1. Выключы святло ў сваім пакоі і запалі свечку. Размясці яе крыху воддаль ад сябе.

2. Цяпер сканцэнтруйся на полымі. . . часам яно танчыць – назірай за яго трапяткімі рухамі, часам яно замірае ў нерухомасці. . .

3. Магчыма, больш спакою ты дасведчыш, калі заплюшчыш вочы, памятаючы, што свечка працягвае гарэць.

4. Чым гэты агеньчык нагадвае іншыя свечкі твайго мінулага? Якія ўспаміны прыходзяць на думку: дні нараджэння, набажэнствы з запаленымі свечкамі, адключэнні электрычнасці? . .

5. Калі ты глядзіш на полымя або разважаеш аб ім, што яно кажа табе? . . Прыслухайся да яго. . . Ці гаворыць яно аб святле, жыцці, надзеі?. . .

6. Уступі з ім у дыялог. Размаўляйце адно з адным так, як табе здаецца натуральным. . .

7. Нарэшце, адкладзі ўсе словы, думкі і ўспаміны і сузірай агонь у цішыні. . . дазволь яму прамовіць без слоў, наўпрост да тваёй душы. . . калі прыходзяць думкі, заўваж іх і дай ім развеяцца, як пасмачкам дыму. . .

8. У канцы развітайся з полымем, са складзенымі рукамі пакланіўшыся свечцы і Крыніцы ўсяго святла.

9. З павагай патушы свечку, адчуваючы, што ў глыбіні сэрца працягвае палымнець агонь, які ты панясеш скрозь ноч у наступны дзень, якім бы цёмным ён ні быў.

Апрацавана Стывам Хойландам паводле малітвы Энтані дэ Мэла SJ.