У ліпені 2016 года на экраны кінатэатраў некаторых краінаў выйшаў новы мастацкі фільм “Ігнацый Лаёла” (Ignacio de Loyola, реж. Паоло Дзі, у галоўнай ролі Андрэас Муньёс). Гэтая кінастужка – арыгінальная мастацкая інтэрпрэтацыя жыцця незвычайнага чалавека – “салдата, грэшніка, святога” – Ігнацыя Лаёлы, якому прызначана было адыграць выбітную ролю падчас пераломных падзеяў у гісторыі Касцёла, стаўшы заснавальнікам Таварыства Езуса. У новым фільме, які знялі ў Іспаніі (у тым ліку ў радавым замку Лаёла) і Філіпінах, па ініцыятыве і пры садзейнічанні ордэна езуітаў, пранікліва адлюстравана ўнутраная барацьба героя, які ўсведамляе сваю грахоўнасць і нявартасць. Аповед не ахоплівае ўсё жыцця святога і спыняецца на моманце, калі Ігнацый выпраўляецца ў Парыж вывучаць тэалогію.

Прапануем вашай увазе інтэрв’ю з рэжысёрам фільма Паоло Дзі.

Рэжысёр фільма пра Ігнацыя Лаёлу: «Бог хоча, каб кожны з нас быў найлепшай версіяй сябе самога»

«Калі св. Ігнацый быў паранены ў бітве, яму трэба было знайсці новы план, каб уратаваць сваё жыццё. Думаю, большасць з нас таксама была або знаходзіцца ў такой сітуацыі, калі нашы мары і чаканні не спраўдзіліся і мы не ведаем, што далей з сабой рабіць і куды сябе падзець…» — адзначае Паоло Дзі, рэжысёр фільма «Ігнацый Лаёла», прэм’ера якога адбылася летам 2016 года.

Рэжысёр распавядае пра свой фільм і пра тое, што ён хацеў ім сказаць.

Гісторыя пра грэшніка, які стаў святым

«Ёсць тыя, хто добра ведае гісторыю жыцця св. Ігнацыя, а ёсць тыя, хто амаль нічога не ведае пра Лаёлу, які быў заснавальнікам ордэна езуітаў.

Мы хацелі зрабіць гэты фільм для таго, каб кожны глядач мог знайсці штосьці каштоўнае ў асобе святога, чамусьці ў яго навучыцца, а таксама ацаніць змаганне, якое вёў св. Ігнацый.

Сваю стужку мы называем фільмам пра грэшніка, які стаў святым. Гэта гісторыя пра цяжкасці, пра тое, як авалодаць сабой і сваім жыццём з яго мінулым. Лаёла быў брутальным салдатам, усё жыццё якога віравала вакол жанчын і багаццяў, які здабыў славу і моц. Калі яго паранілі ў бітве, яму прыйшлося пра ўсё забыцца і знайсці новы план для свайго жыцця.

Думаю, большасць з нас калі-небудзь была ці, можа, цяпер знаходзіцца ў такой сітуацыі, калі нашы мары і чаканні не спраўдзіліся і мы не ведаем, што з сабой рабіць. Думаю, такое здаралася з многімі, і якраз такія людзі змогуць па-сапраўднаму ацаніць гэты фільм…

Каб зразумець гэты фільм, неабавязкова быць „касцёльным“ чалавекам

Стужка ўвабрала ў сябе элементы, якія служаць для развіцця духоўнасці, гэта не забаўляльны фільм. Духоўнасць абапіраецца на тое, якім чалавекам ты з’яўляешся. У многіх выпадках святасць выплывае з тваёй грэшнасці, і менавіта гэта і спазнаў св. Ігнацый.

Адным з базавых элементаў духоўнасці св. Ігнацыя з’яўляецца тое, што Бог ужывае ўсё, што ёсць у тваім жыцці: вопыт іншых людзей, працэсаў, поспехаў, — і ўжывае ўсё для таго, каб прыйсці ў сябе, знайсці месца, у якім ведаеш, што будзеш шчаслівы, або прынамсі адчуеш, што твая місія на зямлі выкананая. Гэта тое, над чым мы стараліся працаваць.

Каб зразумець гэты фільм, неабавязкова быць „касцёльным“ чалавекам. Найперш стужка расказвае пра чалавека, а не пра святога. Розныя фактары ў яго жыцці паўплываюць на тое, што пазней ён стане святым. Але святыя большую частку свайго жыцця не былі ідэальнымі. Іх жыццё — гэта сведчанне таго, як выглядае жыццё з усімі яго радасцямі і смуткамі і як можна стаць лепшым чалавекам, а таксама быць прыкладам для іншых.

Бог хоча, каб кожны з нас быў найлепшай версіяй сябе самога

Святы Ігнацый выхоўваўся ў вельмі багатай сям’і, якая мела ўплыў у грамадстве, але разам з усім гэтым ён шукаў чагосьці іншага, шукаў самарэалізацыі. Ён хацеў быць кімсьці больш, чым проста вядомым і пазнавальным у твар. У пэўны момант прыходзіць разуменне таго, што грошы — гэта не ўсё.

З духоўнасці св. Ігнацыя Лаёлы відаць, што Бог выкарыстоўвае ўсё, што датычыцца цябе, і не важна, бедны ты ці багаты. Святы Ігнацый вучыць нас, што мы не павінны быць ахопленыя многімі рэчамі.

У фільме ёсць такі момант, калі Ігнацый размаўляе з прыяцелем-купцом, які задае яму пытанне: „Аб чым мне трэба маліцца?“ На гэта св. Ігнацый адказвае: „Часам не ведаеш, што для цябе добра, а што дрэнна. Ёсць шмат багатых людзей, якія няшчасныя, і шмат бедных, якія шчаслівыя. Але тое, багаты ты ці бедны, не ўплывае на тваё шчасце“.

Можа, мы павінны маліцца аб пазбаўленні ад абыякавасці, аб здольнасці не звяртаць увагу на тое, бедныя мы ці багатыя, хварэем ці здаровыя, бо Бог выкарыстоўвае ўсё гэта, каб нас чамусьці навучыць.

Бог хоча, каб кожны з нас быў найлепшай версіяй сябе самога. Калі будзеш бізнесменам, будзь найлепшым бізнесменам; калі салдатам, то толькі самым лепшым. Гэта твой дар і Бог хоча, каб ты яго развіваў.

Святы Ігнацый навучыў мяне, наколькі важным з’яўляецца слуханне, і таму, што не ўсё трэба трымаць пад кантролем, бо ёсць Бог, які мной апякуецца і мяне вядзе найлепшай дарогай.

У многія моманты майго жыцця я сабе пра гэта нагадваю і цаню тое, што атрымаў магчымасць стаць рэжысёрам гэтага фільма. Я адчуваю, што гэта ўсё з’яўляецца шчасцем Яго плану, і думаю, што большасць людзей змогуць сябе ў гэтым знайсці».


Трэйлер фільма:

Крыніца: deon.pl

Пераклад і адаптацыя: Ілья Лапато. Catholic.by