1 красавіка скончыўся Кангрэс, прысвечаны справядлівасці і экалогіі, які прайшоў у Лаёле з 28 сакавіка па 1 красавіка 2022 года. Удзел у ім прынялі 153 удзельнікі з 26 краін Еўропы і Блізкага Усходу.
Падчас кангрэсу “Справядлівасць і экалогія” быў створаны дакумент, які мае дапамагчы ажыццявіць Глабальныя апостальскія прыярытэты Таварыства Езуса. У ім утрымліваюцца канкрэтныя прапановы аб больш эфектыўнай дзейнасці езуіцкіх сацыяльных ініцыятыў. Над дакументам працавалі ўдзельнікі Кангрэсу ад Езуіцкай службы бежанцаў (JRS), Eco-Jesuits Network, Xavier Network, члены сацыяльных цэнтраў і дэлегаты па сацыяльных пытаннях з еўрапейскіх правінцый Таварыства Езуса. Усе пагадзіліся, што трансфармацыя сацыяльных структур магчымая.
Ніжэй публікуем тэкст гэтага заключнага дакумента Кангрэса.
Пакліканыя да навяртання
Пасланне Кангрэса ў Лаёле, прысвечанага справядлівасці і экалогіі
Першы ў гісторыі Кангрэс “Справядлівасць і экалогія” сабраў у месцы нараджэння святога Ігнацыя сацыяльныя апостальствы езуіцкіх правінцый Еўропы і Блізкага Усходу, каб прачытаць знакі нашага часу праз прызму Святой Тройцы, якая сузірае свет. Многіх людзей з намі ўжо няма, хтосьці не змог прыехаць з-за пандэміі, якая роўна два гады таму накрыла Еўропу. І ўсё ж, мы адчулі вялікую радасць ад прабывання разам у нашай велізарнай разнастайнасці не толькі нацыянальнасцей і паходжання – 153 дэлегаты асабіста і іншыя онлайн, з 26 краін і сотняў арганізацый – але і станаў жыцця: езуіты і свецкія людзі, мужчыны і жанчыны, маладыя і старыя.
Кангрэс адлюстраваў тое, што генеральны настаяцель Таварыства Езуса а. Артура Соса SJ сказаў нам ва ўступным слове: місія, давераная езуітам, не з’яўляецца ўласнасцю езуітаў, але ўсё часцей яе падзяляюць супрацоўнікі і партнёры па місіі ў духу ўсё глыбейшага супрацоўніцтва і ўзаемнага слухання на роўных, як і належыць сінадальнаму Касцёлу. Таму адной з мэтаў Кангрэсу было даць магчымасць большай інтэграцыі апостальскага цела і ўзгадніць усе нашыя сеткі (Езуіцкая служба бежанцаў, Сетка Ксаверыя, сацыяльныя цэнтры, сетка EcoJesuit-Europe і сетка сацыяльных дэлегатаў) з Універсальнымі апостальскімі прыярытэтамі, якія разумеюцца як непарыўнае цэлае.
Гарматнае ядро ў назе Ігнацыя, якое прывяло яго з поля бітвы ў Лаёлу на лячэнне, справакавала яго навяртанне. З такіх прыватных падзей могуць вынікаць вялікія гістарычныя змены. Мы ўсведамляем, што наш свет таксама перажывае момант гарматнага ядра. Сутыкнуўшыся з усё больш трывожнай кліматычнай надзвычайнай сітуацыяй, масавым знікненнем відаў і глабальнай пандэміяй, якая ўскалыхнула сусветную эканоміку, мы прыбылі ў Лаёлу праз месяц пасля ўварвання Расіі ва Украіну, у разгар вымушанай міграцыі ў маштабах, якіх не бачылі ў Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны, а рост коштаў на паліва і недахоп прадуктаў харчавання вядуць масу бедных на мяжу існавання. Што Бог, які працуе сярод нас, робіць у гэты момант? Якія ласкі навяртання сярод цяперашняга балеснага смутку Бог запрашае нас атрымаць?
Тэма перамянення ўзнікла ў першы дзень: мы ўбачылі патрэбу ў новым спосабе жыцця і існавання, спосабе, які адмаўляецца ад скажонай патрэбы чалавека ў кантролі і ўладзе, і замест гэтага імкнецца жыць у гармоніі з Богам, стварэннем і нашымі бліжнімі – людзьмі і іншымі стварэннямі. Усведамляючы, у прыватнасці, заклік, з якім Папа Францішак звяртаецца да нас у Laudato Si’ і Fratelli Tutti, мы выказалі моцнае жаданне перамен, як у нашым свеце, так і ў нас саміх – перамен, якія ўлічваюць нашую глыбокую ўкаранёнасць у ігнацыянскай традыцыі, што знаходзіць надзею ў неадкладнасці і ўразлівасці гэтага моманту.
