Езуіты [афіц. назва – Societas Jesu (SJ), Таварыства Езуса], кататаліцкі ордэн законнікаў рэгулярных (статутных) клірыкаў, заснаваны ў 1534 г. каталіцкім святаром Ігнацыем Лаёлам і зацверджаны 27 верасня 1540 г. папам Рымскім Паўлам III булай «Regimini militantis Ecclesiae». Дзейнасць членаў ордэна мае на мэце прапаганду і абарону каталіцкай веры, місіянерства, асветніцкую дзейнасць, каталіцкае выхаванне і адукацыю вернікаў. Сімвал ордэна – манаграма імя Хрыста (IHS), дэвіз – «Ad majorem Dei gloriam» (A.M.D.G. – Да большай славы Божай) [2].

Дзейнасць езуітаў як у часы іх заснавання, так і па сённяшні дзень мае адасобленае становішча ад іншых манаскіх ордэнаў, і, часамі, стварае ўражанне нечага таямнічага або варожага. Працай ордэна, іх асветніцкай і душпастэрскай дзейнасцю займаюцца шматлікія айчынныя і замежныя даследчыкі. Навукоўцы ў стаўленні да езуітаў падзяліліся на два погляды:

  • езуіты маюць станоўчае значэнне для развіцця каталіцтва і грамацтва (У. Арлоў, А. Жлутка, Л. Карнілава, С. Марозава, С. Палуцкая, А. Самусік, Ю. Лаўрык і інш.);
  • езуіты з’яўляюцца дэмаралізатарамі грамадства і разбуральнікамі хрысціянскіх дагматаў (Л. Веліковіч, Я. Мараш, Д. Міхневіч, С. Цярохін і інш.).

Першы погляд – станоўчы – сцвярджае, што наватарскія, энергічныя дзеянні Ордэна сталі сапраўдным выратаваннем для каталіцкай царквы ў час надзвычай небяспечнага для яе крызісу 1-й паловы XVI ст. і ў час пазнейшай царкоўнай рэформы; наватарскія падыходы езуітаў да адукацыі і да дактрынальных пытанняў заклалі падмурак для далейшай дзейнасці ўсёй Каталіцкай царквы [10, с. 210].

Другі погляд – адмоўны – асноўваецца на нетыповай для каталіцкіх ордэнаў таямнічасці «Таварыста Езуса», яго магутнасці і сталым, маштабным умяшанні ў свецкія справы; паведамляецца, што слова «езуіт» стала назоўным і сімвалізавала ва ўсіх еўрапейскіх мовах крывадушнасць, падступнасць, хітрасць [3]. Езуітам нават пачалі прыпісваць дэвіз «Мэта апраўдвае сродкі».

Класавая нялюбасць гісторыкаў стварыла ўяўленне пра езуітаў як пра “людзей небяспечных ды кемлівых і наогул з усіх бакоў не нашых”. Такі гістарычны падыход да дзейнасці езуітаў быў прадыктаваны былой ідэалогіяй [5, с. 153].

Сучасная каталіцкая царква прызнае велізарныя дасягненні езуітаў у тэалагічнай, асветніцкай, культурнай, адукацыйнай, навуковай, сацыяльнай, мастацкай і іншых сферах жыцця грамадства, беларускага ў тым ліку.

У кола манахаў ордэна езуітаў уваходзілі выключна высокадукаваныя асобы, якія атрымлівалі дыпломы ў лепшых універсітэтах Еўропы. Стварэнне такога ордэна (адукаваных манахаў) было запатрабавана тагачасным грамадствам. Пасля “цёмнай”, прадаўжальнай эпохі Сярэднявечча людская існасць мела патрэбу ў вызваленні ад хрысціянства, якое ў некаторай ступені, дайшло да фанатызму. У XV–XVI стст. свядомасць людзей перайшла на новы этап і патрабавала прагрэсу, развіцця і вызвалення ад пануючага светапогляду. Такім крокам стаў перыяд Рэфармацыі, што для каталіцкай царквы азначала – заняпад і магчымае знікненне. У гэты самы пераломны момант арганізавалася дзейнасць езуітаў, якая не будавалася на ваенных, варварскіх захопах. Дзякуючы адукацыйнаму падыходу, езуіты тлумачылі, вучылі правільна разумець каталіцкія дагматы і змаглі знайсці патрэбны падыход да вяртання людзей да каталіцкай веры.

Перыяд велізарных адкрыццяў і дасягненняў чалавецтва XVI ст.: адкрыццё Калумбам Амерыкі; Еўропа даведалася пра існаванне Кітая і іншых дагэтуль няведамых краін. Езуіты заклалі асновы геаграфічнай адукацыі, дзякуючы таму, што праца ордэна разгалінавалася на тэрыторыі Амерыкі, Кітая, Індыі, Еўропы. Прадстаўнікі ордэна праводзілі даследаванні ў галіне батанікі і біялогіі. Складалі слоўнікі з перакладамі слоў з лацінскай мовы на нацыянальныя.

