24 лістапада адбылася анлайн-сустрэча езуітаў, якія служаць у Расіі, Беларусі і Кыргызстане, з генеральным настаяцелем Таварыства Езуса айцом Артура Сосам.
Сабраты мелі магчымасць падзяліцца радасцямі і выклікамі сваёй місіі на тэрыторыі гэтых краін, якія ўваходзяць у Расійскага Рэгіёна Паўночнай Польскай правінцыі Таварыства. Да сустрэчы далучыліся і схаластыкі – езуіты, якія праходзяць фармацыю ў ордэне і рыхтуюцца атрымаць святарскае пасвячэнне. Склад групы атрымаўся па-сапраўднаму міжнародны: на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі дзевяці розных нацыянальнасцяў. Айцец Соса выслухаў прадстаўнікоў кожнай краіны Рэгіёна і звярнуўся да ўсіх са зваротным словам.
Перадусім ён нагадаў, што езуіты, хоць і раскіданыя па ўсім свеце, з’яўляюцца часткай адной місіі ордэна ў межах Паўсюднага Касцёла. Айцец-генерал прызнаў складанасць сучаснай геапалітычнай сітуацыі і заклікаў сабратоў быць пасланнікамі паяднання – той місіі, якую Таварыства Езуса прыняло на сябе як асноўную цягам апошніх дзесяцігоддзяў. Спасылаючыся на нядаўнюю сустрэчу Папы Льва XIV з вышэйшымі настаяцелямі ў Рыме, айцец Соса прыгадаў, што Святы Айцец паўтарыў словы свайго папярэдніка Паўла VI (пацверджаныя і наступнымі пантыфікамі): “Паўсюль, дзе ў самых складаных і аддаленых месцах Касцёла, на раздарожжах ідэалогій, на сацыяльных межах сутыкаліся (і дагэтуль канфрантуюць) палкія прагненні чалавека і вечнае пасланне Евангелля, там былі і ёсць езуіты”. Быць на межах: так можна апісаць езуіцкі стыль жыцця-місіі (менавіта гэтым састаўным словам, якое адпавядае апошнім дакументам Таварыста, карыстаўся айцец Соса). У вышэйзгаданым звароце Папа Леў XIV прысвяціў увагу актуальным апостальскім прыярытэтам ордэна, зацверджаным Папам Францішкам (паказваць шлях да Бога праз духоўныя практыкаванні і распазнаванне, быць побач з адкінутымі, спадарожнічаць моладзі ў стварэнні будучыні, поўнай надзеі, і клапаціцца пра наш агульны дом). Для таго, каб прыносіць плод у межах гэтай шматбаковай місіі, сыны святога Ігнацыя павінны перш за ўсё заставацца ў блізкіх адносінах з Езусам. Гэты просты напамін насамрэч з’яўляецца падмуркам любой дзейнасці. Яшчэ адзін важны прынцып езуіцкага спосаба дзеяння – гэта “святая абыякавасць”, якая датычыць таксама апостальства і адкрытасці да выбару таго, дзе ёсць найбольшая патрэба ў прысутнасці і намаганнях.
Напрыканцы сустрэчы прагучалі розныя галасы адносна таго, як схіліць новых езуітаў да ўдзелу ў місіі на тэрыторыі Рэгіёна. Айцец-генерал даручыў сфармуляваць канкрэтныя прапановы ў гэтым напрамку. Завяршаючы сустрэчу, ён удзяліў сабратам благаслаўленне на іх далейшы шлях служэння.
Па словах аднаго з удзельнікаў, сустрэча з генеральным настаяцелем стала крыніцай вялікага суцяшэння і радасці. Будзем спадзявацца, што яна ўмацуе ўсіх сабратоў у іх жыцці-місіі, A.M.D.G.