Забяспячэнне адукацыі бежанцам, як дзецям, так і дарослым, якія ратуюцца ад насілля і хваляванняў, – складаная задача, аднак гэта найлепшы спосаб дапамагчы ім распачаць жыццё нанова з надзеяй на лепшую будучыню. Пандэмія каранавірусу яшчэ больш ускладніла справу, асабліва ў такіх аддаленых раёнах, як горы цэнтральнага Афганістана, дзе многія шукаюць паратунку ад узброеных канфліктаў. 

Айцец Том Смоліч, SJ, міжнародны дырэктар JRS у Чадзе ў 2018 годзе

Езуіцкая служба бежанцаў – Jesuit Refugee Service (JRS) – знаходзіць спосабы працягваць навучанне ва ўмовах каранціну, часта ў месцах, дзе няма надзейнага Інтэрнэту і нават стабільнай электрычнасці. Напрыклад, у тых жа высакагорных раёнах Афганістана міжнароднае агенцтва штодзённа трансліруе ўрокі для дзяцей бежанцаў. Настаўнікі паспяваюць зрабіць заняткі інтэрактыўнымі, адводзячы час на тое, каб дзеці маглі патэлефанаваць ім і задаць пытанні.

Магчымасць езуіцкай адукацыі для прымусова перамешчаных асоб – гэта адзін са спосабаў таго, як служба, размешчаная ў Рыме, ажыццяўляе сваю глабальную місію ў самыя трывожныя часы з моманту свайго заснавання 40 гадоў таму.

“Не думаю, што а. Арупэ прадбачыў, наколькі мы пашырым нашую дзейнасць праз чатыры дзесяцігоддзі”, – кажа а. Том Смоліч, SJ, міжнародны дырэктар JRS. Ён мае на ўвазе а. Пэдро Арупэ, SJ, любімага многімі генеральнага настаяцеля, які выконваў гэтыя абавязкі ў той час, калі бежанцы пачалі масава ўцякаць з В’етнама на хісткіх лодках і плытах у 1979 г. Гаротнае становішча в’етнамскіх “людзей у лодках” стала прычынай закліку аб глабальным гуманітарным рэагаванні, які а. Арупэ скіраваў да езуітаў і езуіцкіх арганізацый. Вынікам гэтай кампаніі стала заснаванне ў лістападзе 1980 г. Езуіцкай службы бежанцам.

Айцец Пэдро Арупэ, SJ, паліруе абутак хлопчыку

Неўзабаве наступіў чарговы крызіс – голад у Эфіопіі, у вырашэнні якога таксама прыняла ўдзел езуіцкая служба. У той час гэта былі выключныя здарэнні, і многія думалі, што надзвычайныя сітуацыі пройдуць, і неабходнасць у такіх маштабных выратавальных кампаніях таксама знікне. “Але мы тут”, – кажа а. Смоліч, – сваёй працай паказваем аблічча Езуса ў наш час, калі колькасць людзей, вымушаных пакінуць радзіму, толькі павялічваецца”.

Сапраўды, Арганізацыя Аб’яднаных Нацый паведамляе, што ў канцы 2019 года было 79,5 мільёнаў перамешчаных асоб. З часоў з’яўлення “людзей у лодках” паток бежанцаў на працягу дзесяцігоддзяў пастаянна ўзрастаў, у асноўным з-за канфліктаў на тэрыторыях ад Сірыі да Паўднёвага Судана. І, што не менш трывожна, гэтым людзям даводзіцца жыць у месцах прытулку вельмі працяглыя перыяды часу, таму што канфлікты зацягваюцца. Значна меншая колькасць людзей можа вярнуцца дадому або знайсці магчымасці пастаяннага пражывання ў іншых краінах.

“Асноўная перамена ў свеце бежанцаў заключаецца ў тым, што базавыя канфлікты, якія выклікаюць адток людзей, не вырашаюцца, а працягласць перасялення павялічваецца (цяпер, у сярэднім, яна складае 17 гадоў), – кажа а. Майкл Галагер, SJ, езуіт з Цэнтральнай і Паўднёвай правінцыі ЗША і намеснік міжнароднага дырэктара JRS. Ён аддаў гэтай службе амаль два дзесяцігоддзі.

Айцец Майкл Галагер з дзецьмі ў лагеры бежанцаў у Руандзе

Айцец Галагер пачаў працаваць з бежанцамі ў 1991 годзе, калі гаіцянскі крызіс быў у самым разгары. Ён дапамагаў гаіцянам у Маямі. Затым ён адправіўся ў Эль-Паса, штат Тэхас, у 1994 годзе, дзе ў якасці адваката разглядаў справы аб прадастаўленні прытулку. “Я любіў працаваць з бежанцамі і лічыў іх найбольш цікавымі і ўдзячнымі кліентамі, якія ў мяне былі. Яны шчыра дзякавалі мне нават тады, калі мы прайгравалі справу! – кажа ён. – Я падумаў, што гэта і ёсць мая ніша, і правінцыя пагадзілася”.

