24 мая – літургічны дзень Маці Божай Спадарожніцы, абраз якой сёння знаходзіцца ў галоўным касцёле езуітаў у Рыме, Il Gesù. Даручаем праз пасрэдніцтва Найсвяцейшай Маці ўсе патрэбы паўсюднага Касцёла і таксама нашу краіну на гэтым этапе гісторыі, поўным выпрабаванняў.

***

Малітва да Найсвяцейшай Панны Марыі Спадарожніцы

О Найсвяцейшая Марыя, Спадарожніца, 
суправаджай нас на шляхах гэтага свету,
Ты, якая прайшла мноства дарог –
у юдэйскіх гарах,
з пяшчотным клопатам несучы пад сэрцам Езуса і Яго радасць;
з Назарэта ў Бэтлеем, дзе нарадзіўся Езус, наш Адкупіцель;
у Егіпет, у выгнанне, каб абараніць Сына Найвышэйшага;
на Галготу,
дзе пад крыжам Сына Ты стала Маці Касцёла.
Просім, ідзі побач з усімі намі па дарогах свету,
каб мы маглі жыць і сведчыць
аб Евангеллі збаўлення.
Асаблівым чынам абараняй тых,
для каго дарогі –
месца служэння і працы,
хто падарожнічае і ідзе шляхам пілігрыма;
хто шукае годнага і благаслаўлёнага жыцця.
Спашлі нам спакой і сілу
верна і аддана выконваць нашыя паўсядзённыя абавязкі
і зрабіць больш годным і бяспечным
нашае існаванне.
Дапамажы нам сваёй матчынай спагадай
і аддалі ўсялякую небяспеку,
каб мы маглі будаваць свет,
у якім пануюць праўда, любоў і супакой,
з’яднаўшыся ў малітве,
якую ў Божай радасці ўзносім да Цябе.
Амэн