Сёння, 20 мая 2020 года, у Токіа памёр Адольфо Нікалáс SJ, генеральны настаяцель Таварыства Езуса ў 2008-2016 гадах. Ён адыйшоў да Пана ва ўзросце 84 год.

Адольфо Нікалáс нарадзіўся 29 красавіка 1936 г. у Віламурыэль дэ Сэрато (Іспанія). Пасля заканчэння езуіцкай сярэдняй школы 15 верасня 1953 г. ён уступіў у навіцыят Таварыства Езуса ў Араньюэсе (правінцыя Таледа). У 1958-1960 гадах вывучаў філасофію ва ўніверсітэце Алькала ў Мадрыдзе. У 1960 годзе, яшчэ будучы схаластам, ён выправіўся на місіі ў Японію. Ён пачаў з  вывучэння мовы і японскай культуры. Курс тэалогіі (1964-1968 гг.) скончыў у Токіа, дзе 17 сакавіка 1967 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. Затым у 1968-1971 гадах ён працягваў тэалагічнае навучанне ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме, працуючы над доктарскай дысертацыяй па тэалогіі прагрэсу.

З 1971 года ён быў прафесарам дагматычнай тэалогіі ва ўніверсітэце Sophia ў Токіа. У 1978-1984 гадах узначальваў інстытут East Asian Pastoral Institute, Маніла, Філіпіны. З 1991 па 1993 год быў рэктарам езуіцкага калегіума ў Токіа, а потым у 1993-1999 гадах займаў пасаду настаяцеля Японскай правінцыі. Быў сакратаром 34-й Генеральнай кангрэгацыі (1995). Пасля сыходу з пасады настаяцеля правінцыі ён тры гады працаваў у беднай такійскай парафіі сярод эмігрантаў. У 2004-2007 гадах быў мадэратарам езуіцкай канферэнцыі Усходняй Азіі і Акіяніі і жыў на Філіпінах.

19 студзеня 2008 г. на 35-й Генеральнай кангрэгацыі ордэна ён быў абраны 30-м Генеральным настаяцелем Таварыства Езуса і займаў гэтую пасаду да 2016 года, пасля чаго вярнуўся ў Японію. Валодаў іспанскай, японскай, англійскай, французскай і італьянскай мовамі.                   

У сувязі са смерцю айца Адольфо Нікалáса цяперашні генеральны настаяцель, айцец Артуро Соса SJ, накіраваў усяму Таварыству Езуса кранальны ліст, успамінаючы яго як “мудрага, пакорнага, свабоднага чалавека, які быў дарэшты і шчодра адданы служэнню”.