Ён паехаў у Оксфард, каб атрымаць ступень магістра ў галіне прымусовай міграцыі, а затым быў прыняты на працу ў JRS Паўднёвай Афрыкі ў якасці супрацоўніка па пытаннях палітыкі. Далей ён стаў дырэктарам аддзялення ў Замбіі, затым рэгіянальным супрацоўнікам па прававой абароне ў Ёханэсбургу (ПАР). Потым 10 год працаваў прадстаўніком JRS пры ААН у Жэневе, Швейцарыя.

“Калі я пачынаў міжнародную працу з мігрантамі, сітуацыі вырашаліся. Цяпер гэта не так, – адзначае ён. – Супрацоўнікі гуманітарных місій не былі аб’ектамі выкрадання і забойства, як гэта адбываецца цяпер у многіх частках свету. Што тычыцца бежанцаў, іх колькасць большая за ўвесь перыяд пасля Другой сусветнай вайны. Яны звычайна паходзяць з найменш развітых краінаў свету, дзе яны выключаны з паўнавартаснага ўдзелу ў грамадстве. У маёй працы з бежанцамі на міжнародным узроўні застаецца  нязменным, што яны, як група, не даядаюць, не маюць адукацыі і працы”.

У святле гэтай рэчаіснасці JRS вядзе доўгую гульню. Служба прадастаўляе, вядома, і кароткатэрміновую дапамогу, напрыклад, ежу і наяўныя грошы, калі гэтага патрабуе сітуацыя; у эпоху каранавірусу спіс неабходных рэчаў падоўжыўся, бо дадаліся мыла і дэзінфікуючыя сродкі для рук. Адначасова JRS фарміруе сваю палітыку з разуменнем таго, што бежанцы праводзяць гады, нават дзесяцігоддзі, адарваныя ад сваіх мясцін. Ім неабходны школы, кансультацыі і іншая дапамога падчас вандравання. Яны патрабуюць таго, што езуіты называюць “суправаджэннем”.

“Мы ідзём з імі, – кажа а. Смоліч. – Даём адукацыю. Мы дапамагаем ім знайсці свой голас, каб яны маглі распавесці ўласныя гісторыі. Яны атрымліваюць усё неабходнае дзеля руху наперад. Вось чым займаецца езуіцкая служба. Такая дзейнасць дапамагае людзям ажыццявіць свае надзеі і тое, што Бог задумаў для іх.” Ён дадае: “Мы слухаем, бо часта сустракаемся з глыбокай траўмай”.

Больш падрабязна іх праца адлюстравана ў місіі: “Натхнёная шчодрай любоўю і прыкладам Езуса Хрыста, Езуіцкая служба бежанцам імкнецца суправаджаць, служыць і абараняць прымусова перамешчаных асоб, каб яны маглі лячыцца, атрымліваць адукацыю і вызначаць сваю будучыню”.

“Мы даем ім магчымасць забяспечыць сябе і свае сем’і, дзякуючы адукацыі, – адзначыў а. Галагер. – Даваць веды аб сродках да існавання і навыкі, запатрабаваныя на рынку, – гэта выйсце”.

Настаўнікі і навучэнцы падчас заняткаў арт-тэрапіяй у Цэнтры JRS у Кеніі

З нагоды бягучага юбілейнага года JRS сфармулявала чатыры асноўныя прыярытэты і мэты.

Прымірэнне

Разнастайныя калектывы супрацоўнікаў JRS вучаць дзяцей і дарослых розных слаёў грамадства, як жыць разам і паважаць адзін аднаго. Напрыклад, у рэгіёнах, раздзіраемых рэлігійным і этнічным гвалтам, студэнты хрысціяне і мусульмане ў класах JRS сядзелі побач. Яны засвоілі не толькі асновы, але і лекцыі з навучальнай праграмы аб міры, якая дае веды пра культуру, дыялог і ўзаемаразуменне. Мэта – развіццё “добрых адносін” не толькі сярод бежанцаў, але таксама паміж імі і супольнасцямі, якія іх прымаюць у сваіх краінах.

Псіхічнае здароўе і псіхасацыяльная падтрымка

Гвалт і хаос, разам з гадамі перамяшчэння, могуць нанесці як псіхалагічную, так і фізічную шкоду. Па гэтай прычыне работнікі JRS прапануюць шэраг паслуг, дасяжных на базе грамадскіх устаноў, каб палепшыць псіхалагічны стан.

