21 красавіка 2025 года ў 7.35 раніцы Папа Францішак адышоў у вечнасць. Пра яго смерць паведаміў кардынал Кэвін Фарэл, які падкрэсліў, што ўсё жыццё Святога Айца было прысвечана служэнню Богу, Касцёлу і асабліва найбяднейшым.
“Дарагія браты і сёстры, з глыбокім болем мушу абвясціць пра смерць нашага Святога Айца Францішка. У 7.35 гэтай раніцы Біскуп Рыма, Францішак, вярнуўся ў дом Айца. Яго жыццё цалкам было прысвечана служэнню Пану і Яго Касцёлу”, – адзначыў кардынал Фарэл у сваім звароце.
Згодна з тэкстам паведамлення, Пантыфік пакінуў глыбокі след сваім прыкладам вернасці евангельскім каштоўнасцям. “Ён навучыў нас жыць каштоўнасцямі Евангелля з вернасцю, мужнасцю і ўніверсальнай любоўю, асабліва на карысць найбяднейшых і адкінутых на ўзбочыну грамадства”, – падкрэсліў кардынал.
Прыклад сапраўднага вучня Пана Езуса
Завяршаючы сваё паведамленне, кардынал Фарэл выказаў глыбокую ўдзячнасць за сведчанне веры, якое даваў Папа: “З бязмежнай удзячнасцю за яго прыклад сапраўднага вучня Пана Езуса, даручаем душу Папы Францішка бясконцай міласэрнай любові Бога Адзінага і Тройцы”.
Папа Францішак (Хорхэ Марыа Берголіа) быў абраны на Пасад святога Пятра 13 сакавіка 2013 года, стаўшы першым Пантыфікам з Лацінскай Амерыкі і першым езуітам на папскім пасадзе. За гады свайго пантыфікату ён стаў вядомы сваёй прастатой, увагай да бедных, заклікамі да міру і клопатам пра навакольнае асяроддзе.
Святы Айцец працягваў актыўнае служэнне нягледзячы на праблемы са здароўем у апошнія гады. Яго энцыклікі “Laudato si'” аб клопаце пра агульны дом і “Fratelli tutti” аб братэрстве і сацыяльным сяброўстве сталі важнымі дакументамі не толькі для Касцёла, але і для ўсяго свету.
Апошнія дні жыцця Папы: мужнасць у хваробе і вернасць місіі
Нават у апошнія тыдні жыцця Папа працягваў служыць Касцёлу з тым жа энтузіязмам і адданасцю, што і ў пачатку свайго пантыфікату.
Здароўе Святога Айца пачало пагаршацца ў лютым 2025 года, калі ён быў шпіталізаваны ў клініку “Джэмелі” з дыягназам бранхіт. Неўзабаве стала зразумела, што сітуацыя больш сур’ёзная – у Пантыфіка развілася палімікробная інфекцыя, ускладненая двухбаковай пнеўманіяй.
23 сакавіка 2025 года Папа быў выпісаны з клінікі і працягнуў рэабілітацыю ў сваёй рэзідэнцыі ў Доме Святой Марты. Перад выпіскай ён нават знайшоў у сабе сілы, каб выйсці да журналістаў і вернікаў, што чакалі яго каля клінікі. Гэта было першае публічнае з’яўленне Францішка пасля пяці тыдняў адсутнасці.
Нягледзячы на рэкамендацыі ўрачоў адпачываць не менш двух месяцаў і атрымліваць кругласутачную медыцынскую дапамогу ў сваёй рэзідэнцыі, Папа імкнуўся вярнуцца да сваіх абавязкаў. Медыкі апісвалі яго стан як “абароненая выпіска” – ён працягваў атрымліваць медыцынскую дапамогу ў Ватыкане. Ён выказваў глыбокую ўдзячнасць медыцынскаму персаналу і ўсім, хто маліўся за яго выздараўленне.
