У суботу 9 ліпеня ў Віцебску адбылося пасвячэнне касцёла пад тытулам святога Ігнацыя Лаёлы. Гэтая вялікая ўрачыстасць для горада і для парафіі святога Уладзіслава, якой апякуюцца айцы-езуіты, знайшла выдатнае адлюстраванне ў фота- і відэаматэрыялах. З удзячнасцю дзелімся рэпартажам, апублікаваным на партале Catholic.by.

Новазбудаваны касцёл стаў святыняй віцебскай парафіі святога Уладзіслава, дзе нясуць служэнне айцы езуіты. Як адзначыў пробашч парафіі айцец Віктар Жук SJ, на нашых землях ужо ёсць касцёлы, пасвячаныя ў гонар святых езуітаў: Францішка Ксавэрыя, Андрэя Баболі, Станіслава Косткі. Але да гэтага часу не было яшчэ ніводнай святыні ў гонар заснавальніка Таварыства Езуса.

Святар дадаў, што пасвячэнне касцёла ў гонар святога Ігнацыя Лаёлы, вялікага настаўніка духоўнасці і заснавальніка езуітаў, адбываецца ў Віцебску на заканчэнне юбілейнага ігнацыянскага года, які праходзіць з 20 мая 2021 года да 31 ліпеня 2022 года.

Юбілей прымеркаваны да дзвюх значных падзей: 500-годдзя навяртання святога Ігнацыя, якое ён перажыў 20 мая 1521 года, а таксама 400-годдзя яго кананізацыі, што адбылася 12 сакавіка 1622 года.

Каталіцкая парафія святога Уладзіслава існуе ў віцебскім мікрараёне Білева з 2008 года. Першапачаткова вернікі збіраліся на малітву ў офісным памяшканні. Аднак па меры росту новага мікрараёна, які ўвесь час разбудоўваецца, тут расце і колькасць парафіянаў. У пэўны момант наспела неабходнасць распачаць будаўніцтва сваёй святыні. Гэтым заняліся айцы езуіты, якія з чэрвеня 2019 года нясуць душпастырскае служэнне ў гэтай маладой каталіцкай супольнасці.

Куратарам праекту стаў айцец Клеменс Верт SJ.

Благаслаўленне новабудоўлі адбылося на Пальмовую нядзелю, 5 красавіка 2020 года, і за два гады літаральна на пустым месцы вырас цэлы комплекс, які ўключае касцёл, парафіяльны дом і кляштар айцоў езуітаў.

У дзень пасвячэння парафіяне і госці з розных мясцін Беларусі, сярод якіх было шмат сясцёр з розных манаскіх супольнасцяў, сабраліся на пляцоўцы перад святыняй. На ўрачыстасць спецыяльна прыбыў правінцыял Велікапольска-Мазавецкай правінцыі айцоў езуітаў айцец Збігнеў Лячкоўскі SJ.

З сакрыстыі вырушыла працэсія ў складзе каля двух дзясяткаў святароў і біскупа Буткевіча.

Наблізіўшыся да зачыненых дзвярэй новазбудаванага касцёла, іерарх прачытаў адпаведныя малітвы, пасля чаго прадстаўнікі парафіі падалі свайму пастыру сімвалічны ключ ад святыні. Біскуп адчыніў дзверы і першым увайшоў у касцёл, а за ім — усе астатнія.

У гэты час хор спяваў псальм са словамі «Падыміце вярхі вашыя, брамы, узніміцеся, адвечныя вароты…»

Прайшоўшы да алтара, біскуп перадусім акрапіў яго асвячонаю вадою, а таксама сцены касцёла і людзей, якія з’яўляюцца жывымі цаглінкамі нерукатворнай святыні Касцёла. Пасля гэтага літургічнага чыну распачалася святая Імша, на пачатку якой пастыр Віцебскай дыяцэзіі ўручыў лектару лекцыянарый — кнігу літургічных чытанняў, каб з гэтага моманту ў новым касцёле няспынна гучала Божае слова.

У прамоўленай гаміліі біскуп Буткевіч падкрэсліў выключнасць падзеі пасвячэння касцёла, што здараецца сапраўды нячаста. Ён таксама адзначыў радасны характар гэтай падзеі, калі ўзгадаць, што яшчэ адносна нядаўна на нашай зямлі святыні не будаваліся, а, наадварот, знішчаліся.

«Гэта знак, што мы ўсё ж такі імкнемся да Бога, шукаем шляхоў, якія нашае жыццё тут, на зямлі, будуць асвячаць і ў будучыні прывядуць нас да Божага Валадарства. І таму такія месцы нам вельмі патрэбныя: месца, якое выбірае Бог, на якім мы будзем Яго сустракаць», — падкрэсліў біскуп Буткевіч, дадаўшы што пасвячэнне касцёла азначае яго прызначэнне на выключную ўласнасць Бога.

Пастыр звярнуў увагу на незвычайны выгляд новай святыні, якая мала ў чым падобная на касцёлы мінулых часоў. Пры гэтым іерарх зазначыў, што калі велічныя касцёлы, якія з’яўляюцца помнікамі архітэктуры, могуць некаторымі ўспрымацца як культурныя каштоўнасці, штосьці накшталт музеяў, то новазбудаваны касцёл у віцебскім мікрараёне Білева дакладна не падобны на музей.

