Неўзабаве ў літургіі мы будзем сузіраць Муку, смерць і Уваскрасенне Хрыста. Пітэр Нот SJ разважае, як падзеі Вялікай пятніцы, Вялікай суботы і Велікоднай нядзелі ўтвараюць аповед, які дапамагае нам асэнсаваць сваё жыццё і балючыя рэчы, якія ў ім здараюцца. “Уваскрослы Хрыстус застаецца пастаяннай рэальнасцю, Ён заўсёды з намі, нават у нашую Вялікую пятніцу”.

З ранняга дзяцінства мы ведаем фразу: “Гэта несправядліва!” Паміж тым, што спазнаў Езус у Вялікую пятніцу, і тым, што адчувае любы чалавек, з якім абыходзяцца несправядліва, існуе цесная сувязь. У нас ёсць свае Вялікія пятніцы, і яны маюць нешта супольнае з тым, што адбылося на Галгоце дзве тысячы гадоў таму. Сапраўды, тое, што зведаў Езус у дзень сваёй Мукі, надае годнасці і нам, калі мы спазнаем цемру прыніжэння, адзіноты, бездапаможнасці і смерці.

Праз што прайшоў Езус у Вялікую пятніцу? Цікава, што Евангеллі не засяроджваюць увагу на Яго фізічных пакутах. Яны падкрэсліваюць эмацыйнае цярпенне, прыніжэнне. Ён паказаны самотным, здраджаным, пазбаўленым магчымасці вытлумачыцца, ахвярай зайздрасці, высмеяным, няправільна зразуметым, распранутым дагала, каб адчуваў збянтэжанасць і сорам, але ва ўсім гэтым паказаны тым, які абірае цеплыню, дабро і прабачэнне. Вялікая пятніца – гэта час, калі цемра мае сваю гадзіну (пар. Лк 22,53).

Для кожнага з нас у пэўны момант надыходзіць Вялікая пятніца, калі мы перажываем тое, што адчуваў Хрыстус: калі мы апынаемся на ложку хваробы ў самоце, ведаючы, што нас чакае інваліднасць ці недзеяздольнасць, і, можа, нават смерць – мы застаемся сам-насам са страхам; калі ў адзіноце выконваем той ці іншы абавязак; калі нас лічаць занадта нясмелымі, занадта халоднымі, занадта спалоханымі, каб браць жыццё ў свае рукі – бо нявіннасць і абавязак успрымаюцца як слабасць; калі з болем адчуваем сваю няздольнасць выказаць сябе; калі пакутуем ад усведамлення, што большая частка лепшага ў нас памрэ разам з намі, змарнуецца – так прынамсі здаецца; калі мы аказваемся аб’ектам зайздрасці, варожасці і пагрозы з прычыны сваіх перакананняў – бо нашая цнота расцэньваецца як эгаізм; калі нас прымушаюць адчуваць сорам за тое, у што мы верым; калі штосьці каштоўнае для нас лічыцца абразлівым для іншых; калі мы стаім самотнымі і разгубленымі перад старэннем, стратай здароўя, прывабнасці і ранейшага месца ў жыцці, перад стратай самога жыцця.

Калі мы адчуваем падобную горыч, няшмат можна сказаць, акрамя таго, што сказаў Езус, калі быў выведзены з Гетсэманіі на прыніжэнне і смерць: “Але цяпер – ваша гадзіна і ўлада цемры” (Лк 22,53). У кожнага бываюць моманты, калі руйнуецца свет, і ўсё, што мы можам зрабіць, – гэта ляжаць у пыле і чакаць.

Чакаць чаго? Чакаць, пакуль цемра і смерць маюць сваю гадзіну. Як кажа Мацвей у сваім апісанні Мукі Пана, чакаць, калі заслона ў святыні разарвецца надвое з верху аж да нізу, і зямля затрасецца, і скалы расколюцца, і магілы адкрыюцца і апусцеюць (пар. Мц 27, 51-52).

У той час усё гэта здавалася канцом, аднак катастрофа Пятніцы ў рэшце рэшт саступае месца радасці Велікоднай нядзелі; уваскрослы Хрыстус застаецца пастаяннай рэальнасцю, Ён заўсёды з намі, нават у нашую Вялікую пятніцу.

Вялікая субота забяспечвае важную сувязь паміж Пятніцай і Нядзеляй. Пустэча гэтага дня дае магчымасць глядзець толькі на Бога, выйсці за межы пачуццяў. Мы нічога не можам зрабіць, але Бог можа нешта зрабіць у нас – ціха, незаўважна, дапамагаючы лепш зразумець таямніцу Божай любові, надаючы жыццю новы сэнс і мэту.

