У базыліку Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў польскім Кракаве вярнуліся рэліквіі святога Андрэя Баболі, скрадзеныя са святыні 40 гадоў таму.

Яны былі нанава ўнесены ў святыню ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана і ў дзень успаміну святога, які адзначаецца ў Касцёле 16 мая.

Як паведамляецца на сайце польскіх езуітаў jezuici.pl, рэліквіі былі зноў змешчаны ў алтары, прысвечаным святому езуіту, які прыняў мучаніцкую смерць на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у Янаве Палескім, што непадалёк ад Пінска. Ва ўрачыстай святой Імшы з гэтай нагоды ў кракаўскай базыліцы сабраліся кансэкраваныя асобы, святары і вернікі.

Удзельнікі маліліся праз заступніцтва святога Андрэя Баболі аб адзінстве Касцёла, а таксама аб спыненні пандэміі ў свеце.

У базыліцы Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Кракаве святы езуіт мучанік асаблівым чынам ўшаноўваўся з 1938 года, калі быў кананізаваны. Уначы 30 сакавіка 1981 года яго рэліквіі разам з гістарычным срэбраным рэлікварыем былі скрадзены са святыні. Нягледзячы на гэта, кракаўскія езуіты не пераставалі ўшаноўваць святога на прысвечаным яму алтары.

Праз 40 гадоў рэліквіі зноў знайшліся на тым самым месцы, адкуль яны былі скрадзены. Урачыстасць іх вяртання была спалучана з актам перапрашэння за прафанацыю саракагадовай даўніны.

Святы Андрэй Баболя прыняў мучаніцкую смерць ад рук казакоў у маі 1657 года. Ён ушаноўваецца як галоўны Апякун Пінскай дыяцэзіі, а таксама як заступнік рэлігійнага адзінства і ратаўнік у цяжкія часы.

Крыніца: Catholic.by

Фота: jezuici.pl