У прэзентацыях і дыскусіях аб надзвычайнай кліматычнай сітуацыі сапраўдным выклікам сталі пачуцці гневу, трывогі і страху маладых людзей, якія гаварылі з намі, і іх упэўненасць у тым, што, нягледзячы на шматлікія словы і абяцанні, нашае грамадства рухаецца да катастрофы, якая ўжо распачалася. Даклады экспертаў пацвярджаюць: галоўным фактарам экалагічнага разбурэння з’яўляецца не рост насельніцтва, а ўзмацненне няроўнасці, асабліва ўзрост багацця сярод самых заможных. Куды пойдуць бедныя, калі значная частка зямлі стане занадта гарачай і вільготнай, каб падтрымліваць чалавечае жыццё, і якіх дзеянняў патрабуе ад нас цяпер такая перспектыва? Мы ўбачылі, што не можа быць ніякага спосабу дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця без радыкальнага пераўтварэння нашага ладу жыцця, а таксама любых перамен без амбітных зрухаў, заўсёды балючых. І ніякае навяртанне не адбудзецца без глыбокага культурнага і палітычнага пераканання, што больш немагчыма адкладаць такую перазагрузку. Для Еўропы, дзе старэючае, няроўнае і самазадаволенае грамадства прывязана да сваёй культуры дабрабыту, гэта з’яўляецца немалой праблемай.
Яшчэ да вяртання вайны ў Еўропу мы жылі ў час масавага перасялення насельніцтва, выкліканага войнамі, беднасцю, зменай клімату і надзвычайнай экалагічнай сітуацыяй. Калі б усе перамешчаныя людзі былі краінай, яна была б пятай па велічыні ў свеце. Але замест таго, каб сутыкацца з гэтай праблемай сумесна і рашуча, як урады краін зрабілі перад абліччам кліматычнага крызісу, яны працягваюць баяцца папулісцкіх рухаў, якія распальваюць варожасць сярод насельніцтва. Ва ўсіх нашых краінах урады ўсцяж праводзяць палітыку, якая дэгуманізуе тых, хто прыходзіць да нашых берагоў у пошуках абароны, і гэтым самым насміхаюцца з уласных абавязацельстваў па міжнародным праве. Мы не можам маўчаць, сутыкаючыся з працягам жаху ў Міжземным моры, самым небяспечным міграцыйным шляху ў свеце, дзе з 2015 года загінулі больш за 22 000 чалавек. Мы таксама не можам маўчаць перад іншым, яшчэ больш схаваным жахам: павольнай смерцю надзеі ў нашых братах і сёстрах, якія месяц за месяцам утрымліваюцца ў нашых жорсткіх цэнтрах часовай ізаляцыі. Там, сутыкнуўшыся з духоўным гвалтам сістэмы, якая імкнецца ізаляваць і зламаць іх, робячы іх нябачнымі, адмаўляючы права на жыццё, мы сустракаем балеснае аблічча Хрыста.
Але і там мы сустракаем часцінкі святла і крыніцы суцяшэння. Першая крыніца надзеі – гэта ўстойлівасць саміх мігрантаў і бежанцаў. Нягледзячы на страту ўсяго, на зламанасць, – у якой мы знаходзім сваё адлюстраванне, – мы спасцігаем, якімі Бог хоча нас бачыць. Другая крыніца – гэта навяртанне і перамяненне, якія адбываюцца ў тых, хто ідзе разам з абяздоленымі мігрантамі і бежанцамі, адкрываючы для іх свае дамы і сэрцы. Як JRS выяўляе штодня, прыняцце, садзейнічанне, абарона і інтэграцыя мігрантаў і бежанцаў вядзе нас у самае сэрца Евангелля, адкрываючы нас на Божую прысутнасць. Такі досвед прымушае нас прасіць аб большай смеласці ў абароне бежанцаў. Мы заклікаем Касцёл запрасіць усіх, хто можа, вызваліць месца ў сваіх дамах для падарожных, як многія робяць па ўсёй Еўропе для ўкраінцаў, якія бягуць ад вайны. Як езуіты, так і свецкія на Кангрэсе адчувалі выклік у сведчаннях многіх езуіцкіх супольнасцяў Еўропы. Узгадваючы заклік Папы Францішка ў 2015 годзе да кожнай парафіі і рэлігійнай супольнасці адчыніць дзверы для бежанцаў і мігрантаў, мы запрашаем нашы сеткі падвоіць свае намаганні на карысць абяздоленых чужаземцаў сярод нас і сваім вопытам дапамагчы іншым пераадолець страх і ваганні. Як пісаў святы Ігнацый у сваім лісце ў калегіум у Падуі ў 1547 годзе: “Сяброўства бедных робіць нас сябрамі вечнага Караля”. Мы бачым, што гэты заклік да радыкальнага сведчання, які сутыкаецца з палітычным імкненнем схаваць мігрантаў і зрабіць іх казламі адпушчэння, істотны для абвяшчэння Евангелля ў наш час, бо ён паказвае грамадству, пазначанаму плыннасцю і адзінотай, радасную магчымасць чалавечай супольнасці, народжанай з большага “мы”.
