У мінулым годзе пандэмія Covid-19 зрабіла немагчымым працяг 5-гадовай традыцыі ігнацыянскіх 7-дзённых рэкалекцый у Навагрудку для свецкіх і кансэкраваных асоб. (У якасці замены быў прапанаваны цыкл анлайн-рэкалекцый праз YouTube.) Паколькі гэтым летам меры супраць Covid былі аслаблены, з’явілася магчымасць “афлайн” версіі рэкалекцый у ліпені гэтага юбілейнага года. Прапанова адразу знайшла такі гарачы водгук, што ўзнікла патрэба ў яшчэ адной серыі рэкалекцый у жніўні.

Асаблівасць сёлетняй прапановы  заключаецца ў тым, што разам з а. Віктарам Жуком SJ, які даваў рэкалектантам “пункты” (уводзіны) для малітвы, былі таксама суправаджаючыя, якія не з’яўляліся езуітамі: свецкая асоба (даўняя супрацоўніца езуітаў у Інтэрнэт-праектах), дыяцэзіяльны святар і манахіня, якія раней прайшлі пэўную падрыхтоўку ў духоўным суправаджэнні і супервізіі. Вынікам для ўдзельнікаў рэкалекцый, як шмат хто казаў падчас заключнага абмену пладамі, стаў добры баланс паміж дбайным кіраўніцтвам і свабодай у індывідуальным падыходзе да асабістага духоўнага шляху кожнага чалавека.

Мы маем цвёрды намер працягваць такое супрацоўніцтва з нашымі партнёрамі не-езуітамі, як прадугледжваюць нядаўнія дакументы Таварыства Езуса, дбаючы аб ажыццяўленні аднаго з Глабальных апостальскіх прыярытэтаў – паказваць шлях да Бога ўсім, хто гатовы чэрпаць са скарбаў спадчыны св. Ігнацыя.

Віктар Жук SJ