У цыкле катэхез аб распазнаванні мы разглядалі розныя яго элементы і азнакі добрых рашэнняў. Аднак фундаментальным падыходам, які павінен кіраваць усім працэсам распазнавання, з’яўляецца пільнасць, чуйнасць. Езус часта папярэджвае сваіх вучняў аб неабходнасці чування, каб вораг не скарыстаўся нашай рассеянасцю і не змарнаваў нашыя добрыя высілкі. Пан прыводзіць прыклад нячыстага духа, які, выгнаны з дому, вяртаецца і знаходзіць яго чыстым, але пустым, бо гаспадар адсутнічае, тады злы дух прыходзіць з сямю сваімі таварышамі. Нібы той гаспадар, мы таксама часта не вартуем свой дом і не захоўваем чыстым сэрца як жыллё для Пана. Калі мы празмерна давяраем сабе, а не ласцы Пана, нашая саманадзейнасць можа адчыніць дзверы злу і зрабіць горш, чым было напачатку. Практыкуючыся ў распазнаванні, будзем жа захоўваць пільнасць, бо яна з’яўляецца прыкметай духоўнай мудрасці і пакоры, якія складаюць сутнасць хрысціянскага жыцця.

Дарагія браты і сёстры, добрай раніцы!

Мы ўваходзім у заключны этап нашай вандроўкі па тэме распазнавання. Мы пачалі з прыкладу святога Ігнацыя Лаёлы, затым разгледзелі элементы распазнавання: малітву, самапазнанне, жаданне і “кнігу жыцця”; затым засяродзіліся на пакінутасці і суцяшэнні, якія ўтвараюць “матэрыю” распазнавання, і абмеркавалі знакі, якія пацвярджаюць зроблены выбар.

Я лічу неабходным дадаць напамін аб вельмі важнай паставе, дзякуючы якой увесь высілак, укладзены ў распазнаванне і прыняцце добрага рашэння, не будзе змарнаваны, – гэта пастава пільнасці. Мы прайшлі праз распазнаванне, суцяшэнне і пакінутасць, штосьці выбралі – усё ідзе добра, але цяпер неабходна быць чуйнымі. Бо існуе сапраўдная рызыка, і той “зануда”, гэта значыць злы дух, можа ўсё сапсаваць, прымусіўшы нас вярнуцца да пачатку нават у яшчэ горшым стане. Так здараецца, таму трэба быць уважлівымі і пільнымі. З гэтай прычыны сёння ўяўляецца мэтазгодным падкрэсліць паставу пільнасці, неабходную ўсім нам, каб працэс распазнавання быў і заставаўся паспяховым.

Сапраўды, у сваім прапаведаванні Езус выразна настойвае на тым, каб добры вучань чуваў, не драмаў, не дазваляў сабе рабіцца занадта самаўпэўненым, калі справы ідуць добра, але заставаўся ўважным і гатовым выконваць свой абавязак.

Вось, у Евангеллі паводле Лукі Езус кажа: “Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя; а вы падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму. Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца і пасадзіць іх, і, падышоўшы, пачне служыць ім” (12, 35-37).

Чуваць, каб зберагчы сваё сэрца і зразумець, што адбываецца ў ім.

Гэта стаўленне хрысціянаў, якія чакаюць канчатковага прыйсця Пана, але можна так падыходзіць да жыцця, ў цэлым каб нашыя добрыя рашэнні, прынятыя часам пасля цяжкага распазнавання, маглі настойліва і паслядоўна ажыццяўляцца і прыносіць плады.

Калі няма пільнасці, існуе, як было сказана, вельмі высокая рызыка таго, што ўсё будзе страчана. Гэта небяспека не псіхалагічнага парадку, але духоўнага, сапраўдная пастка злога духа. Сапраўды, ён чакае якраз таго моманту, калі мы занадта самаўпэўненыя, дзе і крыецца небяспека: “Вось, я ўпэўнены ў сабе, я перамог, цяпер у мяне ўсё добра…” – ён таго і чакае, калі ўсё дайшло да ладу, калі справы ідуць “як па масле” і “вецер у ветразях”. У кароткай евангельскай прыпавесці сказана, што нячысты дух, калі вяртаецца ў дом, адкуль выйшаў, “знаходзіць яго незанятым, падмеценым і ўпрыгожаным” (Мц 12, 44). Знаходзіць яго добра падрыхтаваным, хіба не? Усё на сваім месцы, усё ў парадку, а дзе ж гаспадар дома? Яго там няма. Няма каму пільнаваць і ахоўваць. Вось у чым праблема. Гаспадар не дома, ён сышоў, адлучыўся, не ведаю; або ён дома, але заснуў, і таму яго быццам таксама няма. Ён не дбайны, не асцярожны, бо занадта ўпэўнены ў сабе і страціў пакору, каб абараняць сваё сэрца. Мы заўсёды павінны берагчы свой дом, сваё сэрца замест таго, каб пераключаць увагу і знікаць… Бо якраз тут і праблема, як сказана ў прыпавесці.