Распаўсюджванне ордэна і яго місіянерскай дзейнасці адбывалася дастаткова хуткімі і шырокімі крокамі. На тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага езуіты з’явіліся ў 1569 г. у г. Вільні. Паказальна, што ў часы Рэчы Паспалітай на тэрыторыі сучаснай Беларусі месцілася больш за палову езуіцкіх цэнтраў, а буйнейшыя з іх існавалі менавіта на ўсходніх землях, у непасрэднай блізкасці да мяжы з праваслаўнай Расіяй – у Віцебску, Магілёве, Полацку. Тут, пры адсутнасці канкурэнцыі з боку свецкіх магнацкіх устаноў, храмы, калегіумы, бурсы, школьныя тэатры езуітаў ажно да канца XVIII ст. заставаліся ўплывовымі асяродкамі духоўнага, інтэлектуальнага, мастацкага жыцця [1, с. 50].

Ад 1773 г. па 1814 г. афіцыйна Ордэн перастаў існаваць, але Кацярына Вялікая дазволіла езуітам захаваць Ордэн на тэрыторыі Расійскай Імперыі ў межах магілёўскіх зямель. У 1814 г. Ордэн быў адроджаны ў Еўропе, а ў 1820 г. ён быў забаронены ў Расійскай імперыі.

Адразу пасля свайго размяшчэння на землях Вялікага Княства Літоўскага, езуіты заклалі Віленскі езуіцкі калегіум у 1570 г. у Вільні, які быў пераўтвораны ў 1579 г. ў акадэмію (універсітэт). Гэта быў першы ўніверсітэт на тэрыторыі Усходняй Еўропы. У 1812 г. у Полацку была створана Акадэмія і лічылася адным з прэстыжных еўрапейскіх навучальных устаноў і ў рэйтынгу займала блізкую пазіцыю побач з Сарбонскім універсітэтам.

Выхаванцамі езуітаў былі Сімяон Полацкі, Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан, Ігнат Дамейка, Валенцій Ваньковіч, Ян Баршчэўскі, Васіль Лужынскі і інш. [8]. Таксама трэба адзначыць праслаўленага святара і абаронцу каталіцкай веры Андрэя Баболю, які ўзведзены ў лік святых. Беларускі філолаг Язэп Янушкевіч сцвярджае, што на тэрыторыі Ракава была знойдзена паэма, якая належыць руцэ Янкі Купалы, і прысвечана святому Андрэю Баболю [9].

Да сярэдзіны XVII ст. езуіты стварылі на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага разгалінаваную сетку навучальных устаноў сярэдняга і вышэйшага ўзроўню – школы, калегіумы, акадэміі (каля 10 вышэйшых гуманітарных школаў, з іх дзве акадэміі і 7 гімназіў); мелі свае друкарні і выдавалі велізарную колькасць кніг.

Езуіты стварылі методыку навучання, а таксама сістэматызавалі паслядоўнасць навучання і адпачынку навучэнцаў з улікам фізічных і псіхалагічных магчымасцей чалавека: зрабілі сістэму класаў, урокаў, нарміраванасць вучэбнага дня, сцвердзілі аб неабходнасці выкарыстання наглядных дапаможнікаў. Яны надавалі ўвагу фізічнаму выхаванню вучняў і іх здароўю. Шмат часу адводзілася плаванню, верхавой яздзе, фехтаванню, танцам. Амаль пры кожным калегіуме існавала музычная бурса. Пры большасці калегіумаў былі створаны тэатры. Ставіліся спектаклі на біблейскія, антычныя, гістарычныя сюжеты [4, с. 61]. Па сваёй сутнасці гэтыя тэатры былі не толькі і не столькі з’явай уласна мастацкай, колькі дыдактычна-выхаваўчай. Тэатральныя пастаноўкі далучалі моладзь да сусветнай гісторыі, прывівалі цікавасць да навукі і мастацтва, развівалі добры густ і выхоўвалі пэўныя маральныя якасці.

Вакальная і інструментальная музыка ўжывалася ў інтэрмедыях і інтэрлюдыях, якія выконваліся паміж дзеямі школьных драм і парадзіравалі гэтыя дзеі. У інтэрмедыйныя эпізоды (а яны насілі пераважна народнажанравы, камедыйны характар) пранікалі элементы беларускага фальклору [1, с. 69]. У езуіцкія навульныя ўстановы прымалася моладзь любога веравызнання, нацыянальнасці і саслоўя. Адукацыя была бясплатная.

Аптэкі і развіццё фармацэўтыкі на тэрыторыі тагачаснай Беларусі з’явіліся таксама дзякуючы езуітам [6, с. 112]. Першая аптэка была створана ў Гродна і дзейнічае да сённяшняга дня. Езуіты не толькі рыхтавалі і прадавалі лекі, але і лячылі людзей, прызначалі лячэнне.

