23 лістапада ўспамінаем благаслаўлёнага айца Про. Мігель Аўгустын Про Хуарэс (Miguel Augustín Pro Juárez) – езуіт-мучанік Мексікі, які аддаў сваё жыццё, бо быў святаром падчас пераследу Касцёла, калі краінай кіраваў прэзідэнт Плутарка Эліяс Кальес.

Мігель Аўгустын нарадзіўся ў Гвадэлупе. Яго бацька быў інжынерам і ўпраўляючым шахты. Маці займалася выхаваннем дзяцей (у сям’і іх было 11!). Мігель меў слабое здароўе, таму адукацыю атрымліваў дома, потым вучыўся ў езуіцкіх калегіумах. Першыя шлюбы склаў у жніўні 1913 года.

Гэта быў той перыяд у гісторыі Мексікі, калі краінай кіравалі Панча Вілья і Венустыяна Каранза. Яны пераследавалі Касцёл і духавенства: закрывалі касцёлы, здзекваліся са святароў і манахаў.

5 жніўня 1914 года людзі прэзідэнта Каранза абрабавалі навіцыят, які знаходзіўся ў галоўным будынку, і спалілі яго бібліятэку. Рэктар разумеў, што сітуацыя толькі пагоршыла б існуючы канфлікт, таму паставіў сабратоў перад фактам: кожны сам павінен паклапаціцца пра транспарт, каб перабрацца ў ЗША. У Лос Гатасе (Каліфорнія) езуіты атрымалі дом для семінарыстаў з Мексікі, якія не маглі праходзіць фармацыю на радзіме. 9 кастрычніка Мігель Про дасягнуў мэты падарожжа і прабыў у Каліфорніі год. Потым накіраваўся ў Іспанію, каб вывучаць філасофію. У 1920 годзе вярнуўся на амерыканскі кантынент, у Нікарагуа, дзе быў прызначаны настаўнікам і выхавацелем у езуіцкай школе.

У 1924 годзе выехаў ў Эйндховен (Бельгія), каб скончыць курс тэалогіі і сацыялогіі, бо хацеў вярнуцца ў Мексіку падрыхтаваным. У  1925 годзе прыняў святарскія пасвячэнні.

Айцец Про не меў праблемаў, каб вярнуцца на радзіму ў чэрвені 1926 года, але ўжо ў канцы ліпеня ўрад забараніў публічнае вызнаванне веры, зачыніў касцёлы. Вернікі-мексіканцы шукалі магчымасці прымаць сакрамэнты. Айцец Про працягваў служыць людзям, толькі ўжо патаемна. Ён арганізаваў місіі ў розных частках сталіцы, рэгулярна іх наведваў, абвяшчаў Слова і ўдзяляў сакрамэнты. Родныя і сям’я айца Про пераехалі ў Мексіку, таму ён жыў разам з імі, але ўсё ж меў асаблівыя месцы, дзе мог схавацца падчас небяспекі. У працы айцу Про дапамагалі яго браты Умбэрта і Рабэрта. Яны друкавалі рэлігійную літаратуру.

Да лістапада 1927 года малады святар жыў спакойна. 13 лістапада, у нядзелю, невядомыя кінулі бомбу ў аўтамабіль генерала Альвара Абрэгона. Абышлося без ахвяраў. Ні айцец Про, ні яго браты не мелі дачынення да арганізацыі замаху. Але затое ў аднаго з братоў быў аўтамабіль, падобны да таго, з якога кінулі бомбу. Якраз за некалькі дзён да гэтых падзей яны прадалі гэты аўтамабіль. Браты прынялі рашэнне пакінуць Мексіку і выехаць у Злучаныя Штаты. Але не паспелі ажыццявіць свой план: паліцыя арыштавала ўсіх траіх.

22 лістапада адбыўся суд. Айца Про прыгаварылі да смяротнага пакарання.

23 лістапада, раніцай, салдаты пад канвоем вывелі айца на турэмны двор. Убачыўшы сваіх забойцаў і гледачоў-назіральнікаў, папрасіў, каб далі некалькі хвілін памаліцца. Трымаючы ружанец, развёў рукі, як на крыжы. Калі прагучаў загад “страляць”, айцец усклікнуў: “Viva Cristo Rey!” (Няхай жыве Хрыстус Валадар!) У гэты ж дзень забілі і Умбэрта, роднага брата айца Мігеля.

Пасля выканання прысуду шэф мясцовай паліцыі сказаў: “Добра ведаю, што ён быў невінаватым, але трэба было забіць святара, каб іншыя баяліся”. Пахаванне Мігеля Аўгустына Про стала пачаткам яго культу: правядзенне публічнага пахавання было забаронена ўладамі, але вернікі (а іх было каля 20 тысяч) сталі ўздоўж вуліцы, па якой везлі цела езуіта.

25 верасня 1988 года Ян Павел II беатыкаваў айца Про разам з іншымі мексіканскімі мучанікамі пачатку XX стагоддзя.