Унутраныя і знешнія варункі малітвы

Калі ёсць жаданне паглыбіць досвед асабістай малітвы, у артыкуле айца Лешэка Монджыка SJ можна знайсці шэраг карысных практычных парадаў. 

Пра малітву напісана шмат кніжак і артыкулаў, якія поўняцца разнастайнымі падказкамі і рэкамендацыямі. У гэтым разважанні я хачу разгледзець сітуацыю, калі хтосьці імкнецца больш рупліва паставіцца да штодзённай асабістай малітвы і не затрымліваецца толькі на прагненні, але вырашае запланаваць канкрэтныя крокі, каб цягам наступных тыдняў прыкласці пэўныя намаганні дзеля сустрэчы з Богам. На што варта ў такім выпадку звярнуць увагу? Што стане дапамогай як са знешняга боку, так і яшчэ больш з боку ўнутранай паставы? У рэфлексіях я буду спасылацца на парады, якія мы знаходзім у “Духоўных практыкаваннях” св. Ігнацыя Лаёлы. Вымоўна гучыць ужо сама назва. Калі яе аўтар прапануе практыкаванні, то гэта азначае, што ягоны падыход да малітвы і духоўнага развіцця вельмі практычны. Ці то фізічныя практыкаванні, ці то духоўныя трэба проста рабіць, адной тэорыі будзе недастаткова, нават найцікавейшай. Вельмі падобна на ўменне ездзіць на ровары. Недастаткова чытаць кніжкі або глядзець відэа, прысвечаныя гэтаму дзеянню. Пасля абавязковага знаёмства з тэорыяй трэба як мага хутчэй распачаць практыку, а менавіта сесці на ровар і паехаць наперад. 

Тое самае адбываецца з асабістай малітвай.  Літаратура пра малітву можа быць карыснай, і не лішнім будзе нават удзел у кароткай сесіі на гэтую тэму. Аднак як найхутчэй важна распачаць асабістае практыкаванне малітвы. Мяркую, калі хтосьці чытае гэты артыкул, то напэўна мае ў сабе прагненне не толькі маліцца, але шукаць чагосьці большага. Несумненна, пераважная большасць з нас мае свой асабісты досвед малітвы. Нашыя блізкія, найчасцей бацькі, бабулі, катэхеты і душпастыры, вучылі нас сустракацца з Богам у малітве. Толькі вось мы нярэдка заўважаем, што стан нашай малітвы не найлепшы, што мы занядбоўваем яе, што яна зводзіцца да выканання абавязку, і мы перастаём разлічваць, што яна можа зрабіць нейкі значны ўнёсак у нашае жыццё верай. Каб глыбей перажываць асабістую малітву, варта звярнуць увагу на некаторыя знешнія і ўнутраныя ўмовы і абставіны. 

Час і месца малітвы

У Евангеллях мы некалькі разоў сустракаем апісанне таго, што Езус рэгулярна адлучаўся ў пустыннае месца, каб там нейкі час маліцца (напрыклад, Мк 1, 35). Наша сітуацыя падобная. Калі мы хочам прысвяціць той ці іншы час малітве, нам трэба ведаць, калі і дзе гэта адбудзецца. Жыццёвы досвед выразна сведчыць аб тым, што калі, напрыклад, нам залежыць на нейкай сустрэчы, то найлепш яе дакладна запланаваць. Практыка малітвы гэта таксама пацвярджае. Калі Езус шукаў для сябе час і месца, каб памаліцца, у тым ліку ў перыяд інтэнсіўнай апостальскай дзейнасці, то наколькі больш патрабуем гэтага мы сярод нашай штодзённасці? На маю думку, карысна проста паглядзець на свой звычайны дзень або тыдзень і як мага дакладней вызначыць: калі, у якую пару дня і дзе я хачу прысвяціць час малітве. Якую працягласць будзе мець гэтая падоўжаная малітва? Калі я хачу, каб яна была асобным пунктам кожнага дня, то варта ясна запланаваць час і месца гэтай малітвы. У сувязі з гэтым, калі св. Ігнацый распавядае пра працяглую малітву (напрыклад, медытацыю, кантэмпляцыю або разважанне), ён заахвочвае нас захоўваць запланаваную яе працягласць. І рашэнне на гэты конт лепш прымаць перад пачаткам малітвы. Калі затым уваходжу ў яе, то стараюся вытрываць увесь запланаваны час. Чаму? Бо трыванне да канца можа стацца асабліва карысным. Цягам малітвы можа прыйсці спакуса скараціць яе, бо нам, напрыклад, цяжка трываць даўжэй або выглядае на тое, што на гэты раз у сэрцы нічога важнага не дзеецца. Калі прыходзіць думка крыху скараціць час малітвы, то лепш на хвілінку яе падоўжыць. І гэта не з’яўляецца нечым знешнім, нейкім практыкаваннем дзеля практыкавання. Аказваецца, трыванне да канца таксама дапамагае нам убачыць, чаго мы шукаем у малітве: прыемных пачуццяў ці ўсё ж спаткання з Богам. 

