Гамілія на ХXІV Звычайную нядзелю, Год C

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб слухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі». Тады Ён расказаў ім наступную прыпавесць, кажучы: «Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе шукаць згубленую, пакуль не знойдзе яе? А знайшоўшы, бярэ яе на плечы свае з радасцю і, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку”. Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння.

Або якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў і згубіўшы адну драхму, не запальвае свечкі і не вымятае дом, і не шукае пільна, пакуль не знойдзе? А знайшоўшы, склікае сябровак і суседак ды кажа: “Цешцеся са мною, бо я знайшла згубленую драхму”. Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых за аднаго грэшніка, які каецца».

І сказаў: «У аднаго чалавека было два сыны. Малодшы з іх сказаў бацьку: “Ойча, дай належную мне частку маёмасці”. І той падзяліў паміж імі маёмасць. Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё, ад’ехаў у далёкі край і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна. А калі выдаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы. Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней. Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў яму. Апамятаўшыся, ён сказаў: “Колькі наймітаў у майго бацькі маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду. Устану і пайду да айца майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх”. І ён ўстаў, і пайшоў да свайго бацькі. А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго. А сын сказаў яму: “Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам”. Бацька ж сказаў слугам сваім: “Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і надзеньце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі. Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца, бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца.

А яго старэйшы сын быў на полі. Калі, вяртаючыся, падышоў да дому, пачуў музыку і танцы. Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся, што гэта такое. Той адказаў яму: “Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым”. Ён жа разгневаўся і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў прасіць яго. Але ён адказаў свайму бацьку: “Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляняці, каб я павесяліўся з маімі сябрамі. А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля”. Ён жа адказаў яму: “Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё – тваё. А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся”».

Лк 15, 1–32

Прабачэнне – крыніца радасці

Гаворка пра пакаянне звычайна выклікае ў нас не найлепшыя асацыяцыі: усведамляць свой грэх і яго наступствы, прызнавацца ў сваёй неправаце, слабасці і недасканаласці, адчуваць віну, рабіць высілак і ад чагосьці адмаўляцца – усё гэта падаецца не самай прыемнай справай. Між тым, Пан Езус кажа: “Так, кажу вам, бывае радасць у анёлаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца.”

Сённяшняе Евангелле можа дапамагчы нам паглядзець на грэх у іншым святле – праз прызму Божай міласэрнасці, якая перамяняе наша ўспрыманне і ўласнай грахоўнасці, і наогул нашага месца ў жыцці.

Шлях пакаяння, навяртання – гэта запрашэнне да радасці: не да танных яе падробак, прапанаваных нам на крывых шляхах гэтага свету, а да аўтэнтычнай, глыбокай радасці, якая можа паходзіць толькі ад Стварыцеля, Крыніцы нашага існавання.

Менавіта гэта падкрэслівае Пан Езус у прыпавесцях, якія чуем сёння: Божая міласэрнасць запрашае нас да радасці і святкавання – хоць мы зусім гэтага не годныя. Так, спачатку нам трэба прызнаць непрыгожую праўду пра сябе, пра нашу нявернасць і здольнасць быць неадказнымі, легкадумнымі, прагнымі, зайздроснымі, эгаістамі – але калі праўду не прызнаваць, яна ад гэтага не перастае быць праўдай. Калі мы прыходзім да лекара, няма сэнсу хаваць, што з нашым здароўем штосьці не так. Падобным чынам шукаючы здароўя душы – каторае важнейшае за фізічнае – трэба не хаваць сапраўдны стан рэчаў, а ўмець прыняць “дыягназ”.

Звернем увагу, што Хрыстус скіроўвае сваю прамову да фарысеяў і кніжнікаў – тых, якія былі гатовыя асуджаць іншых, але не хацелі прызнаваць уласнай патрэбы ў навяртанні. Насамрэч, аб’ектыўна кажучы, фарысеі, выконваючы прадпісанні Закону, можа і паводзілі сябе больш “праведна” ў параўнанні з іншымі, якіх часам абставіны прымушалі да ладу жыцця, нязгоднага з усімі наказамі. Але такім чынам яны станавіліся падобнымі да старэйшага сына з прыпавесці, няздольнымі адчуць радасць міласэрнага Айца.

Бадай што найбольш пільнай патрэбай для многіх хрысціянаў з’яўляецца ўменне адчуваць сябе грэшнікамі «правільна» — то бок прабачанымі грэшнікамі, якіх Бог не асуджае, а наадварот бясконца любіць. Гаворка не пра тое, каб прыменшыць сутнасць граху і яго разбуральных наступстваў у жыцці чалавека і людской супольнасці, а каб не застацца з трагедыяй граху сам-насам, але скіраваць наш позірк у бок Таго, Хто адзіны здольны выратаваць нас ад наступстваў зла навокал і ў нашым сэрцы.

