У мінулай катэхезе аб распазнаванні мы абмяркоўвалі досвед духоўнага суцяшэння, які дазваляе нам адчуваць суцяшальную прысутнасць Бога і апеку Провіда ва ўсім, нават у моманты выпрабаванняў і нягодаў. Сапраўднае суцяшэнне з’яўляецца плёнам Божай ласкі, вядзе да ўзрастання ў любові да Пана і бліжняга, да распазнавання Божай волі ў нашым жыцці і да ўчынкаў духоўнай і практычнай міласэрнасці. Святы Ігнацый кажа, што добрая думка прыносіць добрыя плады на кожным этапе: на пачатку, у сярэдзіне і ў канцы. Важна распазнаваць гэтыя плады, а таксама прыхаваныя спакусы, якія схіляюць нас  замяняць большае дабро меншым. Вялікай дапамогай у распазнаванні сапраўднага суцяшэння з’яўляецца штодзённы рахунак сумлення, які ачышчае розумы і сэрцы і адкрывае іх на волю Бога для нашага ўзрастання ў святасці і еднасці з Ім.

Добры дзень, дарагія браты і сёстры!

Працягваючы разважаць над распазнаваннем і, у прыватнасці, над духоўным досведам суцяшэння, пра які мы гаварылі ў мінулую сераду, мы паспрабуем адказаць на пытанне: як распазнаць сапраўднае суцяшэнне? Гэта вельмі важнае пытанне для распазнавання, каб нам не падмануцца ў пошуках сапраўднага дабра.

Мы знойдзем некаторыя крытэрыі ў наступным урыўку з Духоўных практыкаванняў св. Ігнацыя Лаёлы: “Мы павінны быць вельмі ўважлівымі да ходу думак. Калі іх пачатак, сярэдзіна і канец – цалкавіта добрыя, схільныя да ўсяго добрага, то гэта знак добрага анёла. Аднак, калі ход думак, пададзеных нам, заканчваецца чымсьці дрэнным або павялічвае нашую няўважлівасць або вядзе да чагосьці менш добрага за тое, што раней душа мела намер зрабіць, або калі аслабляе, непакоіць і трывожыць душу, забіраючы яе спакой, цішыню і адпачынак, якія перад тым яна мела, то гэта выразны знак таго, што такая думка паходзіць ад злога духа, ворага нашага ўзрастання і вечнага збаўлення” (ДП 333).  І гэта праўда: ёсць сапраўднае суцяшэнне, але ёсць і несапраўднае. І таму трэба добра разумець працэс суцяшэння: як яно прыходзіць і куды мяне вядзе? Калі да чагосьці няправільнага, то гэта суцяшэнне нядобрае, непраўдзівае, так бы мовіць, “фэйк”.

Гэтыя каштоўныя індыкатары заслугоўваюць кароткага каментара. Што значыць пачатак схільны да добрага? Напрыклад, у мяне ёсць думка аб малітве, і я заўважаю, што яна ідзе поруч з любоўю да Пана і бліжняга, яна падказвае ўчынкі шчодрасці, міласэрнасці: гэта добры пачатак. Замест гэтага можа здарыцца, што такая думка ўзнікае як спосаб пазбегнуць даручанай працы ці задання: кожны раз, калі я павінен памыць посуд ці прыбраць пакой, у мяне ўзнікае моцнае жаданне маліцца! Такое бывае ў кляштарах. Але малітва – гэта не ўцёкі ад сваіх абавязкаў. Наадварот, гэта дапамога ў здзяйсненні дабра, якое мы павінны рабіць тут і цяпер. Гэта датычыцца пачатку.

Потым ёсць сярэдзіна: святы Ігнацый казаў, што пачатак, сярэдзіна і канец павінны быць добрымі. Пачатак такі: я хачу памаліцца, каб не мыць посуд: ідзі, памый посуд, а потым ідзі маліцца. Потым ёсць сярэдзіна: гэта значыць тое, што прыходзіць пасля, за гэтай думкай. Застаючыся пры папярэднім прыкладзе, калі я пачынаю маліцца і, як фарысей з прыпавесці (пар. Лк 18, 9-14), схільны быць задаволеным сабой і пагарджаць іншымі, магчыма, у духу крыўды і горычы, тады гэта прыкметы таго, што злы дух выкарыстаў думку аб малітве як ключ, каб увайсці ў маё сэрца і перадаць мне свае пачуцці. Калі я іду маліцца і мне прыходзіць у галаву тое самае, што знакамітаму фарысею – “Дзякуй Табе, Пане, бо я малюся, я не такі, як іншыя людзі, якія Цябе не шукаюць, якія не моляцца,” – гэта потым дрэнна заканчваецца. Вось у чым тут суцяшэнне – адчуваць сябе паўлінам перад Богам. Такая сярэдзіна нядобрая.

