29 ліпеня была прадстаўлена ікона X Сусветнай сустрэчы сем’яў, запланаванай на 22–26 чэрвеня 2022 года ў Рыме.

Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, на іконе аўтарства айца Марко Івана Рупніка SJ, мастака і тэолага славенскага паходжання, адлюстравана падзея цудоўнага ператварэння вады ў віно, што Езус здзейсніў па просьбе сваёй Маці на вяселлі ў Кане Галілейскай. «Гэта вялікая таямніца» — так называецца кампазіцыя, якая адсылае да словаў святога Паўла з Паслання да Эфесцаў, дзе, пішучы пра сужэнства, Апостал параўноўвае адносіны паміж мужам і жонкай да адносін паміж Хрыстом і Касцёлам — Яго Абранніцай.

Злева на іконе, выкананай у цёплых танах, — сямейная пара, схаваная за заслонай. Слуга, які разлівае віно, мае твар з рысамі святога Паўла. Ён адкрывае заслону рукой і, маючы на ўвазе пару, кажа: «Гэта вялікая таямніца, і я кажу пра Хрыста і Касцёл».

«У Кане, — патлумачыў айцец Рупнік, — ператварэнне вады ў віно адкрывае гарызонты сакрамэнту: пераходу ад віна да крыві Хрыста». Насамрэч, на выяве святы Павел вылівае кроў, якую нявеста збірае ў кубак. «Я спадзяюся, — сказаў іканапісец, — што гэты маленькі вобраз дапаможа нам зразумець, што для нас, хрысціянаў, сям’я з’яўляецца выразам Сакрамэнту», і гэта цалкам змяняе яе сэнс, бо «сакрамэнт заўсёды ўключае ў сябе ператварэнне».

Крыніца: catholic.by

На фота – а. Марко Іван Рупнік SJ з іконай X Сусветнай сустрэчы сем’яў /hkm.hr