На цікавае спалучэнне нашага часу і малітвы звяртае ўвагу кс.  Кшыштаф Гжывач:

“Той, хто моліцца, мае шмат часу, дастакова, каб любіць. Хто не моліцца, часу мае ўсё менш. Мы жывём у свеце, які не мае часу, бо адыйшоў ад Бога. Перавярні мысленне: пачні маліцца, і будзеш мець час на тое, што істотнае. Мы марнуем час на неістотнае. Мы не мусім рабіць усяго, але трэба ўмець распазнаць, што выбіраю я, а чаго чакае ад мяне Пан Езус. Пан Бог дае мне столькі часу, колькі дае мне заданняў – дакладна столькі, і нічога звыш ад мяне не чакае”[1]. 

Калі маем досыць інтэнсіўнае жыццё, бо ў ім суіснуюць сям’я, праца, адносіны, абавязкі, спорт ці хобі, то напэўна будзе цяжка маліцца кожны дзень у той самы час. Але чым больш удаецца датрымліваць усталяваны час і месца, тым больш плённасці такой малітвы мы спазнаем. У адной з рэкамендацый аб перажыванні малітвы падчас рэкалекцый св. Ігнацый прапануе, каб яшчэ з вечара, перад засынаннем, дакладна запланаваць малітву наступнага дня (гл. ДП 73). Гэта вельмі практычнага заўвага, якая можа дапамагчы не толькі падчас рэкалекцый, але, магчыма, нават больш у штодзённасці. Мы лёгка пабачым, наколькі карысна планаваць час і змест малітвы напярэдадні. Калі пачынаем новы дзень без падобнага плану, мяркуючы, што памолімся, калі будзе час (асабліва калі нам залежыць на больш працяглай малітве, напрыклад, каля паўгадзіны), то часта заўважаем, што часу не хапае.

Досыць важную ролю грае таксама месца, лёгкадасяжнае і спрыяльнае ў перажыванні малітвы. Часта гэта наш дом, аднак і ў ім варта абраць месца найбольш магчымае і адпаведнае. Некаторыя людзі наведваюць пасля працы касцёл ці капліцу, каб памаліцца ў спакойнай атмасферы, прыняць удзел у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Для адных лепшым часам малітвы з’яўляецца раніца, а для другіх – вечар. Калі на больш працяглую малітву выбіраем вячэрнюю пару дня, то важна паклапаціцца, каб не быць ужо занадта стомленым. Св. Ігнацый падказвае, што калі знайду месца і паставу цела, якая дапамагае мне, то варта заставацца ў ёй і не змяняць вельмі лёгка.

Унутраная пастава

Перш чым мы разгледзім некаторыя ўнутраныя паставы, важныя для малітвы, нагадаю, што св. Ігнацый выразна кажа аб тым, што Бог прагне з намі спатыкацца, прамаўляць да нас і дае Сябе пазнаць. Ён, як наш Стварыцель, прагне сустрэчы і жадае даць Сябе чалавеку як Свайму стварэнню (пар. ДП 15). Св. Ігнацый сам дасведчыў пасля свайго навяртання, што Пан Бог вучыў яго духоўнаму шляху і ставіўся да яго, як школьны настаўнік ставіцца да дзіцяці. Усведамленне гэтай праўды дапамагае ўваходзіць у малітву з адпаведным настроем. Пан Бог і ў маёй малітве ёсць першым: Ён прагне сустрэцца са мной і чакае мяне. Прыгадваюцца словы Апакаліпсіса: “Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною” (Ап 3, 20). Па меры таго, як намі лепш засвойваецца гэтая праўда пра Бога, які ў сваёй вернай любові апярэджвае нас і таму прагне жывой сувязі, зусім як Айцец з дзіцём і як Сябра з сябрам, мы развіваем больш глыбокае жаданне шукаць Бога і сустракацца з Ім. Тады малітва больш не абавязак ці фармальнасць, але сапраўдная сустрэча, якой мы прагнем і патрабуем. Калі мы імкнемся да больш плённай малітвы, св. Ігнацый раіць распачынаць яе з велікадушкасцю і шчодрасцю (гл. ДП 5). Не трэба ў гэтай сустрэчы гнацца за вялікім зместам ані за навізной думак ці досведу, але рупіцца аб унутраным смакаванні, якое “здавольвае і насычае душу” (ДП 2). Святому Ігнацыю вельмі ўласціва ўжываць у тлумачэннях слова “смакаваць”. Калі мая малітва абапіраецца на фрагмент Божага слова, то я запрошаны да таго, каб гэты змест смакаваць. Калі адна фраза альбо нават некалькі слоў кранаюць сэрца, калі, паўтараючы іх, адчуваю, што яны насычаюць мяне, умацоўваюць маю веру, то лепш застацца з гэтымі выбранымі словамі, дазваляючы Богу карміць, прасвятляць, умацоўваць мяне так, як Ён жадае. 

