З нагоды стагоддзя рэарганізацыі Таварыства Езуса ў Польшчы айцец Артура Соса SJ 15-16 мая наведаў супольнасці ў Кракаве і Варшаве.
Свой візіт айцец генерал распачаў у пятніцу 15 мая з Кракава. Першым пунктам праграмы была ўрачыстая Імша ў базыліцы Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якую цэлебраваў кардынал Гжэгаж Рысь, мітрапаліт Кракаўскі.
Затым айцец генерал прыняў ўдзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Працяг і трансфармацыі. Да стагоддзя рэарганізацыі структур Таварыства Езуса ў Рэспубліцы Польшча”, арганізаванай езуіцкім універсітэтам Ignatianum у Кракаве. Спачатку ўдзельнікаў канферэнцыі прывітаў а. Яраслаў Пашынскі SJ, правінцыял Паўднёвапольскай правінцыі Таварыства Езуса. З афіцыйнымі прамовамі выступілі кардынал Гжэгаж Рысь і айцец Артура Соса SJ. Канферэнцыю адкрыў рэктар і прафесар універсітэта Ignatianum у Кракаве, д-р навук айцец Томаш Хома SJ. На працягу дня адбыліся навуковыя сесіі і панэльныя дыскусіі з удзелам даследчыкаў з Польшчы і замежных гасцей, у тым ліку з Германіі і Літвы.
У суботу 16 мая айцец генерал адправіўся ў Варшаву на ўрачыстую Імшу ў Нацыянальным санктуарыі святога Андрэя Баболі. Цэлебраваў Імшу арцыбіскуп Адрыян Гальбас, а гамілію прамовіў айцец Артура Соса SJ. Касцёл быў перапоўнены вернікамі. Прысутнічалі і ўдзельнікі Нацыянальнай працэсіі Хрыста Валадара, якія з рэліквіямі святога Андрэя Баболі прайшлі шлях ад варшаўскай катэдры да ягонага санктуарыя на вуліцы Ракавецкай.
У гэты дзень, у гонар стагоддзя з дня заснавання Велікапольска-Мазавецкай правінцыі Таварыства Езуса, было арганізавана шмат іншых важных мерапрыемстваў, у якіх удзельнічаў генерал ордэна. Ён сустрэўся з польскімі езуітамі і супрацоўнікамі езуітаў у місіі Таварыства Езуса.
Падчас сустрэчы з сабратамі айцец генерал адказаў на пытанні аб рэлігійнай фармацыі, працы на перыферыях і штучным інтэлекце. Адносна працы на межах ён растлумачыў, што гэта частка езуіцкай ідэнтычнасці, адданасць, звязаная з рызыкай.
У пачатку другой паловы дня а. Артура Соса адказаў на пытанні свецкіх асоб, якія, падзяліўшыся меркаваннямі пра сваю працу ў Езуіцкай службе бежанцам (JRS), удзел у дзейнасці парафій і адукацыі, далі магутнае сведчанне свайго клопату пра місію, часткай якой яны пачуваюцца.
Падчас адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў гонар айца Адама Штарка SJ, айцец генерал меў магчымасць пагутарыць з яго сям’ёй і выказаць сваё захапленне яго гераічнымі ўчынкамі. Ён таксама згадаў, што было шмат палякаў, якія рызыкавалі сваім жыццём, каб выратаваць іншых, і айцец Штарк – іх найлепшы прадстаўнік.
Айцец генерал таксама прыняў удзел у адкрыцці Юбілейнай эка-алеі, закладзенай у гонар стагоддзя правінцыі перад езуіцкім калегіумам у Варшаве. Яна мае нагадваць езуітам пра адзін з чатырох апостальскіх прыярытэтаў Таварыства Езуса ў сучасным свеце: клопат пра наш агульны дом.
З гаміліі Генеральнага настаяцеля езуітаў, айца Артура Сосы SJ, падчас святой Імшы ў Нацыянальным санктуарыі святога Андрэя Баболі
“Сто гадоў таму, з увагі на вялікую колькасць пакліканняў, езуітаў і спраў, якія яны рэалізавалі ў Польшчы, былі створаны дзве правінцыі Таварыства Езуса, якія існуюць і дагэтуль: Велікапольска-Мазавецкая правінцыя з сядзібай у Варшаве і Малапольская правінцыя – сёння яна называецца Паўднёвапольскай – з сядзібай у Кракаве. Яны замянілі папярэднюю Польскую правінцыю Таварыства Езуса», – прыгадаў прысутным Генеральны настаяцель езуітаў.