Сюды, паводле біскупа, людзі будуць прыходзіць не за эстэтычнай асалодай, а таму, што тут іх чакае Асоба, якая іх вельмі моцна любіць.

«Любіць такім чынам, што дзеля мяне пасвячае сваё жыццё і ўвогуле робіць рэчы, якія цяжка ўявіць — у якія можна толькі паверыць. Хтосьці, хто дае мне сілы духоўныя, магчымасць пераадольваць жыццёвыя цяжкасці; хто, у рэшце рэшт, калісьці пераможа нават маю смерць», — сцвердзіў іерарх. Ён дадаў, што незвычайны знешні выгляд касцёла будзе прымушаць людзей задумвацца пра тое, як выглядае іх душа, і клапаціцца не столькі пра прывабны знешні выгляд, колькі пра ўнутранае хараство.

Яшчэ адна асаблівасць касцёла ў Білеве заключаецца ў тым, што ў ім алтар знаходзіцца зусім блізка ад уваходу. Святыня даволі шырокая, змяшчае ажно чатыры шэрагі лавак замест традыцыйных двух, але пры гэтым нават тыя, хто сядзяць ззаду, знаходзяцца блізка да алтара, сабраныя вакол стала Езуса, як вучні на цэнтральным абразе Апошняй Вячэры над табэрнакулюмам.

Вакол гэтага вобразу Эўхарыстыі змешчана цэлая гісторыя збаўлення ў карцінах, намаляваных вядомым мастаком Уладзімірам Кандрусевічам. Творца адлюстраваў вышэйшае прызначэнне чалавека, яго жыццё ў гэтым свеце, што з’яўляецца ўзыходжаннем угору, да Хрыста — Пераможцы граху і смерці.

Пранізлівы сучасны жывапіс, месцамі зусім не падобна на сакральны і нават правакацыйны, прымушае глыбока і без шаблонаў задумацца пра свой уласны шлях да збаўлення.

Пасля намашчэння алтара і сценаў святыні алеем хрызмам і акаджэння, што сімвалізуе малітвы вернкіаў, якія з гэтага святога месца будуць узносіцца да Бога, алтар быў засцелены абрусам, і на ім была складзена першая пасля пасвячэння Эўхарыстычная ахвяра.

Пасля Камуніі біскуп благаславіў табэрнакулюм і змясціў у яго Найсвяцейшы Сакрамэнт.

На заканчэнне святой Імшы канцлер Віцебскай дыяцэзіяльнай курыі ксёндз канонік Віктар Місевіч, які сам у мінулым пэўны час быў душпастырам парафіі святога Уладзіслава ў Білеве, прачытаў на лаціне і па-беларуску дэкрэт аб пасвячэнні касцёла. Дакумент быў падпісаны на алтары біскупам Буткевічам, прадстаўнікамі духавенства і вернікаў. Дэкрэт падпісаў таксама правінцыял ордэна езуітаў.

Галоўны «будаўнік» святыні айцец Клеменс Верт SI выказаў падзяку ўсім тым, дзякуючы каму ў Беларусі з’явіўся першы ў гісторыі касцёл у гонар святога Ігнацыя Лаёлы.

Езуіт перадусім падзякаваў тым асобам, якія асаблівым чынам прычыніліся да справы будаўніцтва, а біскуп Буткевіч уручыў ім ганаровыя граматы.

Айцец Клеменс таксама зачытаў даволі вялікі спіс тых, хто сваімі сродкамі дапамагаў фінансаваць будаўніцтва новага касцёла ў Віцебску.

Біскуп Буткевіч выказаў падзяку самому айцу Клеменсу, якога вельмі любяць і паважаюць вернікі, і які, акрамя будаўніцтва касцёла, ужо шмат гадоў арганізуе ў Віцбску міжнародныя медыцынскія канферэнцыі, прысвечаныя праблемам урачэбнай этыкі ў сучасным свеце.

Беручы пад увагу вялікія заслугі гэтага святара, іерарх у прысутнасці прадстаўнікоў дзяржаўнай улады выказаў спадзяванне на тое, што яму, нарэшце, будзе дадзены дазвол на душпастырскую дзейнасць, якога айцец Клеменс, грамадзянін Расіі, пакуль не атрымаў.

У гэтай інтэнцыі біскуп Алег Буткевіч заахвоціў маліцца ўсіх удзельнікаў урачыстасці пасвячэння касцёла, якіх пасля Імшы гасцінныя гаспадары запрасілі на шчодры пачастунак.

Варта адзначыць яшчэ адзін гістарычны момант пасвячэння касцёла святога Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску. Падчас яго ўпершыню была выкарыстана новая кніга, што ўтрымлівае абрады пасвячэння касцёла і алтара, якая зусім нядаўна выйшла з друку.

Тэкст: кс. Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Рэпартаж з урачыстасці асвячэння касцёла апублікаваны і на сайце газеты “Каталіцкі веснік”. Аўтар тэксту Лаліта Арлоўская, фота Марыны Сінкевіч, відэа Леаніда Юрыка. Дзякуем і запрашаем да прагляду.