Больш за дзве тысячы маладых людзей з усяго свету (у тым ліку дэлегацыя з больш чым пяцідзесяці чалавек з Польшчы) прыбылі ў Лісабон, каб прыняць удзел у праекце MAGIS 2023. Ужо не ўпершыню MAGIS як прапанова езуітаў папярэднічае Сусветным дням моладзі. Праект складаецца з трох частак.

Першая частка адбылася у Лісабоне. Мерапрыемства распачалося святой Імшой, якую ўзначаліў настаяцель партугальскіх езуітаў. Цырымонія адкрыцця не завяршылася пасля благаслаўлення, а атрымала відовішчнае развіццё ў вячэрнім шоу, якое складалася з элементаў тэатра, балета, музыкі і аўдыёвізуальнага мастацтва. Пасыл цырымоніі датычыў дэвіза сёлетняга MAGIS: будаваць будучыню, поўную надзеі.

Усе ключавыя падзеі наступнага дня таксама былі пранізаны гэтым дэвізам. Ранішняе разважанне на аснове прыпавесці аб узрастанні гарчычнага зярняці натхняла асоб, якія маліліся, глядзець у будучыню з надзеяй. Апоўдні Майк Марцінес SJ – амерыкана-кубінскі езуіт, рэпер, паэт і рэжысёр прадставіў выдатную канферэнцыю аб адкрыцці ўласнай тоеснасці перад Богам, заснаванай на трох ключавых словах з т.зв. Фундамента “Духоўных практыкаванняў” св. Ігнацыя Лаёлы: хваліць, шанаваць, служыць. Майк узбагаціў канферэнцыю выкананнем некалькіх сваіх песень, якія захапілі слухачоў. Дарэчы, Майк сапраўды знакаміты творца і выдатны рэпер. А ўвечары я з вялікім задавальненнем выступіў у пашыраным складзе легендарнага гурта Jesuitas Acoustico. У камандзе з больш чым дзясятка езуіцкіх музыкантаў з усяго свету ў суправаджэнні партугальскіх сяброў-музыкантаў мы далі канцэрт, які стаў малітоўным падарожжам дзвюх тысяч чалавек “ад сэрца параненага да сэрца адкрытага”, іншымі словамі, стаў разважаннем аб Сэрцы Езуса і сэрцы кожнага з нас. Асабіста для мяне гэта быў перш за ўсё досвед братэрства і абмен музычным вопытам, натхненнем і роздумам з езуіцкімі музыкантамі.

На наступны дзень невялікімі групамі мы накіраваліся ў 90 месцаў па ўсёй Партугаліі і Іспаніі на т.зв. эксперыменты ці выпрабаванні. Іх сутнасць перагукаецца з выпрабаваннямі, праз якія праходзіць кожны езуіт у першыя два гады свайго манаскага жыцця. Мэта – навучыцца знаходзіць Бога ва ўсім, што адбываецца з намі ў жыцці. Так, больш-менш, св. Ігнацый вызначаў пабожнасць: як лёгкасць адшукання Бога ва ўсім. Сёлетнія эксперыменты ўключалі ў сябе: групы пілігрымаў у Сант’яга дэ Кампастэла і Фаціму, розныя формы валанцёрства, духоўныя практыкаванні і цэлую палітру мастацка-культурных майстар-класаў.

Асабіста я ўдзельнічаў у майстэрні па літургічнай музыцы ў Сэрнашы каля Каімбры. У групе з больш чым дваццаці чалавек, з вялікай колькасцю прадстаўнікоў Індыі, Паўднёвай Карэі і Францыі, а таксама Партугаліі, Польшчы і Непала, на працягу пяці дзён мы ўдзельнічалі ў лекцыях па літургіі, актыўным слуханні духоўнай музыкі і практычных занятках па перадачы голасу, шматгалосным спеве і кампазіцыі. Вёў майстар-клас Дыёга Касэйра SJ (адзін з выдатных партугальскіх езуіцкіх музыкантаў) разам з некалькімі сябрамі-музыкантамі. Вядучыя былі таксама арганізатарамі і каардынатарамі тэхнічнага боку, які быў  бездакорны ва ўсіх адносінах.

Зраблю невялікае адступленне. Некалькі гадоў таму вышэйзгаданая група партугальскіх езуітаў, якія таксама з’яўляюцца прафесійнымі музыкантамі, урачыста адкрыла музычную майстэрню пад назвай LabOratório. За гэтыя гады адбылося тры выпускі гэтых сустрэч, падчас якіх было створана больш за сто рэлігійных песень у розных стылях: ад вельмі мілагучных, але арыгінальных літургічных спеваў, праз творы, якія мяжуюць з сучаснай музыкай, да спеваў, блізкіх да папулярных песень. Іх унёсак у развіццё сучаснай касцёльнай музыкі ў Партугаліі цяжка пераацаніць.

Апошняй часткай праекта MAGIS 2023 з’яўляецца спатканне ўсіх удзельнікаў у Лісабоне, для агульных момантаў малітвы і забавы у тым ліку адбудзецца т.зв. фестываль народаў, дзе прадстаўнікі кожнай краіны выступяць з невялікім прадстаўленнем, каб паказаць музыку, танец або нейкую іншую частку сваёй культуры. Ва ўсім шукаючы і знаходзячы Бога.

Дамінік Дубель SJ

Крыніца: jezuici.pl

Сайт праекта: magis2023.org

Відэа падзей: youtube.com/@magis2023_official