Чым больш уваходзім у працяглую малітву на аснове Божага слова, тым больш адкрываем значнасць паставы глыбокага слухання. Каб пачуць у сэрцы тое, што праз Пісанне Бог хоча сказаць, трэба ўмець цярпліва чакаць, некалькі разоў павольна прачытаць абраны ўрывак і з даверам заставацца пры ім таксама тады, калі здаецца, што нічога нас не кранае, нічога мы не чуем і на гэты раз нічога ў малітве не адбываецца. Нярэдка такі досвед з’яўляецца своеасаблівай падрыхтоўкай да глыбейшай сустрэчы з Богам, а поўная даверу і прастаты пастава цярплівага слухання вельмі патрэбная. Пакрысе ў нас даспявае гатоўнасць прыняць Пана Бога з тым усім, з чым Ён прагне прыходзіць. Каб плённа трываць у малітве, нам трэба ўнутрана згадзіцца на тое, што Бог дазваляе Сябе адкрыць, калі мы адкладаем убок свае меркі і фантазіі. Нам трэба згадзіцца на тое, каб Пан Бог даваў Сябе так, як Ён у сваёй Любові прагне гэта рабіць. Ён нярэдка найперш нібы рыхтуе нашае нутро, ачышчае яго, парадкуе. Словы, скіраваныя Майсею: “Здымі абутак з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, гэта святая зямля” (Зых 3, 5), звяртаюць нашую ўвагу, што на сустрэчу з Богам мы маем прыходзіць з адкрытасцю і пакорай. 

Падчас малітвы мы адчуем розныя духоўныя рухі, інакш кажучы, наш унутраны свет, розум, воля, прагненні будуць рухацца, напрыклад, да чагосьці большага. Узнікнуць новыя думкі, пытанні, нават планы. Св. Ігнацый сам глыбока гэтага дасведчыў, таму акцэнтуе важнасць паставы няспыннага духоўнага распазнавання. Ён кажа, што ўнутры чалавека, як у час малітвы, так і пасля, дзейнічаюць тры суб’екты, гэта значыць, некаторыя думкі паходзяць знутры нас саміх, а некаторыя – звонку: ад добрага або ад злога духаў (гл. ДП 32). Калі хочам развівацца ў больш глыбокім перажыванні малітвы, нам трэба практыкаваць распазнаванне штодзённа[2]. 

Варта таксама нагадаць, што на сустрэчы з Богам трэба быць такімі, якімі мы ёсць. Важна па-сапраўднаму быць самім сабой перад Богам, які добра нас ведае і адначасова запрашае з даверам адкрыць Яму ўсё, што ў нас унутры. Такім чынам, працяглая малітва – не толькі магчымасць сустрэцца з Богам, але і з самім сабой, шанец на тое, каб Яго Слова рабілася “святлом для маёй сцежкі” (Пс 119 (118), 105). 

Хачу звярнуць увагу на яшчэ адну, вельмі характэрную для св. Ігнацыя паставу. Каб развівацца на шляху малітвы, неабходна прысвячаць час рэфлексіі над самім працэсам: што сёння, можа, не ўдалося ў малітве і чаму; што, наадварот, было добрым; за што я дзякую Богу? Быць уважлівым і вучыцца на ўласным досведзе – адна з вельмі практычных і важных падказак св. Ігнацыя (пар. ДП 77). Здаецца, у многіх выпадках мы забываемся пра гэта. 

Калі разважаем над тым, што дапамагае ўваходзіць у малітву больш плённа, варта спытаць сябе, што з’яўляецца перашкодай. Часам, напрыклад, мы залішне трымаемся за свае ўяўленні і чаканні адносна малітвы, і гэта не дае нам заўважыць самой сустрэчы, якая адбываецца, або парадавацца ёй. Бывае, мы надзвычай канцэнтруемся на цяжкасцях ці сваёй рассеянасці падчас малітвы. 

“Пане, навучы нас маліцца…” (Лк 11, 1) – з такой просьбай хтосьці з вучняў звярнуўся да Езуса. Прынамсі час ад часу маем патрэбу ў тым, каб прасіць Хрыста навучыць нас маліцца.

Лешэк Монджык SJ – рэкалекцыяніст, асыстэнт “Супольнасці хрысціянскага жыцця” ў Польшчы, духоўны айцец супольнасці езуітаў у Варшаве. Быў настаўнікам навіцыяту, рэктарам езуіцкага калегіума ў Гдыні і дырэктарам рэкалекцыйнага дому. 

Спасылкі:

1 K. Grzywocz, J. Prusak, Pójdźcie na miejsce osobne, Wydawnictwo WAM, Kraków 2021, s. 115.

2 Аб неабходнасці распазнавання ў штодзённым жыцці красамоўна нагадвае Папа Францішак у адгартацыі “Gaudete et exultate”, абзацы 166 і далей.

Крыніца: MANREZA. Pismo poświęcone duchowości ignacjańskiej. 1/2023 (13).