Безумоўна знакавым і важным стала дзейнасці езуітаў у галіне будаўніцтва сакральнай архітэктуры. Гэта сапраўды шэдэўры мастацтва, якія сёння можам убачыць у Гродна, Мінску, Нясвіжы. Езуіты прынеслі на тэрыторыю Вяліка Княства Літоўскага архітэктурны стыль Барока з яго веліччу формаў і неапісальнай прыгажосцю ўнутранага аздаблення. Архітэктура і мастацтва езуітаў адзначаюцца непаўторнай прыгажосцю, бо манахі імкнуліся паказаць веліч, выключанасць Бога і божага дома – храма.

У сваёй адукацыйнай і асветніцкай дзейнасці езуіты арыентаваліся на выкарыстанне нацыянальных культурных традыцый і моваў у краінах, якіх працавалі. Так, у тэатральных пастаноўках, спевах выкарыстоўвалася беларуская мова.

Пры адкрыцці езуіцкіх навучальных устаноў на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага кіраўніцтва Ордэна пайшло на ўключэнне ў праграму беларускай мовы асобнай дысцыплінай. Першыя звесткі пра яе выкладанне ў Полацку з’яўляюцца ў 1584 г. [7].

Яшчэ адным важным фактам у душпастырскай дзейнасці езуітаў з’яўляецца факт абуджэння чалавечай свядомасці і пазнання самаго сябе (пачаткі развіцця псіхалогіі).

Такім чынам, езуіцкі ордэн стварый спрыяльнае сацыякультурнае асяроддзе для развіцця каталіцкай царквы, адукацыі, культуры, навукі, мастацтва ў Беларусі: выкарыстанне нацыянальных моў, тэатралізацый на біблейскія сюжэты, захаванне традыцый народнай культуры. Пасля сябе езуіты пакінулі ў Беларусі не толькі свой погляд на адукацыю, але і багатую архітэктурную спадчыну – будынкі касцёлаў, калегіумаў, манастыроў.

Брат Алег Шэнда OFMCap
Беларуская кустодыя Ордэна
Меншых Братоў Капуцынаў
Магістр тэалогіі

Спіс выкарыстаных крыніц:

1. Дадзіёмава, В.У. Гісторыя музычнай культуры Беларусі да XX стагоддзя / В.У. Дадзіёмава. – Мінск: Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, 2012. – 230 с.
2. Іезуіты // Праваслаўная энцыклапедыя [Электронны рэсурс]. – 2014. – Рэжым доступу: http://www.pravenc.ru/text/293585.html. – Дата доступу: 08.03.2020.
3. Каталіцкі часопіс «Энфармасьён каталік інтэрнасьяналь» паводле паведамлення ў Л.Н. Великович. Чёрная гвардия Ватикана. – 2-е выд., дап. – М.: Мысль, 1985. – 271 с.
4. Корнеенкова, И.А. Система образования Ордена иезуитов в Беларуси / И.А. Корнеенкова // Научные труды кафедры “История, мировая и отечественная культура” БНТУ. – Минск : БНТУ, 2011. – С. 59–65.
5. Нарэйка, Т.І. Праблемы гістарыяграфіі культурна-асветніцкай дзейнасці езуітаў на беларускіх землях / Т. І. Нарэйка // Працы гістарычнага факультэта БДУ: навук. зб. Вып. 2 / рэдкал. У.К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.] – Мн: БДУ, 2007. – С. 153–157.
6. Новик, Е.К. История Беларуси. С древнейших времен до 2013 г. : учеб. пособие / Е.К. Новик, И.Л. Качалов, Н.Е. Новик; под ред. Е.К. Новика. – 4-е изд., испр. и доп. – Минск: Выш. шк., 2013. – 558 с.
7. Полацкі езуіцкі калегіум // Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. – [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: https://www.psu.by/be/universitet/279-spadchyna-polatskaj-zyamli/10578-polatski-ezuitski-kalegium-u-1581-1640-ya-gg. – Дата доступу: 09.03.2020.
8. Рылка, А. Хто такія езуіты? / А. Рылка // «Каталіцкі веснік» №9 (30). – 2013. – [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://old.catholic.by/2/home/authors-rubrics/rylka/119306-ezuitybelarus.html. – Дата доступу: 09.03.2020.
9. Янушкевіч, Я. Янка Купала – аўтар паэмы пра св. Андрэя Баболю / Я. Янушкевіч // Наша вера. – 2002. – № 2. – [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://media.catholic.by/nv/n20/art3.htm. – Дата доступу: 09.03.2020.
10. Holtz, Leonard Geschichte des Christlichen Ordenslebens. Benziger Verlag AG Zuerich, 1986 [2-е выд., дап., 1991]. ISBN 83-228-0214-V С. 209–211.

Артыкул апублікаваны ў зборніку:
Культура: открытый формат: Международная заочная научная конференция (Минск, 24 июня 2021 г.): сборник научных статей / Белорусский государственный университет культуры и искусств; [ред. кол.: Е. Е. Корсакова, Ю. Н. Галковская, Е. В. Пагоцкая, Н. Е. Шелупенко, А. А. Филиппов]. – Минск, 2022. – С. 357-361. http://repository.buk.by:8080/handle/123456789/25467