Айцец Юзаф Андраш, езуіт, узгадваецца ў «Дзённіку» святой сястры Фаўстыны Кавальскай 59 разоў. Цяпер на яго радзіме ў Польшчы ідзе яго беатыфікацыйны працэс.

Найбольш вядомым спаведнікам і паплечнікам сястры Фаўстыны ў распаўсюджванні культу Божай Міласэрнасці быў наш суайчыннік ксёндз Міхал Сапоцька, беатыфікаваны ў верасні 2008 года.

Між тым першым і апошнім духоўным кіраўніком «сакратаркі Божай Міласэрнасці» быў менавіта айцец Юзаф Андраш.

Ён напісаў першую кнігу аб Божай Міласэрнасці, а акрамя таго быў спаведнікам яшчэ некалькіх асоб з выразнымі містычнымі рысамі, у тым ліку благаслаўлёнай Анэлі Салявы, тэрцыяркі францішканскага ордэна.

Айцец Юзаф Андраш SJ. Фота WAM

Святар з 1932 года быў квартальным спаведнікам навіцыяту Кангрэгацыі сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Кракаве-Лагеўніках, але ў яго спавядаліся таксама сёстры пасля манаскіх абяцанняў. Сястра Фаўстына ўпершыню скарыстала з яго паслугі падчас рэкалекцый перад вечнымі манаскімі абяцаннямі ў красавіку 1933 года. У апошнія гады яе жыцця, праведзеныя ў Кракаве, езуіт стаў яе пастаянным духоўным кіраўніком.

У выніку айцец Юзаф быў спаведнікам сястры Фаўстыны больш за два з паловай гады, а пасля яе смерці заняўся рэалізацыяй яе паслання.

Пад яго кіраўніцтвам быў створаны абраз Езуса Міласэрнага пэндзля Адольфа Хылы, які сёння слыне ласкамі ў санктуарыі ў Кракаве-Лагеўніках.

Фота tvp.pl

Апошні спаведнік сястры Фаўстыны даў пачатак урачыстым набажэнствам у гонар Божай Міласэрнасці ў капліцы пры кляштары кангрэгацыі ў Лагеўніках (1943 г.) і адзначэнню свята Міласэрнасці (1944 г.).

Па яго ініцыятыве збіраліся ўспаміны пра сястру Фаўстыну Кавальскую, а яго кніжка «Божая Міласэрнасць… давяраем Табе», у якой папулярызуецца набажэнства да Божай Міласэрнасці ў формах, перададзеных святой сястрой Фаўстынай, была перакладзена на іншыя мовы і вялікімі накладамі разышлася па ўсім свеце.

Менавіта айцец Юзаф Андраш напісаў першую біяграфію «сакратаркі Божай Міласэрнасці»: яе кароткі жыццярыс быў змешчаны ў згаданай кніжцы, а вялікай біяграфія так і не была ім завершана.

А.Юзаф нарадзіўся 16 кастрычніка 1891 года ў Веляполі каля Новага Сонча ў сям’і з дзесяццю дзецьмі. Сакрамэнт хросту атрымаў у парафіяльным касцёле св. Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Велягловах. Пасля заканчэння гімназіі ў Новым Сончы ва ўзросце 15 гадоў уступіў у Таварыства Езуса і праз два гады навіцыяту склаў першыя манаскія абяцанні.

Потым вывучаў філасофію і тэалогію ў Польшчы і Графенбергу, а на свае імяніны 19 сакавіка 1919 г. у Кракаве ў касцёле св. Барбары атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Анатоля Новака. Сваю прыміцыйную святую Імшу ён адправіў у канцы сакавіка 1919 г. у касцёле Святога Духа ў Новым Сончы.

