Святочны дзень, прысвечаны Клайву Стэйплзу Льюісу? Фэст для ўяўлення?

Так, але не толькі для дзяцей. Калі я кажу пра ўяўленне, я не маю на ўвазе аднарогаў, уяўных сяброў або іншых фантазійных стварэнняў, хоць усё гэта з’яўляецца часткай уяўлення, якую нельга проста так адкінуць убок. І ўсё ж я падразумяваю здольнасць нашага сэрца і розуму ствараць вобразы і гісторыі, якія выяўляюць праўду большую, чым можна перадаць у філасофскім эсэ.

Я веру, што ўяўленне не зводзіцца толькі да здольнасці чалавечага розуму. Яно проста неабходнае чалавечаму сэрцу. Уяўленне, нібы шчыт, бароніць сэрца ад навакольнага асяроддзя і перажыванняў, якія маглі б перамяніць яго ў камень. Уяўленне – не цацка, не выдумка з дзіцячага свету. Ягоная моц значна большая. Гэта жывое полымя, якое дазваляе чалавечаму воку ўбачыць немагчымае, праганяе прэч цень ілжывых гарызонтаў, прапануе нам тое, чаго мы сапраўды прагнем – рэалізаваць сябе, быць любімымі, быць цэласнымі, быць задаволенымі, быць святымі.

Далей, я не лічу, што супрацьлегласцю ўяўлення ёсць рэальнасць. Гэта далёка не так. Супрацьлегласцю ўяўлення будзе цынізм і нуда; яны ўздзейнічаюць так, што перакрэсліваюць рэчаіснасць (цынізм) або ўцякаюць ад яе (нуда). Яны робяць нас сляпымі на прыгажосць чалавечага досведу або вядуць нас да рассейвання ўвагі на дробныя праявы жыцця, якія не могуць задаволіць нас. Мы патрабуем моцных слоў. Мы патрабуем моцных вобразаў. Нам неабходна, каб наш розум быў узрушаны час ад часу (калі не ўвесь час), каб мы не патанулі ў балоце цынізму і/або нуды. І менавіта ўяўленне робіць гэта.

З самага дзяцінства, сталеючы з гісторыямі пра Нарнію і наноў адкрываючы іх у дарослым узросце, я ўсё больш і больш уражваўся роляй уяўлення як часткі майго хрысціянскага жыцця. Уяўленне, насычанае любоўю, захоўвае дзіцячую здольнасць перамяняць рэчаіснасць, не ўцякаючы ад яе. Я перакананы ў гэтым.

Хоць не праз самога Льюіса, але праз яго сябра Дж. Р. Толкіна я спазнаў ласку ўяўлення, чытаючы “Уладара Пярсцёнкаў”. Хачу зараз нагадаць пра сцэну, дзе Гэндальф ратуе спакутванага караля Тэадэна з ценю роспачы. Тэадэн, аднак, працягвае сумнявацца ў сваёй здольнасці весці народ на барацьбу. Толькі значна пазней, калі тыя, што паказалі сябе правадырамі (Барамір, Легалас і Арагорн), пакідаюць лагер, Тэадэн адважна вядзе сваіх людзей у бітву, адкрывае ўласную каштоўнасць і можа сказаць з перадсмяротным уздыхам: “Я іду да нашых айцоў… І ў іх магутным таварыстве мне цяпер не будзе сорамна”.

Калі казаць пра мяне, то на працягу жыцця я часта адчуваў сябе сярод змрочных хмараў і пастаянна меў гэтую схільнасць сумнявацца ў сваіх думках, рашэннях ці ўчынках. І ўсё ж, дзякуючы люстэрку ўяўлення, я – разам з Тэадэнам – вырастаю з маніпуляванага манарха ў трыумфуючага караля. Калі я бачу гэтую фінальную сцэну, напоўненую адвагай і гонарам, то маю натхненне сказаць сабе: “Яна можа быць і маёй гісторыяй”. Жыццё не патрабуе ад мяне стаць на чале арміі ўзброеных вершнікаў і ўступіць у вайну, але насамрэч мне хапае штодзённых бітваў, якія заклікаюць мяне да жыцця, годнага “магутнага таварыства”.

Здольнасць да ўяўлення дасягае глыбінь усіх аспектаў чалавечага вопыту: экстаза, любові, пакуты, смутку, збаўлення – і зноў перадае іх нам. Уяўленне ставіць нас на шлях, які вядзе з багны ў кірунку лугоў і гор, паселішчаў і прыгодаў, якія становяцца сімваламі надзеі. Калі нам не ўдасца ўяўляць, мы перастанем спадзявацца: на сябе, на іншых, на Бога.

Менавіта праз уяўленне чацвёра дзяцей могуць перанесціся ў іншы свет, дзе яны адкрыюць сваю ўнутраную годнасць. Толькі дзякуючы ўяўленню, чалавек, які быў на Цёмным Баку, можа ў крытычны момант выбраць Святло. Менавіта з дапамогай уяўлення мы бачым, што Бог – Айцец, які любіць і чакае вяртання свайго сына дадому. Мы не ствараем ўяўленнем нейкія сусветы, занадта фантастычныя, каб паверыць. Мы ствараем з дапамогай уяўлення наш уласны свет сёння.

Чаму мы вяртаемся да дзіцячых мультфільмаў ці “Зорных войнаў”? Каторы раз перагортваем старонкі “Хронік Нарніі” ці чагосьці падобнага? Таму што нашае сэрца падддаецца амнезіі. Трэба нам нагадваць зноў і зноў, што мы з’яўляемся каралём або каралевай Нарніі, мы назаўсёды кароль або каралева Нарніі. Ці, у маім выпадку, трэба нагадваць, што я – кароль, які адкрывае ўласную каштоўнасць.

Мы павінны мець святочны дзень для К.С.Льюіса, адмысловы фэст нашага уяўлення. Гэта будзе свята для людзей мастацтва і ўсіх тых, якія маюць адвагу ўяўляць і натхняюць нас карыстацца ўяўленнем і, такім чынам, мець надзею.