Айцец Станіслаў Памыкала SJ, які адышоў да Пана пасля цяжкай хваробы, дзесяць гадоў працаваў у розных парафіяльных супольнасцях Віцебскай дыяцэзіі. Партал Catholicnews.byанлайн-версія газеты Віцебскай дыяцэзіі “Каталіцкі Веснік”, апублікаваў успаміны вернікаў і святароў пра яго душпастырскае служэнне.

Сцяпан, парафія Святога Уладзіслава (Віцебск):

– З айцом Станіславам мы часта хадзілі з касцёла адным шляхам, размаўлялі, маліліся на ружанцы. Наогул ён кожны вечар хадзіў на шпацыры, падчас якіх маліўся на ружанцы, казаў, што  «трэба намаляваць дарогу ў Білеве».

З ім было проста, добра размаўляць. Можна было звярнуцца з любым пытаннем, ён заўсёды нешта падкажа, растлумачыць. Увесь час хадзіў з усмешкай, нягледзячы на ​​акалічнасці. Гэта моцна падтрымлівала. Ён заўсёды казаў: тое, што Бог даў, мы павінны перажыць.

Па калядзе да нас хадзіў кожны год. Размовы з ім былі доўгія, прысвечаныя рэлігіі і жыццю. Пасля іх станавілася спакойна на душы. Памятаю, як прыйдзе, скажа «ты мой пляменнік, а я твой дзядзька»,  – бо быў на пяць гадоў старэйшы за мяне.

Мог бы затрымацца з намі і надаўжэй, хаця б, каб убачыць Касцёл. Танцаваў бы ён тут у нас, як танцаваў там (у капліцы). Памятаю, неяк ішлі мы з касцёла, а побач машына спынілася, і з машыны музыка, а ён сутану прыўзняў і пачаў танцаваць, а вакол снег… Вясёлы быў.

Ірына, парафія Святой Тройцы (Глыбокае):

 – Айцец Станіслаў Памыкала падчас свайго служэння ў нашай парафіі праводзіў біблійныя сустрэчы для дарослых. Гэта быў вельмі адукаваны чалавек, але ніколі не паказваў, што шмат ведае. Наадварот, паводзіў сябе вельмі проста, любіў жартаваць, смяяцца і гэтым прыцягваў да сябе. Было сапраўды прыемна, я часта вярталася да тых прыкладаў, якія ён даваў.

Памятаю момант, каторы паказвае, якім чынам ён ставіўся да цярпення. Калі ў мяне цяжка хварэла мама, а. Станіслаў папрасіў яе ахвяраваць гэтыя цярпенні за яго, каб гэта было недарэмна, “бо ў Бога нічога недарэмна” І такія думкі неяк дапамагалі маці, прынамсі духоўна.

Таксама быў іншы момант, які застанецца ў памяці на ўсё жыццё. На наступны  дзень пасля Вялікадня мы як валанцёры збіраліся ў лякарню адвезці прысмакі. Ў той дзень а. Станіслаў быццам бы свяціўся ад радасці, спяваў нешта на польскай мове, прытанцоўваў, ўсюды казаў “Хрыстос уваскрос!” Гэта была сапраўды шчырая радасць, нібы дзіцячая. І вось ў лякарні мы сустрэлі праваслаўнага святара, той неяк засмуціўся… Айцец Станіслаў раскінуў рукі і прывітаў яго з братэрскай любоўю. Быў ён сапраўды адкрыты чалавек.

Сястра Даша Галубкова OV, Апостальская Нунцыятура (Казахстан):

– Памятаю, калі айцец Станіслаў яшчэ быў духоўным айцом Віцебскай дыяцэзіі, то падчас рэгулярных спатканняў святароў і сясцёр з біскупам ён заўжды рабіў канферэнцыі, на якіх казаў вельмі цікавыя, сапраўды жыццёвыя рэчы. Часта ён пераказваў свой жыццёвы вопыт, даваў асабістыя прыклады, адкрываў душу. І гэта было вельмі каштоўна, бо разумею, што не кожны адважыўся б так рабіць. Ён не баяўся шчыра выказваць свае думкі, не шукаючы далікатных словаў, не стараючыся ўсім дагадзіць, гаворачы праўду, што часам бывае брыдкая і нязручная.

