8 год таму, 31 жніўня 2012 г., адыйшоў у вечнасць кардынал Карла Марыя Марціні (Carlo Maria Martini), член Таварыства Езуса, выбітны бібліст і пастыр.

Кардынал Карла Марыя Марціні быў вельмі выбітнай постаццю у Касцёле. Ён марыў аб Касцёле для бедных, здольным адказваць на надзённыя рэлігійныя пытанні чалавека, аб Касцёле, які спачувае і не асуджае.

Карла Марыя Марціні нарадзіўся 15 лютага 1927 г. у Турыне, уступіў у ордэн езуітаў у 1944 г., пасвечаны ў святары 13 ліпеня 1952 г. У 1958 г.  атрымаў навуковую ступень доктара тэалогіі (дысертацыя па фундаментальнай тэалогіі) у Папскім Грыгарыянскім універсітэце. У 1962 г. стаў прафесарам тэкставай крытыкі ў Папскім біблійным інстытуце. Рэктарам гэтага інстытута Марціні з’яўляўся з 1969 па 1978 г. Пры падтрымцы Паўла VI 8 ліпеня 1978 г. быў абраны вялікім рэктарам (лац. rector magnificus) Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта. На працягу гэтага часу адрэдактаваў вялікую колькасць акадэмічных прац. Быў адзіным католікам ў Экуменічным камітэце па падрыхтоўцы грэцкага выдання Новага Запавету.

29 снежня 1979 г. Папа Ян Павел ІІ прызначыў Марціні арцыбіскупам Мілана. Гэтую пасаду ён заняў пасля біскупскага пасвячэння, якое здзейсніў сам пантыфік 6 студзеня 1980 г. у Ватыкане. Узведзены ў сан кардынала на кансісторыі 2 лютага 1983 г. кардынал-святар з тытулам касцёла св. Цэцыліі ў Трастэвэрэ (раён Рыма на заходнім беразе ракі Тыбр, на поўдзень ад Ватыкана). У 1987-1993 гадах Марціні быў старшынёй Рады Канферэнцый еўрапейскіх каталіцкіх біскупаў.

Падчас канклава 2005 г. Марціні меў 78 год, і ён меў права галасаваць за новага пантыфіка. Частка католікаў лічыла, што менавіта кардынал Марціні можа быць абраны Папам на тым канклаве.

Карла Марыя Марціні – лаурэат прэміі прынца Астурыйскага за дасягненні ў галіне сацыяльных навук (2000 г.), ганаровы член Папскай акадэміі навук (2000 г.).

Памёр у сне 31 жніўня 2012 г. у 3:45 вечара ў езуіцкай інфірмэрыі ў Галаратэ. Кардынал Марціні папрасіў, каб на яго магіле былі выбітыя словы псальма 119: “Слова Тваё — светач для маёй нагі, святло для маёй сцежкі”. Пахаваны ў Мілане.

“Я прымірыўся з думкай пра смерць, калі ўсвядоміў, што без яе мы былі б пазбаўленыя магчымасці здзейсніць акт поўнага даверу. У кожным рашэнні, нават самым складаным, у нас ёсць “запасны выхад”. Смерць жа прымушае нас даверыцца Богу цалкам.”

Кард. Карла Марыя Марціні

Крыніца: Карло Мария Мартини: память живее, чем когда-либо