У абдымках Айца

На першы погляд, навучанне Езуса пра радасць ад прыняцця грэшнікаў супярэчыць таму вобразу Бога, які знаходзім у Старым Запавеце: у першым чытанні сёння чуем пра Божы гнеў супраць нявернага Ізраэля і нават гатоўнасць вынішчыць тых, каго раней Пан вывеў з Егіпта. Аднак бачым, што Пан “дае сябе пераканаць” Майсею і адступаецца ад запланаванага пакарання.

Варта добра зразумець, што калі ў Пісаннях ідзе гаворка пра Божы гнеў ці рэўнасць, гэта трэба ўспрымаць як неабыякавасць Пана да лёсу сваіх дзяцей.

Бог ненавідзіць зло, бо Яму не ўсё роўна тое, што адбываецца з намі, і калі мы збочваем на дрэнную дарогу, наш Айцец стараецца знайсці спосаб, каб паказаць нам, што мы загубіліся, што там небяспечна. Бог ненавідзіць грэх, але ніколі не перастае любіць грэшніка. Наш Нябесны Айцец аддзяляе грэх ад чалавека, які грэшыць, і жадае, каб грэшнік навярнуўся і ўратаваў сваю душу. Св. Павел нагадвае ў другім чытанні, што “Езус Хрыстус прыйшоў у свет, каб збавіць грэшнікаў”: такая вялікая любоў Айца да нас, што для нашага ратунку даў нам Сына. Таму нам трэба не баяцца, а набліжацца “з даверам да трона ласкі” (Габр 4, 16), каб акунуцца ў акіян Божай міласэрнасці.

Няхай кожны сакрамэнт споведзі будзе для нас такой сустрэчай з міласэрнай Божай любоўю – сустрэчай, якую не будзем адкладаць, а імкнуцца да той радасці, што нам абяцана Езусам – Уцелаўлёнай Любоўю, якая ніколі не стамляецца прабачаць, якая ніколі не губляе цярплівасці да нас, хоць мы самі яе губляем у дачыненні да сябе.

Аднак не толькі падчас споведзі, але і напрыканцы кожнага дня, маем магчымасць дазволіць Богу ачысціць нас ад таго, што забруджвае душу, знявольвае яе. Дайма Богу шанц занурыць нас у Ягоную любоў, адчуйма сябе ў Ягоных абдымках, як малодшы сын з прыпавесці!

Пазнаць жаданне Божага Сэрца

Напэўна таму, што мы недастаткова насычаемся і напаўняемся міласэрнай любоўю Айца, а самастойна, з пачуцця абавязку ці самаўпэўненасці, стараемся самі сябе вылечыць (калі наогул стараемся), у нас у выніку слаба атрымліваецца нешта змяняць у сваім жыцці на лепшае і адчуваць глыбокую радасць. Наша навяртанне заўсёды пачынаецца пачынаецца з адкрыцця сапраўднага вобразу Бога, перамены разумення таго, што Ён робіць для нас.

Трэба прызнаць і шукаць вызвалення ад такога ўспрымання Айца, якое маюць абодва сыны.

Малодшы ўспрымаў бацьку як перашкоду для сваёй незалежнасці і неабмежаванага жадання прыемнасцяў; старэйшы бачыў у ім крыніцу наказаў і бязрадасных абавязкаў. Мы таксама паддаемся самай першай спакусе, як Ева, прымаючы на веру, што непаслухмянасць Божаму слову дасць нам свабоду і шчасце, а ў выніку застаемся ні з чым, з пачуццём сораму і страху. Каб вырвацца з гэтай аблуды, няма іншага выйсця, як глядзець на трэцяга Сына – таго, хто адкрывае для нас браму Божай міласэрнай любові і вучыць шляху сапраўднай свабоды і шчасця: вучыць, як быць сынамі і дочкамі праз паслухмянасць нашаму прызначэнню – быць спадкаемцамі ў доме Айца разам з Ім. Праз Яго мы пазнаём жаданне Божага Сэрца: каб усе загубленыя сыны і дочкі – і малодшыя, і старэйшыя – знайшлі дарогу дамоў. Няхай гэтае жаданне станецца памкненнем і нашага сэрца, бо Божая міласэрнасць — дар, які немагчыма затрымаць толькі для сябе, яна падштурхоўвае дзяліцца гэтым дарам з іншымі, несці яго далей.

 Віктар Жук SJ