Гамілія на ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, Год А

Чытанне святога Евангелля паводле Яна

Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, таму што не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.

Ян 3, 16-18

Бог — Таямніца

Напэўна, большасць з нас чулі легенду пра святога Аўгустына, які, разважаючы пра таямніцу Бога, адзінага ў трох Асобах, сустрэў на беразе мора хлопчыка, які кубкам пераліваў з мора ваду ў выкапаную ямку. І калі Аўгустын сказаў відавочнае — што гэта немагчыма, — атрымаў адказ, што гэтак жа немагчыма чалавечым розумам зразумець таямніцу Святой Тройцы.

Гэтая легенда — добры напамін пра тое, што нам патрэбная пакора, калі мы стараемся пазнаць і патлумачыць штосьці пра Бога. Абмежаванасць магчымасцяў нашага розуму і, адпаведна, неабходнасць пакоры, зрэшты, становяцца відавочнымі ўсё больш, калі мы пазнаём Сусвет, у якім жывём: чым больш чалавек адкрывае новага, тым больш нараджаецца пытанняў.

Але і тое, што ёсць чалавек, таксама застаецца таямніцай для нас саміх, асабліва, калі гаворка не пра нейкія павярхоўныя рэчы, а пра глыбінную, духоўную сутнасць чалавечай істоты.

І як можа быць інакш, калі мы не толькі створаныя «на вобраз і падабенства» Бога, але сам Бог-Сын прыняў на Сябе нашую прыроду?

Толькі беручы пад увагу гэтую праўду, мы можам мець поўны позірк на тое, хто мы ёсць.

Сын адкрывае Айца

Вопыт пазнання Бога як Тройцы нараджаецца не з высноваў нашага розуму, але дзякуючы таму, што Божы Сын прыходзіць у наш свет і яўляе нечуваную навіну, якая пераварочвае монатэістычны светапогляд Ізраэля: Бог — гэта не «манада», не адна самадастатковая асоба, але адзінства трох Асобаў. Бог — гэта ўзаемаадносіны: узаемны дар і любоў Айца, Сына і Духа адно аднаму.

У святых пісаннях Ізраэля ўжо і раней ужывалася слова «Айцец» у адносінах да Бога, але вельмі рэдка і толькі як метафара, як выраз асаблівай Божай любові да выбранага народу. Але Езус называе Бога Айцом не метафарычна, але вельмі даслоўна: бо ў Яго ёсць Сын, Умілаваны. І тое, што Бог любіць, — не проста адно з Яго дзеянняў «паміж іншымі», пра што ведаў і Ізраэль, але сутнасць таго, хто ёсць Бог, — Бог ёсць любоў, якая стварае, збаўляе, асвячае.

Менавіта такім чынам пазнаём асаблівае дзеянне розных Асобаў: Айца-Стварыцеля, які ўсё кліча да існавання; Сына-Адкупіцеля, які збаўляе загубленае стварэнне; Духа-Жыватворцы, які асвячае збаўленае і вядзе яго да ўдзелу ў хвале адзінага Бога.

Адрозніваюцца ў сваім дзеянні, але ўсё ж заўсёды дзейнічаюць разам, як тлумачыць Пан Езус праз евангеліста Яна.

«Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага…»: гэтая праўда, якая адкрываецца нам у словах Пана Езуса, насамрэч таксама застаецца для нас часткай таямніцы, якую немагчыма спасцігнуць простым напружваннем чалавечага розуму. «О, якая невымоўная любоў: каб адкупіць слугаў, ты аддаў Сына!» — абвяшчае Касцёл у Пасхальнай літургіі. Гэта тая любоў, якою любяць асабіста кожнага з нас — цябе і мяне — Айцец, Сын і Дух Святы, неспасцігальная для нас ва ўсёй яе глыбіні, і менавіта гэтая любоў паказвае, наколькі мы каштоўныя для Бога.

Адначасова Езус кажа, што Божая любоў можа быць прынята толькі ў свабодзе веры, а не навязана сілай, бо наша годнасць і веліч як дзяцей Божых, створаных паводле Божага падабенства, якія Бог не можа адабраць у нас, менавіта ў нашай свабодзе адказаць любоўю на любоў. Але наша свабода дасягае свайго прызначэння толькі тады, калі выбірае любіць.

Створаныя паводле вобразу Бога, каб жыць у адносінах любові

Мы, створаныя паводле вобразу Божага, — таксама не «манады», не самадастатковыя арганізмы, а створаныя дзеля ўзаемаадносінаў, дзеля сувязі з іншымі, дзеля таго, каб рэалізаваць нашу сутнасць Божых дзяцей у любові і адзінстве з іншымі.

Гэтая праўда адлюстроўваецца праз тое, што мы прыходзім у гэты свет дзякуючы сувязі дзвюх асобаў, якія ў ідэале любяць адзін аднаго, і менавіта такім чынам іх любоў становіцца пладавітай.

Не толькі адносіны паміж мужам і жонкай павінны перарастаць у нешта большае, чым іх узаемная асалода, то бок быць скіраванымі на новае жыццё, але таксама іншыя чалавечыя адносіны — напрыклад, сяброўства, прыналежнасць да нейкіх груп ці арганізацый, — маюць патэнцыял не толькі сілкаваць нас, але і нараджаць нешта новае і прыгожае — тое, што служыць развіццю Божага жыцця, што дапамагае ўзрастанню Божага Валадарства.

Можам спытацца: чаму ў Евангеллі на сённяшнюю ўрачыстасць няма гаворкі пра Духа Святога? Адказ у тым, што Езус прыходзіць у гэты свет, уцелаўляючыся ад Духа Святога з Дзевы Марыі, і выконвае сваё пасланніцтва дзякуючы намашчэнню Духа: Езус ёсць Хрыстус, бо Ён — Памазаннік. Мы, хрысціяне, таксама атрымалі намашчэнне Духа: «любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога» (Рым 5, 5).

Бог выбірае не толькі тое, каб спадарожнічаць свайму народу, адказваючы на просьбу Майсея, як мы чуем у сённяшнім першым чытанні, але і тое, каб жыць унутры нас, робячы нас сваёй святыняй.

Няхай сённяшняя ўрачыстасць дапаможа нам аднавіць нашу сувязь з Айцом, нашым Стварыцелям, з Сынам, нашым Збаўцам, з Духам, які нас асвячае і вядзе да нашага прызначэння ў хвале Бога, адзінага ў Тройцы. Амэн.

Віктар Жук SJ

Выява: Valerie Anne Kelly “Найсвяцейшая Тройца”