Велікодная нядзеля паказвае радаснае перамяненне ўваскрослага Хрыста. Змёртвыхпаўстанне святкуе жыццё Хрыста: яно таксама святкуе тое самае Жыццё, схаванае ўнутры нас. Так тлумачыцца сэнс нашага жыцця, як Хрыстус тлумачыў гэта сваім вучням па дарозе ў Эмаус (Лк 24,13).

Знешне жыццё здаецца мешанінай катастроф і поспехаў, слёз і радасці. Часам мы адчуваем сябе сапраўды жывымі і прагнымі да жыцця, а іншы раз жыццё здаецца пустым, і жыць няма чаго. Што рабіць з бясконцымі супярэчнасцямі, якія нібыта кіруюць нашым жыццём?

Радасная праўда Вялікадня заключаецца ў тым, што Хрыстус прыняў шматлікія супярэчнасці, якія грэх унёс у чалавечае жыццё. На крыжы Ён памёр за ўсіх нас і за ўсё, што памерла ўнутры нас: за тыя шматлікія схаваныя смерці з прычыны ўласнай немачы і падманутых надзей параненага свету. Самі па сабе такія прыхаваныя смерці вядуць чалавека толькі ў кірунку адчаю. Але злучаныя са смерцю Хрыста, яны становяцца самім жыццём. Хрыстус, узняты на крыжы, які ўваскрос да новага жыцця, мае моц перамяніць супярэчнасці нашага жыцця.

У Вялікую пятніцу вучні адчулі сябе дарэшты пакінутымі. Дзеля чаго ім цяпер жыць? Успаміны пахаваныя разам з Езусам у магіле. Пасля трагедыі мы гэтак жа пачынаем жыць, амаль нічога не чакаючы ні ад сябе, ні ад свету. Міжволі мы можам пахаваць лепшае, што ў сабе маем, пад руцінай будзённага жыцця.

Спачатку вучні не маглі выйсці за межы цемры Вялікай пятніцы і слабасці, якую яна выявіла ў іх. А хіба мы не жывем у цемры мінулых няўдач? Калі мы па-сапраўднаму спасцігаем сэнс Уваскрасення, то адпускаем былое і з удзячнасцю прымаем тое, што Хрыстус цяпер робіць у нашым жыцці.

Святы Павел акрэслівае нас абноўленымі да сапраўднага жыцця ў Хрысце (Рым 6, 4). Мы носім у сабе таго ж Уваскрослага Пана, які так радыкальна перамяніў жыццё першых вучняў.

Мы павінны адкрыць для сябе магутнасць Уваскрослага Пана, які жыве ў нас, дапамагаючы нам справіцца з расчараваннямі, якімі напоўнена жыццё – гэта і неразуменне, і несправядлівая крытыка, і любоў, якая згасла, і любоў, якую здрадзілі, і спадзяванні, якія развеяліся, і выпадкі, калі цяжка было глядзець праўдзе ў вочы – праўдзе пра сябе, пра іншых.

Свет, які змагаецца з бядой і падзелам, патрабуе новага пачатку. Уваскрослы Пан, дзейнічаючы ў нашых сэрцах, прапануе ўсім нам гэтае новае жыццё, якое ўздымаецца над фрустрацыяй і душэўным болем.

Мы ніколі не можам сказаць, што жыццё разлучыла нас з Хрыстом, што страцілі Яго і не ведаем, дзе Яго знайсці. Ён жыве, утоены ў нашых сэрцах. Ёсць дзеля чаго жыць.

Кожны з гэтых вялікіх дзён – Вялікая пятніца, Вялікая субота і Велікодная нядзеля – мае сваю  адметную “ноту”. Мы павінны ўтрымліваць гэтыя ноты разам, як адзін акорд. Толькі ў іх гармоніі мы можам “пачуць” тое, што задумаў Кампазітар, – паўнату жыцця. Мы молімся аб тым, каб усе маглі дзяліцца гэтай радасцю кожны дзень, заўсёды.

Зямное жыццё ёсць падрыхтоўкай да вечнасці, а на небе нас чакае шмат сюрпрызаў. І адным з самых прыемных сюрпрызаў можа быць адкрыццё, што ўсе нашыя душэўныя пакуты былі проста болем росту.

Пітэр Нот SJ

Крыніца: Good Friday, Glorious Sunday

Выява: Sashamd/flickr.com