Генеральны настаяцель Таварыства Езуса а. Артура Соса, пацвярджаючы сувязь езуітаў з набажэнствам да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, наведаў санктуарый Пара-ле-Маньял, каб аднавіць прысвячэнне ордэна Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. З 27 снежня 2023 г. па 27 чэрвеня 2025 г. праходзіць юбілей з нагоды 350-годдзя аб’яўленняў Найсвяцейшага Сэрца св. Маргарыце Марыі Алакок, якая належала да супольнасці сясцёр-візітак у гэтым горадзе.
Езуіты ўпершыню прыбылі ў Пара-ле-Маньял у 1619 годзе, каб падтрымаць мясцовую хрысціянскую супольнасць. Аб’яўленні адбыліся паміж 1673 і 1675 гадамі, і Клод дэ ла Каламб’ер, езуіт і спаведнік сясцёр-візітак, пацвердзіў іх сапраўднасць. У 1688 г. Касцёл прызнаў апошнюю візію, у якой Пан даручыў сёстрам і езуітам місію распаўсюджвання таямніцы Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
Набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса распаўсюдзілася дзякуючы асабістым нататкам Клода дэ ла Каламб’ера, якія езуіты распаўсюдзілі па ўсім свеце. У 1883 г. Таварыства Езуса афіцыйна ўзяло на сябе абавязацельства развіваць гэты культ. У 1929 г., у памяць аб беатыфікацыі Клода дэ ла Каламб’ера, у Пара-ле-Маньяле была пабудавана капліца ў яго імя, дзе прадстаўлена духоўнае падарожжа праз Духоўныя практыкаванні як досвед Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
Езуіты з Пара-ле-Маньяля, супрацоўнічаючы з сёстрамі-візіткамі і мясцовай супольнасцю Эмануэль, выконваюць сваю місію распаўсюджвання ведаў аб Найсвяцейшым Сэрцы Езуса. Яны апякуюцца капліцай св. Клода дэ ла Каламб’ера, дзе кожны дзень ёсць святая Імша, магчымасць прыступіць да споведзі, сустрэцца дзеля духоўнай размовы. Яны таксама арганізуюць рэкалекцыі і катэхезы аб Найсвяцейшым Сэрцы Езуса, прымаюць шматлікія групы пілігрымаў.