Апостальская адгартацыя папы Францішка Gaudete et exsultate (“Радуйцеся і весяліцеся”) – узнёслае і адначасова практычнае пасланне. Кожны пакліканы да дасканалай святасці, гаворыць Другі Ватыканскі Сабор, але кожны – “на сваім шляху”, “паводле прагнення і стану сваёй душы”, што вельмі важна памятаць, каб знайсці менавіта свой шлях і адкрыць асабістыя здольнасці, дадзеныя Богам, а не марнаваць час, намагаючыся наследваць тое, што не было для яго прадвызначана (пар. 11 GE).
Нельга прайсці шлях, не рухаючыся з месца. У адгартацыі папа дае шмат чулых настаўленняў і мудрых перасцярог, каб мы маглі ўбачыць прыклады святасці, дазволіць дзейнічаць Богу ў сваім жыцці, зрабіць першыя крокі і вытрываць на гэтым добрым шляху. Ён піша пра ўзрастанне праз “маленькія жэсты”, “жыццё, поўнае любові”, супакой, радасць, вернасць самому сабе, бо святасць чалавека і ёсць намерам Бога. Але як не застацца толькі на ўзроўні жаданняў і інтэнцый? Як не збочыць, не страціць з вачэй “сляды Хрыста”, якімі пазначаны шлях святасці?
Уся адгартацыя адказвае на гэтыя пытанні, і асаблівым чынам, пяты раздзел. Што цікава ў чытанні на іншых мовах, гэта спробы падабраць адпаведнае слова на роднай мове. Для розных людзей часта адны і тыя ж словы маюць розную афарбоўку. На беларускай назва пятага раздзела гучыць так: “Змаганне, чуванне і распазнаванне”. Можна лічыць іх своеасаблівымі добрымі парадамі на заканчэнне размовы, або зброяй у рукі таму, хто гатовы зрабіць першы крок да рэалізацыі свайго прагнення ці вярнуцца на пакінуты калісьці шлях.
Хрысціянскае жыццё – пастаяннае змаганне: не толькі са светам і яго ментальнасцю, не толькі са сваімі слабасцямі і схільнасцямі, але з д’яблам, князем зла. І ўсё ж, як адразу адзначае папа Францішак, гэта прыгожае змаганне, бо дазваляе нам святкаваць кожную перамогу Пана ў нашым жыцці (пар. 158 GE). “Магутная зброя”, якую дае нам Бог, – гэта вера, малітва, разважанне Божага Слова, святая Імша, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, споведзь, учынкі міласэрнасці, жыццё ў супольнасці, удзел у місійнай дзейнасці.
На шляху да святасці Святы Дух напаўняе нас супакоем і радасцю, гэта так, тым не менш трэба заўсёды мець “запаленыя паходні”, а значыць, не спаць, чуваць і пільнавацца. Падобна на начную варту, але ж мы і з’яўляемся вартаўнікамі свайго сэрца. Відавочна, Святы Айцец прагне, каб мы навучыліся сумленна стаяць на варце гэтага скарбу, і перасцерагае ад “духоўнага сапсавання”. Чуванне дапаможа нам не ператварыцца ў летніх, здранцвелых і глухіх хрысціян, якія пакрысе пачынаюць лічыць дапушчальнымі найгоршыя праявы эгацэнтрызму. “Так скончыў свае дні Саламон…”
Пільны вартаўнік павінен умець адрозніваць натхненні Духа ад спакусаў д’ябла. Адзіным спосабам з’яўляецца распазнаванне – Божы дар, аб якім трэба прасіць у малітве, і клапатліва развіваць яго праз “малітву, разважанне, чытанне і добрую параду”. Гаворка ідзе не аб лічаных выпадках распазнавання ў нейкіх асаблівых момантах жыцця. Папа піша аб неабходнасці паставы распазнавання, каб не стаць марыянеткамі і закладнікамі сучасных тэндэнцый. Такая пастава патрэбна нам заўсёды, каб мы былі здольныя распазнаць знакі Божай ласкі, каб не марнавалі натхненняў Пана, не адкідалі Яго закліку да ўзрастання. Да гэтага і служыць штодзённы шчыры рахунак сумлення ў дыялогу з Панам, які нас любіць.
У “маўчанні больш доўгай малітвы” мы можам лепш пачуць голас Пана, ясней усвядоміць Яго натхненні, супакоіць свае страхі і ў Яго святле паглядзець на сваё існаванне. Папа заахвочвае нас быць уважлівымі і свабоднымі ў слуханні, цярплівымі, велікадушнымі, адкрытымі на Божую ласку. Распазнаванне – сапраўднае выйсце да таямніцы Бога, які дапамагае нам жыць місіяй, да якой Ён паклікаў нас дзеля дабра нашых братоў і сясцёр.
Тэрэса Клімовіч
Аўдыё: https://youtu.be/YvD28S9zHCc?si=_XzCJmjeXtcdyAbq
Галоўная выява: ANSA