Дапамагаць людзям марыць і дакранацца да таямніцы жыцця, – заклікаў 27 мая 2023 года Францішак удзельнікаў канферэнцыі, арганізаванай часопісам “La Civiltà Cattolica” (Каталіцкая цывілізацыя) сумесна з Джорджтаўнскім універсітэтам.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, канферэнцыя на тэму “Глабальная эстэтыка каталіцкага ўяўлення”, у якой прынялі ўдзел паэты, пісьменнікі, сцэнарысты і рэжысёры, у тым ліку і Марцін Скарсэзэ, стала спробай паразважаць над тым, якім чынам вера адказвае на пошукі сэнсу ў сучасным жыцці.

Папа падзяліўся з гасцямі сваім асабістым стаўленнем да паэтычнага і літаратурнага слова, якое запрашае да сузірання і натхняе на дзеянні. “У сваім жыцці я любіў многіх паэтаў і пісьменнікаў, сярод якіх асабліва памятаю Дантэ, Дастаеўскага і іншых”, – заўважыў Францішак, дадаючы, што словы пісьменнікаў дапамаглі яму лепш “зразумець сябе, свет, свой народ”, сваю пастырскую задачу, а таксама паглыбіць веды чалавечага сэрца.

Па словах Пантыфіка, мастакі – гэта вочы, якія глядзяць і мараць. Людзі прагнуць, шукаюць, мараць пра новы свет, і творцы павінны дапамагаць ім у гэтым, таму што яны здольныя “бачыць глыбей”, “па-іншаму разумець рэчы, якія знаходзяцца ў нас навідавоку”.

Мастацтва – гэта проціяддзе ад менталітэту разліку і аднастайнасці, гэта выклік нашаму ўяўленню, нашаму спосабу бачыць і разумець рэчы.

“І ў гэтым сэнсе, Евангелле – гэта таксама мастацкі выклік з рэвалюцыйным зместам, які творцы павінны несці ў свет з дапамогай свайго генія і слова, якое пратэстуе, кліча, крычыць. Сёння Касцёл мае патрэбу ў вашай геніяльнасці, таму што яму неабходна пратэставаць, клікаць і крычаць!” – звярнуўся Папа да майстроў літаратурнага слова.

На думку Францішка, літаратары з’яўляюцца голасам чалавечых турбот, схаваных на дне сэрца. Літаратурнае мастацтва не толькі суцяшае, але і выклікае трывогу, адлюстроўваючы “як прыгожыя рэаліі жыцця, так і трагічныя”. У якасці прыклада Пантыфік прывёў сцэну з “Братоў Карамазавых” Дастаеўскага, у якой хлопчыка на вачах маці-служанкі разарвала лютая зграя сабак, нацкаваных генералам. “Гэтая сцэна валодае велізарнай мастацкай і палітычнай сілай. Яна распавядае пра рэальнасць учорашняга і сённяшняга дня, пра войны, сацыяльныя канфлікты, наш асабісты эгаізм”, – заўважыў Францішак.

Святы Айцец патлумачыў, што “у жыцці ёсць рэчы, якія часам мы нават не можам зразумець або для якіх мы не знаходзім адпаведных слоў”. Гэта і ёсць “поле дзеяння” для мастакоў слова, – лічыць Папа, заклікаючы літаратараў выходзіць за межы, праяўляць творчы падыход, ствараць гармонію і прыгажосць ва ўсіх яе формах. Евангелізацыйная праца паэтаў, рэжысёраў, мастакоў заключаецца ў тым, каб “дапамагаць нам лепш зразумець Бога як вялікага паэта чалавецтва”, – адзначыў Святы Айцец, запрашаючы гасцей не баяцца крытыкі і заставацца арыгінальнымі і творчымі асобамі.

Нарэшце, літаратары – гэта “тыя, хто стварае наша ўяўленне”, у тым ліку і ў дачыненні да фігуры Хрыста. Езус – заўсёды невычэрпная таямніца, Ён заўсёды здзіўляе нас, таму майстры літаратурнага слова павінны не тлумачыць гэтую таямніцу, а дазволіць нам дакрануцца да яе, адчуць сябе побач з ёй, перадаць яе як жывую рэальнасць, дазволіць нам зразумець прыгажосць Яго абяцання, якое дапамагае нам “па-новаму ўявіць наша жыццё, нашу гісторыю, будучыню чалавецтва!” – такімі словамі завяршыў сваю прамову да паэтаў і пісьменнікаў Францішак.