Гамілія на ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, Год А

Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея

Езус сказаў сваім вучням: Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе Анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. I сабраныя будуць перад Ім усе народы, і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І паставіць авечак праваруч, а казлоў — леваруч.

Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету.

Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці;
прагнуў, і вы напаілі Мяне;
быў падарожным, і вы прынялі Мяне;
быў голы, і вы апранулі Мяне;
быў хворы, і вы адведалі Мяне;
быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне.

Тады адкажуць Яму справядлівыя: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?

I Валадар скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі.

Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным.

Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці;
прагнуў, і вы не напаілі Мяне;
быў падарожным, і вы не прынялі Мяне;
быў голы, і вы не апранулі Мяне;
быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне.

Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе?

Тады скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: Чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне. І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця.

Мц 25, 31–46

Суды чалавечыя і суд Божы

У апошнюю нядзелю літургічнага года мы святкуем урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Варта ўзгадаць, што гэта свята было ўстаноўлена ў 1925 г., каб стаць напамінам кожнай чалавечай уладзе пра яе канчатковы сэнс і крытэрый ацэнкі ў святле Божага аб’яўлення. І ў наш час пасланне сённяшняй урачыстасці застаецца актуальным як ніколі.

Евангелле Хрыста гучыць як выклік пэўным спосабам кіравання, якія абіраюць тыя, хто прыйшоў да ўлады: «Кіраўнікі народаў пануюць над імі, і вяльможы маюць уладу над імі. Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою» (Мц 20, 25–26). Менавіта пра гэты адзіны сапраўдны крытэрый велічы ў любых людскіх адносінах кажа сённяшняя прыпавесць Езуса: у дзейсным служэнні бліжняму, які патрабуе дапамогі, уцелаўляецца сэнс і канчатковая вартасць кожнага чалавечага жыцця.

Чалавечыя суды ў гэтым свеце часта становяцца прыладай несправядлівасці, насілля і прыгнёту з боку ўлады, як, на жаль, мы можам назіраць амаль кожны дзень у нашай краіне.

Але, як вучыць нас Пан і Валадар усяго існага праз сваё слова (пар. Пс 94 (93), 8–10), толькі недалёкі чалавек думае, што Бог не бачыць беззаконня і згаджаецца з ім, што за чалавечай уладай і сілай — апошняе слова, што не будзе іншага суду паводле нябеснай справядлівасці — канчатковай «вышэйшай інстанцыі», дзе нельга «выкруціцца» пры дапамозе хлусні і маніпуляцый.

У сваім вучэнні Езус нярэдка ўзгадвае сканчэнне свету (гл. Мц 13, 40.49): менавіта з перспектывы канца можна ацаніць сапраўдную вартасць нейкай справы, у тым ліку чалавечага жыцця. Але тое, што Езус кажа пра канец вякоў, — не «футуралогія»: гэта мае непасрэднае дачыненне да нашага «сёння». Усемагутны Валадар, які нас сустрэне ў момант смерці і перад чыім судом мы апынемся, у кожны момант нашага існавання звяртаецца да нас, заклікаючы кіравацца Словам Жыцця, дазваляючы праз веру і любоў дакрануцца ўжо цяпер да вечнасці.

Укрыжаваны Валадар усяго сусвету

Сённяшняя прыпавесць — апошняя частка публічнага вучэння Езуса паводле евангеліста Мацвея. Далей у Евангеллі пачынаецца аповед пра цярпенне і смерць Пана, і Ён у чарговы раз іх прадказвае вучням у вершах, якія непасрэдна ідуць пасля нашага ўрыўка: «Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаванне» (Мц 26, 2). Тое, што ў прыпавесці гаворыцца пра голад, смагу, галечу, зняволенне, станецца сумнай рэчаіснасцю ў апошнія гадзіны жыцця Езуса. Хрыстус — Укрыжаваны Валадар усяго сусвету, супрацьлегласць зямных каралёў, якія імкнуцца даць доказ сваёй велічы бляскам багацця і моцы. Езус не проста «сімвалічна» асацыюе сябе з убогімі, галоднымі, аголенымі, параненымі, вязнямі, але атаясамляе сябе з імі, бо сам быў у іх становішчы і аддаў сваё жыццё за іх вызваленне. І цяпер мы можам сустрэць Яго менавіта там, дзе наш бліжні патрабуе дапамогі.

Умець распазнаць нашага Караля ў абліччы патрабуючага бліжняга — гэта ласка, да якой неабходна імкнуцца і аб якой варта горача прасіць.

Кожнаму з нас патрэбна навяртанне ў гэтым кірунку, і нам дапаможа памяць пра тое, што мы самі — бедныя, галодныя, аголеныя, хворыя, зняволеныя. У большай ці меншай ступені кожны перажыў у жыцці той ці іншы з гэтых станаў, але апроч даслоўнага значэння ёсць і духоўнае вымярэнне чалавечай патрэбы: мы бедныя ў сваёй несамадастатковасці, галадаем без увагі і цеплыні, прагнем быць любімымі і прынятымі ў сваёй крохкасці, хварэем на эгаізм і іншыя заганы, зняволеныя ў шкодных залежнасцях…

Убачыць сваю патрэбу і прызнацца ва ўласнай слабасці — той крок, які дапаможа нам быць больш адкрытымі на боль і крохкасць іншых. Несамадастатковасць нашая ўласная і нашых бліжніх — парадаксальны скарб, бо менавіта там любоў можа ўцелавіцца, гоячы раны, саграючы, напаўняючы сабой пустку. Калі мы перажывем навяртанне да гэтай цэнтральнай евангельскай праўды, тады чалавечая галеча, на якую з міласэрнасцю глядзіць наш Пан і просіць нас не быць да яе абыякавымі, не будзе нас палохаць і выклікаць агіду, а, наадварот, навокал мы ўбачым безліч магчымасцяў сустрэцца з нашым Каралём і Братам — Езусам, які жыве ў бліжнім. Не толькі на Божым судзе, але ўжо ў гэтым жыцці мы тады можам адчуць тую радасць, крыніца якой — уцелаўлёная ў канкрэтных учынках любоў.

У апошнія тыдні ў нашай краіне мы сталі сведкамі або нават удзельнікамі неверагоднай салідарнасці і спагады адно да аднаго на фоне наступстваў насілля і беззаконня.

Многія з гэтых учынкаў зусім не цяжкія, а толькі патрабуюць нашай увагі, спачування да іншага, крыху часу і крэатыўнасці. Падзялюся сваёй асабістай радасцю, якую адчуў, калі атрымаў адказ на ліст ад палітвязня. Канешне, тыя акты салідарнасці, пра якія даведваемся з навінаў, гэта толькі вяршыня айсберга. З іншага боку, якая велізарная прастора застаецца для веры, якая дзейнічае праз справядлівасць!

У малітве «Спавядаюся» на пачатку св. Імшы (і ў асабістым рахунку сумлення) мы просім Бога прабачыць наша «занядбанне». Наш міласэрны Айцец нам даруе, але няхай Яго прабачэнне служыць кожны раз штуршком да прынамсі малога кроку насустрач таму, хто на нашым шляху будзе патрабаваць дапамогі і спагады.

Дай Божа, каб салідарнасць і ўвага да тых, хто апынуўся ў патрэбе, станавілася нормай не толькі ў час крызісу, але і ў кожны звычайны, шэры дзень. Няхай Дух Святы дапаможа нам чуць заклік сустрэць Збаўцу ў нашым бліжнім і з гатоўнасцю адказаць на яго. Амэн.

Віктар Жук SJ