Калі б Ігнацый жыў сёння, ён быў бы адным з найбольш заўзятых карыстальнікаў смартфонаў, падтрымліваў бы сувязь з езуітамі па ўсім свеце, распрацоўваў бы прыкладанні для малітвы і разважанняў, быў бы ў курсе сусветных падзей і пісаў бы свае думкі ў блогу. Ён, верагодна, меў бы адмысловы езуіцкі тэлефон, вядома ж, чорнага колеру з лагатыпам IHS, з наладамі «пілігрыма»: напамін пра рахунак сумлення двойчы на ​​дзень, рэжым поўнай цішыні і будзільнік для 30-дзённых рэкалекцый! Ён быў бы захоплены тэлефонам – з адным важным удакладненнем: ён выкарыстоўваў бы яго разважліва.

Мы ведаем, што рэчы ў свеце, уключна з тэхналогіямі, самі па сабе добрыя. Вырашальным з’яўляецца тое, як мы імі карыстаемся: на дабро ці на зло. Ігнацый, якога часта называюць першым псіхолагам, выдатна разбіраўся ў эмоцыях, асабліва што датычыць перажытага досведу і яго наступстваў. Здольнасць чытаць свае эмоцыі ці настроі – гэта ключавы ігнацыянскі навык, які дапамагае вызначыць, дзе ёсць Бог і ў чым заключаецца дабро. Так, напрыклад, выкарыстанне тэлефона дзеля таго, каб напісаць словы падтрымкі засмучанаму сябру, суправаджаецца добрым пачуццём, якое захоўваецца яшчэ доўгі час. З іншага боку, калі мы злоўжываем тэхналогіямі, напрыклад, каб лаяцца ці абурацца, мы адчуваем непрыемныя наступствы. Нават калі перашапачаткова атрымліваем ад іх павярхоўнае задавальненне, звычайна яно не трывае доўга, і нам усё роўна даводзіцца жыць далей з самімі сабой. Мае значэнне толькі “паслясмак” або эфект, наступства. Напрыклад, здавалася б, проста цудоўна сядзець у інтэрнэце гадзінамі, праглядаць шмат кантэнту, наведваць сумніўныя сайты і г.д., але пасля, па шчырасці, унутры застаецца не вельмі прыемнае пачуццё. Сацыяльныя сеткі не заўсёды робяць нас больш таварыскімі, а гульні, у якіх мы праводзім зашмат часу, у выніку не прыносяць асаблівага задавальнення; існуюць межы або гранічныя пункты, за якімі дабро пачынае знікаць, нягледзячы на ​​нашы добрыя намеры. Усё часцей інтэрнэт, які можа быць надзвычай карысным, не вырашае праблему адзіноты, а віртуальныя сябры не могуць замяніць рэальныя адносіны, у якіх мы сапраўды маем патрэбу.

Вядома ж, пэўныя аспекты тэхналогій смартфонаў і доступу да інтэрнэта ўзбагачаюць жыццё. Гэта і сувязь з сябрамі на іншым канцы свету, відэазванкі, якія да нядаўняга часу лічыліся навуковай фантастыкай, імгненны абмен паведамленнямі з блізкім сябрам, фатаграфіі з экзатычных месцаў, магчымасць убачыць нованароджанае дзіця, наяўнасць велізарных дадзеных літаральна пад рукой. Магчымасці і патэнцыял бязмежныя. На жаль, абяцанае не заўсёды спаўняецца; свае неймаверна разумныя тэлефоны мы ўжываем дзеля пустых забаў, а многія функцыі застаюцца нявыкарыстанымі.