Трэцяя надзея – моцнае сведчанне дзеянняў і вучэнняў Папы Францішка і Секцыя па справах мігрантаў і бежанцаў ватыканскай Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Ставячы гэтае пытанне ў цэнтры сведчання і абвяшчэння Евангелля Касцёлам, Папа Францішак супрацьстаіць разрыву веры і жыцця ў вельмі многіх католікаў, якія спрабуюць зрабіць яго другарадным пытаннем. Як ён кажа ў Gaudete et Exsultate, такое аддзяленне непрымальна для хрысціяніна, “якому належала б паставіць сябе на месца таго брата, які рызыкуе сваім жыццём, каб даць будучыню сваім дзецям.”
Мы пачулі тут, у Лаёле, ясны заклік як да нашых сетак, так і да нашых касцёльных супольнасцяў: неадкладна дапамагчы нашым грамадствам пераасэнсаваць ідэю годнага жыцця праз навучанне і канкрэтныя прыклады, заснаваныя на нашым вопыце і сведчанні ўстойлівага жыцця і блізкасці да бедных. Такое пераасэнсаванне таксама заклікае нас пашыраць рэляцыйную антрапалогію, у якой жанчыны і мужчыны разумеюцца як частка прыроды, у пастаянным узаемадзеянні з ёй. Новае бачанне таксама паказвае ўладу як служэнне іншым, у супрацоўніцтве і сумеснай адказнасці. У гэтым закліку мы ўбачылі непарыўную сувязь паміж экалагічным і сінадальным навяртаннем.
На кангрэсе мы палічылі, што экалагічныя і міграцыйныя выклікі пераплеценыя з праблемамі справядлівасці, і варта лепш іх інтэграваць у нашае сведчанне і дзеянні. Зараз, у абліччы экалагічнага крызісу, мы патрабуем прарочай і радыкальнай адданасці, якая характарызавала JRS у 1980 г. адносна мігрантаў і бежанцаў. Гэтак жа мы ўбачылі, што не можам аддзяліць заклік да сінадальнага навяртання ад пастырскага, місійнага і экалагічнага навяртання. Мы ўбачылі неабходнасць у будучыні развіваць і лепш разумець гэтыя і іншыя спалучэнні са справядлівасцю, і, у сваю чаргу, выразна звязаць іх з чатырма Глабальнымі прыярытэтамі, якія выражаюць нашу сённяшнюю евангельскую місію і гавораць нам праз айца генерала, “як мы павінны жыць у тым, што мы робім”.
Навяртанне, якое адлюстроўвае іншы, больш просты лад жыцця, павінна распачацца з нас саміх і нашых супольнасцяў і інстытутаў, і мы працягваем змагацца з нашым саўдзелам у многіх сферах, якія патрабуюць зменаў. Гэта падарожжа, у якое мы адпраўляемся разам, ва ўзаемадзеянні і супрацоўніцтве, абавязваючыся дзяліцца нашымі духоўнымі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Праблемы, з якімі мы сутыкаемся, складаныя, а маленькія крокі – неабходныя, калі мы працуем у партнёрстве з моладдзю для трансфармацыйных сістэмных змен. У нашых сустрэчах з беднымі і ўразлівымі Божы Дух дзейнічае і дазваляе нам рабіць тое, што перавышае нашыя сілы. З удзячнасцю і праслаўленнем за ўсё, што Бог нам даў, мы чэрпаем спачуванне, веру і надзею, народжаныя сумеснай працай у нашых сетках і супольнасцях. Мы не адчайваемся, але абавязваемся паразважаць над усім вышэйпералічаным у святле радыкальнага закліку Хрыста да навяртання. І дзейнічаць.