Ён падкрэсліў, што гэты асаблівы юбілей дае езуітам магчымасць падзякаваць Богу за мноства пакліканняў і за вернае суправаджэнне тых, хто адгукнуўся на Ягоны заклік. Айцец генерал таксама патлумачыў, што “мы святкуем не толькі, каб успомніць гісторыю, але, у першую чаргу, каб, умацаваныя ўсведамленнем таго, як сам Бог суправаджаў нас, яшчэ больш уважліва прыслухоўвацца да Ягонага голасу, лепш распазнаваць знакі часу, і яшчэ больш супрацоўнічаць у Ягонай місіі збаўлення свету і паяднання ўсяго і ўсіх у Хрысце”.
“Да чаго нас заклікае Бог сёння, асабліва нас, езуітаў, але і тых, хто натхняецца ігнацыянскай духоўнасцю або сведчаннем святога Андрэя Баболі?” – спытаў айцец Артура Соса.
“Назіраючы за развіццём падзей апошніх гадоў у свеце і тут, у Польшчы, якая мяжуе з Украінай, цяжка не заўважыць, што адсутнасць еднасці ў чалавечай сям’і, як унутры асобных краін, так і паміж імі, а таксама розныя палярызацыі і падзелы, здаецца, усё больш узмацняюцца, што прыводзіць да напружанасці і войнаў, галоўнымі ахвярамі якіх заўжды з’яўляюцца самыя безабаронныя. Існуюць розныя тыпы войнаў. Некаторыя выкарыстоўваюць танкі і ракеты, сеючы фізічную смерць і разбурэнне. Але ёсць таксама войны слоўныя і інфармацыйныя, войны пазіцый, лініі фронту якіх знаходзяцца не за сотні кіламетраў, а ўнутры нашых грамадстваў, супольнасцяў і сем’яў. Гэтыя войны не забіваюць адразу, а дзень за днём атручваюць жыццё, разбураючы цывілізацыю і чалавечнасць”.
“На жаль, нашыя грамадствы не застрахаваныя ад спакусы палярызацыі, ад спакусы культуры барацьбы за ўладу коштам агульнага дабра. Часам нават нашыя касцёльныя супольнасці не маюць імунітэту перад гэтымі спакусамі”.
Звяртаючыся да чытанняў, айцец генерал звярнуў увагу на найважнейшую місію, якая стаіць перад езуітамі сёння: місію паяднання.
“Чым больш нас закранаюць наступствы войнаў, агрэсіі, палярызацыі і бясконцых спрэчак, якія атручваюць жыццё, тым выразней мы ўсведамляем, што супакою нельга дасягнуць гвалтам, хітрасцю, падманам ці адной толькі чалавечай мудрасцю. Святы Павел не імкнецца […] нівеляваць адрозненні. Ён бачыць паяднанне і крыніцу еднасці выключна ў крыжы Хрыста, у якім месціцца сіла веруючых людзей”.
“Логіка крыжа быццам саступае моцы танкаў, ракет і бомбаў, магутнасці буйнога капіталу. Логіка крыжа здаецца бяссільнай перад стварэннем рэальнасці, вялікім уплывам сродкаў масавай інфармацыі і перад абліччам постпраўды. Аднак усё гэта толькі на выгляд”.
“Зірнуўшы ж на гісторыю чалавецтва, няцяжка зразумець, што ні красамоўства чалавечага слова, ні гвалт грубай сілы, ні грошы ніколі не гарантавалі ніводнаму грамадству справядлівага міру і адзінства. А вось крыж Хрыстовы, інакш кажучы, ахвяра любові, дар сябе людзям, мае неймаверную моц перамяняць чалавечыя сэрцы”.
“Святы Андрэй Баболя не ўцёк з разбураных вайной і пазначаных падзеламі тэрыторый, хоць і ведаў, што яму пагражае смерць. Ён застаўся сярод людзей як святар і служыў ім як пастыр: прапаведаваў, спавядаў, катэхізаваў, наведваў хворых і арганізоўваў рэлігійнае жыццё”.
“Аповеды пра смерць святога Андрэя асабліва падкрэсліваюць адсутнасць у ім нянавісці да ганіцеляў і ягоную вернасць Хрысту, нягледзячы на велізарныя пакуты”.
“Няхай святы Андрэй Баболя будзе для езуітаў абедзвюх правінцый, для тых, хто прымае ўдзел у іх апостальскіх абавязках, і для ўсіх, хто жыве на гэтай зямлі, прыкладам і адначасова заклікам да нястомнага распазнавання, як заставацца вернымі Хрысту і служыць людзям нават у свеце, поўным насілля, падзелаў, палярызацыі і несправядлівасці, каб садзейнічаць перамене іх сэрцаў праз мудрасць Хрыстовага крыжа”.
Тэкст і фота: https://jezuici.pl/2026/05/o-arturo-sosa-sj-w-krakowie-rozpoczely-sie-obchody-jubileuszu-polskich-prowincji-jezuitow/
https://jezuici.pl/2026/05/tozsamoscia-jezuitow-jest-podejmowanie-ryzyka-a-zadaniem-misja-jednania/