Ігнацый некалі і сам быў чалавекам крайнасцей, але пазней спасціг мудрасць раўнавагі і ведаў, калі спыніцца або пераключыцца. На жаль, людзі вельмі схільныя да залежнасцяў. Мы можам трапіць у пастку чагосьці добрага, што захопіць нас і заняволіць. Ігнацый адстойваў ідэю ўнутранай свабоды або непрывязанасці (свабоды прыняць штосьці ці адкінуць), умеў чытаць свае пачуцці і вырашаць, у якой меры выкарыстоўваць рэчы ці адмовіцца ад іх. Таму, калі я не свабодны, г.зн. занадта прывязаны або залежны ад чагосьці, Бог нагадвае мне, што я іду няправільным шляхам, і робіць гэта праз унутраныя прыкметы трывогі і пусткі. Мы можам вырашыць ігнараваць іх, але не можам адпрэчыць іх існаванне. Такім чынам, выкарыстанне тэхналогій добрае да пэўнага моманту, а потым ўсё ідзе на спад. У горшым выпадку я магу хутка стаць іх рабом, залежным у тым сэнсе, што ў дачыненні да рэальнасці раблюся сляпым. Ва ўсіх ёсць знаёмыя, “падключаныя да сеткі”, залежныя ад тэхналогій, якія з цяжкасцю падтрымліваюць размову, яны цалкам паглынутыя сваімі экранамі на шкоду іншым ці сабе. А хтосьці, здаецца, дае рады з тэхналогіямі без асаблівых высілкаў і з вялікай карысцю для жыцця. Вельмі важна знайсці правільны баланс, вызначыць, як скарыстацца ўсімі перавагамі і пазбегнуць пастак. Але як гэта зрабіць?

Адказы знаходзяцца ў нас саміх, у нашым досведзе. Трэба хаця б крыху ўсведамлення, увагі да сваіх адчуванняў падчас пракручвання стужкі, спажывання кантэнту і націскання клавіш. Ёсць прамежак паміж тым, што я раблю, і тым, як я сябе адчуваю, невялікі, як ледзь прыкметны прасвет, і тым не менш важны. Нават чытаючы гэты артыкул зараз, звярніце ўвагу на тое, што адчуваеце: цікаўнасць, раздражненне, нуду, трывогу і г.д. – важна, што вы заўсёды маеце доступ да гэтай інфармацыі. Магчыма, будзе складана, бо нас часта вучылі ігнараваць свае эмоцыі або хаваць цяжкія пачуцці, асабліва калі яны не адпавядаюць нашым жаданням. Тым не менш, яны вельмі каштоўныя нашыя сябры, заўсёды кажуць праўду пра тое, што адбываецца ўнутры.

Чалавечае сэрца – бурлівае месца, дзе ўсё нібы пастаянна прабывае ў руху, і не выглядае асабліва лагічным. Ігнацый запрасіў бы нас распазнаваць розныя віды жаданняў або матывацый. У дачыненні да смартфона мы можам заўважыць у сабе прагу адабрэння і суцяшэння праз тое, напрыклад, колькі ўпадабанняў атрымліваем у Facebook. З іншага боку, мы таксама распазнаём у сабе жаданне дапамагчы камусьці ў бядзе, сказаць добрае слова. Некаторыя рэчы лёгка рабіць у сацыяльных сетках: адны людзі далучаюцца да крытыкі, а іншыя адважваюцца супрацьстаяць камусьці або заняць пазіцыю па праблеме. Як зразумець, што правільна ў той ці іншай сітуацыі? Ігнацый сказаў бы: абдумайце адказ, не спяшайцеся. Паспешлівыя рашэнні і імпульсіўныя рэакцыі часта добрымі не з’яўляюцца; на жаль, сацыяльныя сеткі, як правіла, поўняцца імгненнымі рэакцыямі. Нам варта затрымацца, даць час сваім пачуццям і спланаваць адказ. Напрыклад, задаць сабе простыя пытанні: ці добра тое, што я збіраюся рабіць? Ці дапаможа гэта свету? Ці ўмацуе мае адносіны з людзьмі?