Затым стаў аўтарам у езуіцкім выдаўніцтве ў Кракаве і заняўся распаўсюджваннем культу Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Па яго ініцыятыве была створана выдавецкая серыя: “Бібліятэка ўнутранага жыцця”, у якой выйшла звыш 40 тамоў найвыдатнейшых твораў на тэмы аскезы і містыкі. Акрамя тэматыкі духоўнага жыцця, айцец Андраш займаўся пісьменніцкай дзейнасцю, звязанай з папулярызацыяй культу Найсвяцейшага Сэрца Езуса, Апостальствам малітвы і літургіі. Яго кніга пад назвай “Разам са святаром” („Wspólnie z kapłanem”), якая прадстаўляе багацце Эўхарыстыі, стала бэстсэлерам і вытрымала 20 выданняў.

У 1930 г. стаў Нацыянальным сакратаром Апостальства малітвы і Справы пасвячэння сем’яў, быў кіраўніком гэтых спраў у Кракаўска-Чэнстахоўскай дыяцэзіі, займаючы гэтыя пасады да 1953 года. Найбольшым дасягненнем у душпастырскай дзейнасці а. Андраша на гэтай ніве стала прысвячэнне Божаму Сэрцу не толькі сем’яў ці парафій, але ўсяго народа, якое адбылося 21 кастрычніка 1951 г. У 1923-1928 гадах рэдагаваў “Nasze Wiadomości” і публікаваў шмат артыкулаў на гістарычныя тэмы. На працягу 10 гадоў (1930-1940) быў рэдактарам „Posłańca Serca Jezusowego” і на працягу года дырэктарам Выдавецтва Апостальства малітвы (1936-1937). Дзякуючы яго намаганням выйшла таксама новае выданне Новага Запавету ў перакладзе а. Якуба Вуйка SJ.

Адначасова яго цанілі як рэкалекцыяніста, спаведніка і духоўнага кіраўніка. Ён спавядаў не толькі сястру Фаўстыну, але і многіх іншых людзей, якія вялі глыбокае духоўнае, містычнае жыццё, сярод якіх бл. Анэля Салява, бл. Клеменса Сташэўска OSU, маці Зофія Тайбэр – заснавальніца Кангрэгацыі Найсвяцейшай Душы Хрыста Пана і містычка-сястра Калікста Пекарчык ZMBM. Ён быў звычайным і надзвычайным спаведніком сясцёр назарэтанак, уршулянак, сясцёр Sacre-Coeur, Маці Божай Міласэрнасці і многіх іншых кангрэгацый.

Падчас Другой сусветнай вайны, калі езуіцкі калегіум на вул. Каперніка ў Кракаве немцы ператварылі ў вайсковы шпіталь, а. Андраш шмат дзе спыняўся, прымаючы гасціннасць ад манахінь, якім служыў душпастырскай працай. У 1942 г. настаяцельніца маці Ірэна Кшыжаноўская запрасіла яго ў кляштар у Лагеўніках, дзе ён прабыў да 1945 г. Ад часоў Другой сусветнай вайны да сваёй смерці 1 лютага 1963 г. ён прысвяціў сябе апостальству Божай Міласэрнасці. Пахаваны ў грабніцы айцоў-езуітаў на Ракавіцкіх могілках у Кракаве.

Да сённяшняга дня а. Юзаф Андраш застаецца малавядомым, хоць некалькі чалавек, якім ён служыў, дасягнулі славы алтароў.

Як адзначыў у інтэрв’ю Каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву КАІ віцэпастулатар працэсу беатыфікацыі айца Юзафа Андраша айцец Марыюш Бальцэрак SJ, пасля абвяшчэння благаслаўлёным ён мог бы быць апекуном спаведнікаў і духоўных кіраўнікоў, на якіх сёння, на думку святара, існуе вялікі попыт.

У сеціве ёсць шматмоўны рэсурс, на якім можна больш даведацца пра асобу айца Юзафа Андраша SJ.

Паводле матэрыялаў Catholic.by  і andrasz.jezuici.pl

Абраз а. Юзафа намаляваў выпускнік Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Кракаве Вітольд Кубіха, выкладчык Вышэйшай каталіцкай школы выяўленчага мастацтва ў Новым Сончы.