6 красавіка 2025 года, пасля некалькіх тыдняў адсутнасці, Папа нечакана з’явіўся на Плошчы Святога Пятра ў інвалідным вазку пасля нядзельнай імшы. Хоць ён выглядаў аслабленым, але знайшоў сілы, каб звярнуцца да вернікаў з кароткім прывітаннем. Гэты момант стаў асабліва кранальным для тысяч людзей, якія сабраліся на плошчы.
Не маючы магчымасці ўдзельнічаць у публічных мерапрыемствах, Францішак працягваў сваё служэнне іншымі спосабамі. Ён асабіста напісаў разважанні для Крыжовага шляху на Вялікую Пятніцу, хоць не змог удзельнічаць у набажэнстве, якое адбылося ў Калізеі.
На Вялікдзень падчас набажэнства “Urbi et Orbi” 20 красавіка 2025 года, за дзень да смерці, Папа з’явіўся на цэнтральным балконе Базілікі Святога Пятра, каб звярнуцца з заклікам да міру. Гэта было яго апошняе публічнае з’яўленне.
Пачынаецца перыяд Sede Vacante
Згодна з шматвяковай традыцыяй Каталіцкага Касцёла, пасля смерці Пантыфіка пачынаецца перыяд Sede Vacante (Вакантны Пасад). У гэты час кіраванне Касцёлам пераходзіць да Калегіі кардыналаў на чале з кардыналам-камерленга – сёння гэта кардынал Кэвін Фарэл.
На працягу наступных дзён адбудуцца жалобныя цырымоніі, у якіх змогуць узяць удзел вернікі з усяго свету, каб развітацца са Святым Айцом. Варта адзначыць, што Францішак яшчэ пры жыцці выказваў жаданне быць пахаваным у рымскай базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ, куды часта прыходзіў маліцца перад абразом Маці Божай “Salus Populi Romani” (Збаўленне Рымскага народа). Гэта адступленне ад традыцыі апошніх стагоддзяў, калі Пантыфікі звычайна былі пахаваныя ў крыпце Базілікі Святога Пятра.
Канклаў выбера новага Біскупа Рыма
Толькі пасля пахавання кардыналы-выбаршчыкі (тыя, хто не дасягнуў 80-гадовага ўзросту) збяруцца на канклаў у Сікстынскай капэле, каб выбраць новага Біскупа Рыма і Наступніка святога Пятра.
Паводле Апостальскай Канстытуцыі “Universi Dominici Gregis”, дапоўненай motu proprio Бэнэдыкта XVI “Normas Nonnullas”, канклаў пачнецца не раней чым праз пятнаццаць дзён і не пазней чым праз дваццаць дзён пасля смерці Пантыфіка.
Для абрання Святога Айца патрэбна кваліфікаваная большасць у дзве трэці галасоў. Падчас канклава кардыналы будуць ізаляваныя ад знешняга свету, жывучы ў ватыканскім Доме святой Марты. Калі выбар будзе здзейснены, з коміна Сікстынскай капэлы з’явіцца белы дым – знак “Habemus Papam” (“У нас ёсць Папа”), пасля чаго кардынал-протадыякан абвесціць з лоджыі Базілікі Святога Пятра імя новага Пантыфіка.
Кс. Аляксандр Амяльчэня, Беларуская рэдакцыя Vatican News
З вялікай журбою і глыбокай удзячнасцю Таварыства Езуса смуткуе з-за смерці Папы Францішка.
Першы Папа езуіт, чалавек пакоры, адвагі і спагады, ён нёс святло Евангелля на край свету і ў сэрца Касцёла. Яго пантыфікат нагадваў нам, што міласэрнасць – імя Бога і што радасць з’яўляецца сутнасцю хрысціянскага жыцця.
Мы даручаем яго поўным любові абдымкам Айца, упэўненыя, што яго жыццё ў служэнні Касцёлу і чалавецтву прынясе плён для наступных пакаленняў.
Спачывай у супакоі, Святы Айцец.