Гамілія на ХХIV звычайную нядзелю, год B

Чытанне святога Евангелля паводле Марка

Езус са сваімі вучнямі пайшоў у вёскі Цэзарэі Філіпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы ім: Кім людзі лічаць Мяне? Яны адказвалі Яму: Янам Хрысціцелем, другія — Іллёю, іншыя — адным з прарокаў. А Ён спытаўся ў іх: А вы кім лічыце Мяне? Пётр сказаў Яму ў адказ: Ты — Хрыстус. І загадаў ім, каб нікому не казалі пра Яго.

І пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець, і быць адкінутым старэйшымі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. І казаў пра гэта адкрыта. А Пётр, адвёўшы Яго ў бок, пачаў дакараць Яго. А Ён, павярнуўшыся і паглязеўшы на сваіх вучняў, дакарыў Пятра, сказаўшы: Адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты не пра Божае думаеш, а пра чалавечае.

І, паклікаўшы натоўп разам з вучнямі сваімі, сказаў ім: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго.

Мк 8, 27–35

Галоўнае пытанне

«А вы кім лічыце Мяне?» — гэтае пытанне сёння скіроўвае Пан Езус да апосталаў і таксама да кожнага з нас, Ягоных вучняў, якія жывем у ХХІ стагоддзі.

Не будзе перабольшваннем сказаць, што гэта галоўнае пытанне для кожнага, хто вызнае сябе хрысціянінам: кім насамрэч для мяне з’яўляецца Езус?

Магчыма, для кагосьці Ён — адзін з вялікіх герояў мінулага, які пакінуў пасля сябе мудрае вучэнне, стараўся растлумачыць людзям праўду пра Бога, заклікаў да добрых паводзінаў адносна іншых людзей… Хтосьці можа дадаць, што Езус з Назарэта, напэўна, меў геніяльную духоўную інтуіцыю, быў смелым чалавекам, бо ішоў супраць рэлігійных устояў таго часу, нават валодаў незвычайнай моцай вылечваць ад хваробаў… Але ўсіх гэтых сцвярджэнняў недастаткова, каб сказаць, кім ёсць Езус для ўсяго чалавецтва і для кожнага, хто паверыў у Яго.

«Ты — Хрыстус», —адказвае Пётр свайму Настаўніку на Яго пытанне і такім чынам вызнае тую ўнікальную ролю ў гісторыі гэтага свету, якая належыць Езусу, «Сыну Чалавечаму». Але, як становіцца адразу відавочна, разуменне гэтай ролі Хрыста Пятром (і намі, зыходзячы са звычайнага чалавечага пункту гледжання) вельмі адрозніваецца ад таго, што ведае Езус.

У мінулую нядзелю мы слухалі евангельскі фрагмент пра аздараўленне Езусам глуханямога. У сённяшнім урыўку становімся сведкамі глухаты іншага кшталту: хоць Пётр чуе словы Настаўніка, але не здольны прыняць іх, бо думае «пра чалавечае», а не «пра Божае» — таму, хоць і ўмее гаварыць, але пры гэтым кажа такое, за што Езус называе яго «сатаной». Калі чалавек агучвае голас злога духа, супраціўніка Бога і ворага збаўлення, становіцца інструментам зла — у большай ці меншай меры. Напэўна, праз сваю жорсткую рэакцыю Пан Езус хацеў даць зразумець, што гаворка ідзе пра нешта вельмі важнае. Пётр жа насамрэч становіцца голасам нашага супраціву і неразумення таго, што шлях да хвалы ўваскрасення ідзе праз крыж.

Крыж — (адзіны) шлях да славы ўваскрасення

У адносінах з Богам і адпаведна ў нашым успрыманні жыцця ў святле веры мы ніколі не перастанем змагацца са схільнасцю абмежаваць Бога нашымі чалавечымі катэгорыямі, нашым прыземленым уяўленнем пра сэнс жыцця і шлях да шчасця. Хрысціянства не адмаўляе чалавеку ў радасці, задавальненнях і прыемнасцях, але мы схільныя да таго, каб у матэрыяльных дабротах і зямной славе бачыць максімум сваіх дасягненняў. Езус абвяшчае вучням, што ўваскрэсне; і такім жа чынам, як і ўсё, што Ён здзяйсняе, з’яўляецца дарам для ўсіх, так і Яго ўваскрасенне стане пачаткам удзелу ў Божай хвале для кожнага, хто прыме Яго збаўленне, — чымсьці зусім новым і нечуваным, чаго чалавек не ў стане прыдумаць, не тое што стварыць.

