19 кастрычніка Каталіцкі Касцёл узгадвае канадскіх мучанікаў: св. Жана дэ Брэбёфа (Jean de Brébeuf), французскага езуіта, святара, і яго сабратоў. Гэта святыя Антуан Даніэль, Габрыэль Лальман, Карл Гарнье, Ноэль Шабанэль, Ісаак Жог, Рэнэ Гупіль, Жан дэ Лелан.

Жан дэ Брэбёф нарадзіўся ў 1593г. у Нармандыі, Францыя. Ва ўзросце 24 гадоў уступіў у навіцыят Таварыства Езуса, а ў 1622 годзе атрымаў святарскае пасвячэнне. У 1625 годзе, пасля кароткачасовага навучання місіянерскаму служэнню, быў накіраваны ў “краіну гуронаў” (сучасная тэрыторыя Канады).

Пан адарыў Жана вялікай здольнасцю да моў. Брэбёф з лёгкасцю вывучыў мясцовую мову і склаў першы слоўнік і падручнік граматыкі для гуронаў. Ён з цікавасцю вывучаў культуру і норавы мясцовых індзейцаў і пакінуў шэраг неацэнных пісьмовых сведчанняў аб іх жыцці.

Разам з евангелізацыяй і культурай, еўрапейцы мімаволі прывезлі з сабой хваробу, супраць якой у мясцовага насельніцтва не было імунітэту. У 1637 годзе сярод індзейцаў пачалася эпідэмія воспы. Нядаўна ахрышчаныя мясцовыя жыхары зрывалі з сябе крыжы і падпальвалі капліцы. Але місія Жана дэ Брэбёфа ўцалела. “Нашае жыццё вісіць на валаску, – пісаў ён. – Пажар, голад, або эпідэмія – мясцовае насельніцтва абвінаваціць нас, і мы ў любы момант можам пазбавіцца галавы. Але мы знаходзім суцяшэнне ў Крыжы, якое нашмат пераўзыходзіць нашыя пакуты”.

У той жа час вайна гуронаў і французаў супраць іракезаў і англічан рабілася ўсё больш жорсткай. 4 ліпеня 1648 г. іракезы напалі на пасёлак гуронаў у Тэанаўстаі і выразалі ўсіх, у тым ліку забілі а. Антуана Даніэля.

16 сакавіка 1649 г. іракезы дабраліся да паселішча, дзе знаходзіўся штаб місіі і дзе жылі Жан дэ Брэбёф і Габрыэль Лальман. Пасля страшных катаванняў агнём і жалезам іх аблілі кіпенем. Праз некалькі тыдняў быў забіты а. Карл Гарнье, які жыў з індзейцамі-табакка, а апошнім загінуў а. Ноэль Шабанэль, якога забіў не іракез, а гурон, прычым ахрышчаны гурон, які вырашыў вярнуцца да веры бацькоў і адзначыць гэта якім-небудзь подзвігам у абарону старой веры. .

Мучаніцкая смерць Жана дэ Брэбёфа была адной з самых жорсткіх у гісторыі хрысціянства. Вырваўшы пазногці, мучаніка прывязалі да дрэва і абпальвалі агнём. Затым яго павольна аблівалі кіпенем, насміхаючыся над абрадам хросту. Затым, ад жывога яшчэ, ад яго адразалі кавалкі плоці і тут жа елі ў яго на вачах. Але Жан дэ Брэбёф трымаўся вельмі мужна, молячыся Езусу, якога любіў усім сэрцам. Пасля 4-х гадзін нечалавечых пакут ён адышоў да Пана.

21 чэрвеня 1925 года мучанікі былі беатыфікаваныя Папам Піем XI, а 29 ліпеня 1930 года ім жа кананізаваныя. У 1940 годзе св. Жан дэ Брэбёф быў абвешчаны нябесным заступнікам Канады.

Помнік св. Жану дэ Брэбёфу перад каледжам Jean-de-Brébeuf у Манрэалі, Канада