А потым канец: пачатак, сярэдзіна і канец. Канец – той аспект, з якім мы ўжо сутыкаліся, а менавіта: куды вядзе мяне думка? Напрыклад, куды вядзе мяне думка пра малітву? Можа здарыцца так, што я шмат працую над добрай і годнай справай, аднак гэта падштурхоўвае мяне перастаць маліцца, бо я надта заняты; я пачынаю заўважаць, што раблюся больш агрэсіўным і злым, лічу, што ўсё залежыць ад мяне, прычым настолькі, што губляю давер да Бога. Відавочнае дзеянне злога духа. Пачынаю маліцца, але ў малітве адчуваю сябе ўсемагутным: усё павінна быць у маіх руках, бо я адзіны ведаю, як трэба рабіць – ясна, што ў гэтым няма добрага духу. Мы павінны добра праверыць шлях нашых пачуццяў і шлях суцяшэння, калі збіраемся нешта зрабіць: у пачатку, у сярэдзіне і ў канцы.

Стыль ворага – калі мы гаворым пра ворага, мы гаворым пра д’ябла, таму што д’ябал ёсць, існуе! – ягоны стыль вядомы: з’яўляцца хітра, замаскіравана; ён пачынае з чагосьці надзвычай дарагога для нас, а потым патроху ўцягвае нас: зло ўваходзіць патаемна, неўпрыкмет для чалавека. І з часам лагоднасць становіцца жорсткасцю. Нядобрая думка ўрэшце паказвае сябе такой, якой яна ёсць насамрэч.

Адсюль вынікае важнасць цярплівай, але незаменнай праверкі паходжання і праўдзівасці нашых думак, неабходнасць вучыцца на сваім досведзе, на тым, што з намі адбываецца, каб не паўтараць тых жа памылак. Чым лепш мы ведаем сябе, тым лепш адчуваем, адкуль уваходзіць злы дух, яго “паролі”, уваходныя брамы ў нашае сэрца, звароты, да якіх мы найбольш чуллівыя, каб у будучым быць асабліва пільнымі да іх. У кожнага з нас ёсць свае ўразлівыя месцы, найслабейшыя месцы ў асабовасці, і злы дух уваходзіць праз іх і зводзіць нас на дрэнны шлях або прымушае збочыць з сапраўднага, правільнага шляху. Я іду і малюся, але ён адводзіць мяне ад малітвы.

Прыклады можна было б множыць як заўгодна, разважаючы пра нашыя дні. Вось чаму штодзённы рахунак сумлення мае такое вялікае значэнне: на заканчэнне дня спыніся на хвіліну. Што здарылася? Не ў газетах, не ў жыцці – што здарылася ў сэрцы? Ці было яно ўважлівым? Ці вырасла? Няўжо нічога не закранула яго? Што адбывалася ў маім сэрцы? Вельмі важны такі прагляд як каштоўная спроба перачытаць досвед з асаблівага пункту гледжання. Карысна заўважаць тое, што адбываецца, бо гэта знак таго, што Божая ласка дзейнічае ў нас, дапамагаючы нам расці ў свабодзе і свядомасці. Мы не адны: Дух Святы з намі. Таму варта бачыць, як ідуць справы.

Сапраўднае суцяшэнне з’яўляецца своеасаблівым пацвярджэннем, што мы робім тое, чаго хоча ад нас Бог, што мы крочым Яго сцежкамі, гэта значыць сцежкамі жыцця, радасці і спакою. Па сутнасці, распазнаванне датычыцца не толькі таго, што з’яўляецца дабром ці найбольш магчымым дабром, але і таго, што добра для мяне тут і цяпер: у гэтым я пакліканы ўзрастаць, абмяжоўваючы іншыя прапановы, прывабныя, але нерэалістычныя, каб не быць падманутым у пошуках сапраўднага дабра.

Браты і сёстры, мы павінны разумець і паглыбляць сваё разуменне таго, што адбываецца ў сэрцы, дзеля чаго патрэбны рахунак сумлення, прагляд падзей дня. “Я сёння раззлаваўся, я не зрабіў тое і тое…” Але чаму? Выходзячы за межы “чаму”, трэба шукаць корань гэтых памылак. “Сёння я быў шчаслівы, хоць мне было нудна, калі давялося дапамагаць іншым людзям, але ў рэшце рэшт я адчуў сябе рэалізаваным і напоўненым праз свой удзел,” – і ў гэтым ёсць Святы Дух. Вучыцеся чытаць тое, што адбылося на працягу дня ў кнізе сэрца. Гэта зойме ўсяго пару хвілін, але прынясе вам карысць, запэўніваю вас.

Папа Францішак. Генеральная аўдыенцыя, 30 лістапада 2022г.

Крыніца: https://www.vatican.va/content/francesco/en/audiences/2022/documents/20221130-udienza-generale.html

Галоўная выява: выступ акрабатаў з Кеніі падчас агульнай аудыенцыі на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане 30 лістапада 2022 г. (Крыніца: Vatican Media).

Папярэднія катэхезы аб распазнаванні