Але ўваскрасенне — гэта кульмінацыя ўсёй місіі Сына Божага і Сына Чалавечага; місіі, якая праходзіць праз Яго поўнае адданне сябе людзям: праз ахвяру Яго жыцця на крыжы.

Яшчэ ў першыя стагоддзі хрысціянства айцы Касцёла заўважылі сімвалічную форму крыжа: вертыкальная бэлька скіраваная ўвыш, у неба, нібы спалучаючы зямное і нябеснае, паказваючы шлях туды, дзе знаходзіцца Бог. Адначасова гарызантальнае плячо нібы абдымае ўсю паверхню зямлі, усю чалавечую гісторыю.

Перад адным з касцёлаў у Беларусі стаіць крыж, канцы гарызантальнай бэлькі якога закругленыя ў бок таго, хто стаіць перад ім, як знак «абдымкаў», прыняцця чалавека з усім, чым ён ёсць. Праз ахвяру Езуса на крыжы гэты жудасны інструмент смерці стаў месцам найвышэйшага акту любові, дзе ўсё тое, што робіць нас нягоднымі, было знішчана Божай міласэрнасцю, дзе Божы Сын узяў на сябе грэх усяго свету.

Калі мы хочам па-сапраўднаму быць Ягонымі вучнямі, калі хочам мець удзел у Ягонай хвале, кажа сёння Езус, і мы таксама пакліканы узяць свой крыж — не Ягоны, цяжар якога мог несці толькі Ён, а свой, які адпавядае нашым магчымасцям. Менавіта такім чынам Божая перспектыва становіцца нашай і замяшчае нашыя чалавечыя — надта чалавечыя — чаканні і жаданні.

Дзе мой крыж?

Што значыць для кожнага і кожнай з нас «узяць свой крыж», каб наследаваць Езуса? Адказ на гэтае пытанне будзе вельмі асабістым, бо ўсе мы знаходзімся ў розных жыццёвых абставінах. Для кагосьці гэта цяжкая сямейная сітуацыя, непаразуменне, насілле ці алкагалізм блізкіх, разбітыя сем’і, агрэсіўныя і несправядлівыя адносіны на месцы працы ці з суседзямі, цяжкае эканамічнае становішча… Гэта могуць быць і нашы ўласныя слабасці, наш грэх, ад якога не можам пазбавіцца, залежнасць, няўменне дараваць, прымірыцца і любіць па-сапраўднаму. У любым выпадку, крыж — не самамэта і не праклён, а наш спосаб быць падобнымі да нашага Пана з вераю, што несучы свой крыж, мы ідзем за Ім.

Мы павінны баяцца не крыжа, а таго, што, думаючы «не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае», адмовімся ўзяць свой крыж.

Варта шчыра задацца пытаннем: ці мая мэта ў жыцці — гэта «знайсці ўтульнае месцейка» і далей не высоўвацца, пастаянна адчуваць задавальненне, ігнаруючы патрэбы іншых, цярпенне і несправядлівасць навокал, ці маё імкненне — гэта быць па-сапраўднаму чалавекам, не хаваючыся ад выклікаў гэтага свету ў абставінах майго жыцця і ад таго высілку, які патрэбны, каб супрацьстаяць уласным слабасцям?..

Адрачэнне ад сябе, да якога заклікае Езус, мае на ўвазе не адмову ад таго, што вызначае нашу сапраўдную каштоўнасць і годнасць, а вайну са сваім эгаізмам, які вымушае нас шукаць задавальнення і шчасця там, дзе можам знайсці толькі фальшыўку. Мы пакліканыя не імкнуцца любым коштам пазбегнуць болю і цярпення, бо яны ёсць у кожным жыцці, але, падобна Езусу, успрымаць цярпенне як частку нашага шляху і вучыцца ад нашага Пана той любові, якая пераўзыходзіць чалавечыя стандарты, бо сапраўды не шукае свайго. Гэта шлях Пасхі, шлях да зямлі абяцанай — да ўваскрасення разам з Езусам. Няхай наш Пан ласкай Духа Святога сёння ўмацуе нашыя крокі на гэтым шляху. Амэн.

Віктар Жук SJ