Кажуць, што Бог заўсёды адказвае на малітву. Часам адказ гучыць: “Так”. Часам – “Не”. А часам Ягоны адказ: “Чакай”.

Памятаю выпадак, калі Божы адказ на маю малітву быў менавіта “Чакай”. Праўда, я не слухала. Я вырашыла, што змагу зрабіць усё самастойна. Я пачала прымаць адно бязглуздае рашэнне за другім, каб займець тое, што хацела, аж пакуль не адыйшла ад Бога так далёка, што не ведала, як вярнуцца назад.

Магчыма, вам гэта таксама знаёма і вы цяпер менавіта ў такім становішчы.

Не хвалюйцеся. Бог там, дзе вы цяпер. Ён чакаў, пакуль я вярнуся да Яго. Толькі я зірнула на Бога зноў, а Ягоныя рукі ўжо былі шырока расхінутыя, гатовыя абняць мяне.

У той час я зразумела, чаму Бог спачатку прымусіў мяне чакаць. Справа крыху няёмкая, але, мабыць, відавочная: маё эга і пыха патрабавалі апанавання. Так, я думала, што змагу зрабіць усё сама — без Бога. Нібы малое дзіця, я раздражнёна тупнула нагой і сказала: “Калі гэтага не зробіш Ты, я зраблю сама!”.

Пакрысе я пачала разумець, што чаканне датычыла мяне, а не Бога. Яно было дадзена мне дзеля таго, каб навучыць аддавацца волі Бога і давяраць Яму. Чакаючы, я вучылася быць чалавекам, які дасць рады з усім тым, аб чым просіць.

Мая сяброўка Сара называе гэта “добрай педагогікай”. Я смяюся ўголас, калі яна так кажа, бо гэта абсалютная праўда. Мае дзеці часам просяць тое, што я не маю намеру даваць ім адразу. Неразумна было б так зрабіць. Справа не ў тым, што я не хачу даваць ім добрыя рэчы, але я ведаю, што ў іх не хапае сталасці, ведаў, разумення і мудрасці, каб мець тое, аб чым яны просяць. Я бачу большую карціну, чым яны.
Так, Бог – найлепшы Айцец. Ён усё гэта ведае. І вось што высветлілася – калі я нарэшце аддалася Божай волі, суцішылася ў чаканні і даверылася Яму – тое, што Ён падрыхтаваў для мяне, было нашмат лепшым, чым тое, што я планавала, спадзеючыся толькі на сябе.

Магчыма, вы знаходзіцеся ў падобнай сітуацыі. Я хачу падтрымаць вас словамі псальма: “Спадзявайся на Пана, будзь мужным, няхай умацуецца сэрца тваё” (Пс 27,14). Айцец Нябесны ведае, што для вас найлепш.

Шэмая Гансалес

Крыніца: https://www.ignatianspirituality.com/why-god-makes-us-wait/