Такім чынам, злы дух можа скарыстацца аказіяй і вярнуцца ў дом. Евангелле, аднак, кажа, што ён вяртаецца не адзін, але “бярэ з сабой сем іншых духаў, злейшых за сябе” (в. 45). Кампанія злыдняў, банда злачынцаў. Але як гэта магчыма, мы задаемся пытаннем, каб яны ўвайшлі без перашкод? Як жа гаспадар не заўважае? Хіба ён не ўмеў так добра іх распазнаваць і выганяць? Хіба не атрымліваў кампліментаў ад сяброў і суседзяў за свой дом, такі прыгожы і густоўны, такі акуратны і чысты? Дом сэрца, праўда? Так, але, магчыма, менавіта таму ён занадта палюбіў дом, гэта значыць самога сябе, і перастаў чакаць Пана, чакаць прыйсця Жаніха; магчыма, баючыся парушыць наведзены парадак, ён больш нікога не прымаў, не запрашаў бедных, бяздомных, тых, хто турбаваў… Адно ясна: умяшалася кепская ганарлівасць, упэўненасць ва ўласнай рацыі, у сваёй дабрыні, упарадкаванасці. Вельмі часта можна пачуць, як хтосьці кажа: “Так, раней я быў дрэнны, але навярнуўся, і цяпер у маім доме парадак, дзякаваць Богу, можаце быць спакойныя…”. Калі мы занадта давяраем сабе, а не Божай ласцы, тады злы дух знаходзіць дзверы адчыненымі. І ён арганізуе выправу і захоплівае гэты дом. Як падсумоўвае Езус: “І бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае” (в. 45).

Але хіба гаспадар не заўважае? Не, таму што гэта ветлівыя дэманы: уваходзяць непрыкметна, ветліва стукаюцца ў дзверы. “Не, добра, ідзі, ідзі, заходзь…”– і потым у рэшце рэшт яны бяруць душу пад свой кантроль. Сцеражыся гэтых чарцянят, гэтых дэманаў… Д’ябал такі прыстойны, калі прыкідваецца заўзятым джэнтэльменам, праўда ж? Бо ён уваходзіць з нашым, каб выйсці са сваім. Барані свой дом ад падману ветлівых дэманаў. А духоўная свецкасць (або духоўнасць, якая кіруецца зямнымі катэгорыямі) заўсёды ідзе гэтым шляхам.

Дарагія браты і сёстры, гэта здаецца немагчымым, але так ёсць. Шмат разоў мы прайграем, шмат разоў церпім паразу ў бітвах з-за гэтага недахопу пільнасці. Вельмі часта, напэўна, Пан даваў столькі ласкаў, проста безліч, а мы ў выніку не можам вытрываць у Яго ласцы і губляем усё з-за таго, што нам не хапае пільнасці: мы не пільнавалі дзвярэй. Нас падманвае той, хто падбіраецца з ветлівасцю, заходзіць, вітаецца… У д’ябла такія рэчы ёсць. Кожны можа пераканацца ў гэтым, успомніўшы сваю асабістую гісторыю. Не хопіць добрага распазнавання і адпаведнага рашэння. Не, гэтага недастаткова: мы павінны заставацца пільнымі, ахоўваць ласку, якую даў нам Бог. Стала назірай, бо ты можаш сказаць мне: “Але ж заўважыўшы нейкае бязладдзе, я адразу разумею, што гэта д’ябал, што гэта спакуса…” Так, але на гэты раз ён прыходзіць пад выглядам анёла: д’ябал ведае, як апрануцца анёлам, ён уваходзіць з ласкавымі словамі і ўмела пераконвае цябе, тады заканчваецца ўсё горш, чым пачыналася… Нам трэба заставацца пільнымі і вартаваць сэрца. Калі б я сёння спытаў кожнага з вас, а таксама самога сябе: “Што адбываецца ў тваім сэрцы?”, магчыма, мы б не ведалі, як выказаць усё; мы б назвалі адну-дзве рэчы, але не ўсё. Пільнуй сэрца, бо пільнасць – гэта знак мудрасці, а перш за ўсё – знак пакоры, бо мы баімся ўпасці, а пакора – гэта галоўны шлях хрысціянскага жыцця. Дзякуй.

Папа Францішак. Генеральная аўдыенцыя, 14 снежня 2022г

Крыніца: https://www.vatican.va/content/francesco/en/audiences/2022/documents/20221207-udienza-generale.html

Галоўная выява: Папа Францішак на штотыднёвай агульнай аўдыенцыі ў зале Паўла VI 14 снежня 2022г. (Крыніца: CNS photo/Paul Haring).