узыходзячы ў Божую славу, Ён абяцае: «Я з вамі ва ўсе дні» (Мц 28, 20). Няхай кожны дзень мы будзем жыць у прысутнасці Уваскрослага Пана, услухоўваючыся ў Ягоны заклік ісці туды, куды Ён нас пасылае. Амэн.

Віктар Жук SJ