“Уся дапамога, існуючая ў свеце, не абавязкова дапаможа дзіцяці з яго траўмай”, – кажа Джоан Розенгаўэр, выканаўчы дырэктар JRS у ЗША, тлумачачы, чаму такая падтрымка ў апошні час з’яўляецца прыярытэтам. “Калі дзеці змагаюцца са сваімі псіхічнымі праблемамі, наяўнасць навуковых фактаў у іх галовах не вельмі ім дапаможа”.

Нават у лагерах бежанцаў знаходзяцца адкінутыя супольнасцю людзі – фізічна недзеяздольныя або людзі з псіхічнымі захворваннямі, ахвяры гвалту і рэпрэсій. “Мы служым людзям, аб якіх клапоцяцца менш за ўсё”, – кажа а. Галагер.

Джоан Розенгаўэр, выканаўчы дырэктар JRS / ЗША, наведвае клас JRS у Бурундзі ў 2018 годзе

Адукацыя і сродкі да існавання

JRS адаптуе езуіцкую адукацыю да рэаліяў жыцця перамешчаных асоб. Ідэя заключаецца ў тым, каб умацоўваць надзею і дапамагаць студэнтам развіваць патрэбныя на рынку працы навыкі (у якасці настаўнікаў, медыцынскіх работнікаў, прадпрымальнікаў, праграмістаў і прадстаўнікоў іншых прафесій у сусветнай эканоміцы).

Мінулым летам школы JRS у Бейруце першыя атрымалі ад урада зялёнае святло на аднаўленне працы пасля каранціну, што было данінай высокай пашаны да езуіцкай адукацыі. Падчас сусветнага крызісу ў галіне аховы здароўя JRS зрабіла стаўку на варыятыўнасць. Такі падыход прадугледжвае аўдыторыі пад адкрытым небам, урокі, якія транслююцца па радыё ў лагерах бежанцаў, і некалькі каналаў для анлайн-навучання. Часам выкладчыкі дастаўляюць матэрыялы курсаў у аднапакаёвыя гарадскія кватэры сем’яў бежанцаў і вядуць навучанне з выкарыстаннем мабільных тэлефонаў.

Падтрымка

JRS выступае за палітыку, практыку і заканадаўчыя нормы, якія забяспечваюць абарону прымусова перамешчаных асоб, натхняючыся, у прыватнасці, навучаннем Папы Францішка па гэтых пытаннях. “Мы працягваем падкрэсліваць важнасць правоў, устаноўленых у адпаведнасці з амерыканскім і міжнародным заканадаўствам, у тым ліку правоў асоб, якія шукаюць прытулку”, – кажа Розенгаўэр, маючы на ​​ўвазе палітыку ЗША ў апошнія гады, якая сур’ёзна перашкаджае працэсу прадастаўлення прытулку і перасялення бежанцаў. “Цяпер становішча яшчэ больш ускладнілася з-за пандэміі, калі межы па ўсім свеце закрываюцца. Але нават падчас пандэміі трэба знайсці спосаб дапамагчы людзям, якія трапілі ў адчайныя сітуацыі. Нельга вяртаць іх ва ўмовы, якія пагражаюць іх жыццю”.

Цяпер JRS працуе ў 56 краінах і нясе служэнне амаль 800 000 бежанцаў, якія пакінулі свае краіны самі ці пад прымусам. Як адзначыў а. Смоліч, ім ёсць што расказаць.

Пэйшэнс Мланга было 11 гадоў, калі яе сям’і давялося ўцякаць з Зімбабвэ пасля таго, як пра яе бацьку данеслі ўладам, бо ён галасаваў за апазіцыйную палітычную партыю. У рэшце рэшт яны пасяліліся ў лагеры бежанцаў у Замбіі, дзе Мланга змагла аднавіць навучанне ў класе JRS. Пасля пяці цяжкіх гадоў сям’я была пераселена ў Брыджпорт, штат Канэкцікут. Мланга вучылася ва ўніверсітэце Фэрфілд, езуіцкай навучальнай установе, а затым атрымала навуковую ступень па тэалогіі ва ўніверсітэце Дзьюка, перш чым вярнуцца ў Замбію валанцёрам Корпуса міру. Зараз яна атрымлівае ступень магістра ў галіне аховы здароўя ва ўніверсітэце Джорджа Вашынгтона.

“Як каталічка і жанчына, якая атрымала езуіцкую адукацыю, я спадзяюся вярнуцца і заўсёды нагадваю сабе, што Бог даў мне большае пакліканне ў гэтым свеце”, – напісала яна. – Я спадзяюся выкарыстаць сваю адукацыю, каб дапамагчы іншым квітнець”.

“Бежанцы – знакі надзеі для мяне, – кажа а. Галагер. – У большасці з іх па-ранейшаму жыве надзея на лепшую будучыню для сябе і сваіх сем’яў, яны ўпэўненыя, што Бог апякуецца імі і знаходзяць Бога ў сітуацыях, дзе мне было б вельмі цяжка гэта рабіць”.

Patience Mhlanga