Казаў ён, аднак, і пра іншую праўду: аб міласэрнай і ахвярнай Божай любові, якая здольная ўсё прабачыць. У казаннях падчас святых Імшаў у парафіі Св. Уладзіслава ў Віцебску, дзе я мела гонар працаваць побач з айцом Станіславам, ён амаль кожны раз паўтараў гэтую праўду. Тады мне здавалася: ну колькі можна казаць адны і тыя ж відавочныя рэчы? Аднак, калі айцец Станіслаў вярнуўся ў Польшчу, я адчула, як мне гэтага не хапае, як цудоўна, што ён нястомна нагадваў пра тое, што Бог нас любіць і прабачае, і што мы павінны паступаць гэтаксама ў адносінах да нашых бліжніх.

Я веру, што наш дарагі айцец Станіслаў сустрэўся з міласэрнай Божай Любоўю ў Валадарстве Нябесным.

Айцец Клеменс Верт SJ, парафія Святога Уладзіслава (Віцебск):

– Несколько лет мы жили с о. Станиславом в доме духовных упражнений, прежде чем он приехал в Беларусь. Когда у нас появился свой (иезуитский) приход уже в Беларуси, мы переехали в квартиру, где создали иезуитскую общину.

Мы с ним часто проводили вечера. Сидели, говорили про политику. Вели дискуссии на разные темы, с ним было интересно поговорить о жизни. Мы часто разговаривали про его поездки, в которых он сопровождал Папу как журналист. Станислав всегда был энергичный, живой, никогда не стоял на месте. Он любил пообщаться.

Ірына, парафія Святога Антонія (Віцебск):

– Калі ў нас служыў а. Станіслаў, для нашай парафіі быў бласлаўлёны час. І мне пашанцавала бачыць яго не толькі ў касцёле, але і даволі часта прымаць ў сябе дома.

Асабліва ён наблізіўся да нашай сям’і,  калі пачаў прыходзіць да маёй мамы (бо была невылечна хворая). Тады мы вельмі патрабавалі падтрымкі, а ён дапамог прыняць гэтую сітуацыю і яшчэ доўга падтрымліваў нас духоўна.  Ён рабіў вялікі акцэнт на прабачэнні і міласэрнасці. Казаў,  што прабачыць — не азначае забыць, але аднавіць сувязь.

Гэта быў чалавек, які моцна любіў жыццё і людзей. Сапраўды меў дар любіць кожнага чалавека, якога сустракаў у сваім жыцці. Яму было важна, што гэта за чалавек, чым ён жыве, ён цікавіўся усім. З ім было вельмі проста, адчувалася айцоўскае, поўнае любові сэрца. Любіў разглядваць людзей, казаў, што пра чалавека можа шмат распавесці яго паходка.

Вельмі любіў пажылых людзей. Мог проста да іх вечарам паехаць на каву. Не таму, каб споўніць нейкую місію ці доўг, але проста пасядзець з імі, паразмаўляць. Нават калі ўжо ў нас не служыў, прыязджаў да адной пажылой парафіянкі. Цаніў пажылых за “труд жизни”. Яшчэ казаў, што старасць — гэта вялікая ласка. Гэта мне заўсёды здавалася цікавым, і аднойчы я ў яго запытала, якая ж гэта ласка – старасць? Тады дадаў: “Але цяжкая ласка”.

Ніколі не забуду вось такі вобраз: кожны раз, як развітваліся, ён з усмешкай падымаў руку і казаў: “Chiao!”