Ігнацый выкарыстоўваў у жыцці просты метад рэфлексіі, які добра працуе і сёння. На пару хвілін адхіліцеся ад свайго цяперашняга занятку, каб паглядзець на яго нібы збоку. Звярніце ўвагу на свае пачуцці адносна таго, што вы робіце. Спытайцеся, што азначае канкрэтнае пачуццё, ці сігналізуе яно пра нешта добрае або пра дрэннае. Напрыклад, калі вы адседзелі ў тэлефоне некалькі гадзін, можа ўзнікнуць незадаволенасць, непрыемнае пачуццё, што вы змарнавалі час, нават калі спачатку настрой быў выдатным. І наадварот, падтрымка праз відэачат сябра, які перажывае цяжкі перыяд, можа каштаваць вам сіл, але ў той жа час узняць на духу. Дзіўна, што Бог можа звяртацца да нас праз нашыя пачуцці: так Ён адводзіць ад шкодных, бессэнсоўных дзеянняў і кіруе да больш жыццядайных рэчаў. Калі мы разважаем пра ўсё, што з намі адбываецца, уважліва праглядаем атрыманы досвед, то лягчэй бачым гэтыя адрозненні. Абмен думкамі з іншай асобай або запіс у дзённіку таксама могуць дапамагчы, бо даюць нам больш шырокую перспектыву.

Даследаванні паказваюць, што людзі адчуваюць трывогу і стрэс, калі разлучаюцца са сваімі тэлефонамі, а гэта можа лёгка ператварыцца ў своеасаблівую залежнасць. Бясспрэчна, нейрамедыятары добрага самаадчування выдзяляюцца, калі мы правяраем паведамленні і абнаўленні, што дапамагае нам нядоўга пачувацца лепш. Пры адсутнасці іншых, мацнейшых жаданняў, гэтыя адносна нязначныя жаданні могуць узяць верх. Святы Ігнацый назваў бы гэта прывязанасцю або несвабодай, калі мы не можам абысціся без чагосьці; мы становімся нявольнікамі, і ў выніку нашае жыццё скурчваецца. Вызваленне – гэта таксама ўнутраная праца, прызнанне маштабаў несвабоды і просьба да Бога аб дапамозе, з усведамленнем таго, што патрэбна вышэйшая сіла, каб вызваліць мяне для вышэйшага паклікання.

Падсумоўваючы:

  1. Практыкуйце цішыню; выкарыстоўвайце тэлефон крэатыўна як таймер у «рэжыме палёту».
  2. Адлучыцеся ад сеткі – дакажыце, што вы вольныя, выключыўшыся на некалькі гадзін.
  3. Звярніце ўвагу на сябе і свае пачуцці; знайдзіце час, каб папрактыкавацца ў тым, каб адрозніць іх і назваць.
  4. Прагуляйцеся без тэлефона, не фатаграфуйце, проста назірайце і будзьце “ў моманце”.
  5. Практыкуйце «афлайн» мастацтва, напрыклад, можна напісаць ліст, заспяваць ці зайграць песню, спячы торт, памарыць перад акном.
  6. Задумайцеся, што пачуцці кажуць вам пра вашае жыццё, зроблены выбар, сяброў; часам эмоцыі, як гук будзільніка, спрабуюць папярэдзіць, навесці на думку пра неабходныя змены.
  7. Праводзьце час з людзьмі і будзьце з імі напоўніцу, не трымайце тэлефон у кішэні, настроеным на вібрацыю, не правярайце сацыяльныя сеткі пад сталом! Пасля сустрэчы атрымлівайце асалоду ад часу перад экранам у поўнай меры.
  8. Зрабіце “акт выпадковай дабрыні” і паназірайце за яго эфектам у “рэальным” свеце.
  9. Паразважайце 10 хвілін у канцы дня пра цудоўныя моманты, якія вы перажылі, звярніце ўвагу, ці былі ў іх нейкім чынам задзейнічаны тэхналогіі.
  10. Нарэшце, памятайце, што ваш смартфон – гэта дар ад Бога і інструмент для большага дабра, калі выкарыстоўваць яго правільна (Ігнацый хацеў бы, каб вы яго выкарыстоўвалі добра ;-)).

Брэндан МакМанус SJ