Прапануем артыкул кандыдата гістарычных навук сп. Раісы Зянюк аб заснаванні і дзейнасці Полацкай езуіцкай акадэміі.

З рыма-каталіцкай царквой звязана дзейнасць многіх адукацыйных цэнтраў, а таксама пачатак існавання вышэйшых навучальных устаноў у сённяшніх межах нашай краіны. Першай ВНУ тут стала Полацкая езуіцкая акадэмія. Зрэшты, на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага першай вышэйшай навучальнай установай была таксама каталіцкая – Віленская акадэмія (з 1579 г.), якая таксама належала Таварыству Езуса.

Ордэн езуітаў прынёс на беларускія землі арганізаваную сістэму еўрапейскай школьнай адукацыі. Таварыству належаў шэраг пачатковых, сярэдніх і спецыяльных (музычных) школ у Гродне, Навагрудку, Мінску, Пінску, Магілёве, Нясвіжы, Оршы, Віцебску і ў іншых гарадах. Да канца XVIII ст. езуіты і піяры, якія далучыліся да іх у тым жа стагоддзі, былі бясспрэчнымі лідарамі па колькасці навучальных устаноў, а ордэны спаборнічалі паміж сабой па змесце і якасці адукацыі. Піяры, аднак, мелі меньшую колькасць вучэльняў.

Пасля ўключэння беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі сітуацыя змянілася. У 1772 годзе адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай. Пасля яго да Расіі адышлі ўсходнебеларускія землі з гарадамі Полацк, Віцебск, Орша, Магілёў і інш. Ва ўсіх гэтых гарадах езуіты мелі свае кляштары, касцёлы і навучальныя ўстановы. За межамі Расійскай імперыі да наступных падзелаў заставаліся езуіцкія калегіумы ў Мінску, Нясвіжы, Гродне, Пінску, Навагрудку і некаторых іншых мясцовасцях.

21 ліпеня 1773 г. Папа Рымскі Клемент XIV выдаў брэвэ Dominus ac Redemptor аб забароне дзейнасці Таварыства Езуса. Для таго, каб гэта ажыццяўлялася паўсюль, езуіты ў кожным іх манастыры павінна былі азнаёміцца з папскай булай.

Аднак яшчэ раней, 14 (25) снежня 1772 г., Кацярына ІІ на тэрыторыі Расійскай імперыі адмовілася прыводзіць у выкананне любыя пастанаўленні, брэвэ, булы і пастырскія пасланні Папы Рымскага і Рымскай Курыі. У выніку менавіта на прыкладзе прававога становішча ордэна езуітаў расійскія ўлады прадэманстравалі Рыму непадпарадкаванне і рэалізацыю канфесійнай палітыкі ў адпаведнасці з інтарэсамі сваёй дзяржавы. Асноўным мерапрыемствам у гэтым кірунку стала захаванне ордэна на далучаных да Расійскай імперыі землях і дазвол езуітам працягваць душпастырскую і адукацыйную дзейнасць.

Езуіты на беларускіх землях ведалі пра выдадзеную булу, аднак паколькі не быў здзейснены акт абвяшчэння і прачытання булы аб скасаванні, ордэн працягваў сваё існаванне.

16 лютага 1777 г. ордэн езуітаў атрымаў імператарскі дазвол на заснаванне ў Полацку навіцыята – першай прыступкі ў працэсе падрыхтоўкі будучых езуітаў. У 1782 г. ордэн атрымаў права абіраць свайго кіраўніка – генеральнага вікарыя. У пачатку другога дзесяцігоддзя ХІХ ст. Полацкі калегіум набыў правы і статус акадэміі з падпарадкаваннем усіх езуіцкіх школ у імперыі дадзенай навучальнай установе.

Кс. Ян Ротан – студэнт (да 1813 г.) Полацкай езуіцкай акадэміі, з 1829 г. – генерал ордэна езуітаў (інтэрнэт-рэсурс).

Канспект для навучэнцаў Полацкай езуіцкай акадэміі на 1819/1820 навучальны год, выдадзены ў акадэмічнай друкарні (архіў езуітаў у Кракаве).

Заснаванне гэтай вышэйшай навучальнай установы было звязана з ініцыятывай і намаганнямі езуітаў і дыктавалася нежаданнем ордэна падпарадкоўвацца Віленскаму ўніверсітэту па адукацыйных пытаннях і імкненнем праводзіць уласную палітыку ў адносінах да школ ордэна ў Расійскай імперыі. Адкрыццё акадэміі адбылося 15 чэрвеня 1812 г. На ўрачыстасць прыбылі шматлікія госці – прадстаўнікі як свецкіх, так і духоўных уладаў (мінскі рыма-каталіцкі біскуп Я.І. Дэдэрка, магілёўскі біскуп-суфраган К. Адынец, уніяцкі арцыбіскуп Красоўскі і інш.). Праз французска-рускую вайну непасрэдную працу вышэйшая навучальная ўстанова распачала толькі 6 студзеня 1813 г.

Першаснай функцыяй акадэміі з’яўлялася яе дзейнасць як пляцоўкі для атрымання адукацыі чальцамі ордэна езуітаў. Значыць, у адносінах да іх акадэмія выконвала функцыі манаскіх студый і вышэйшай навучальнай установы. Для іншых прадстаўнікоў духавенства акадэмія адыгрывала ролю вышэйшай навучальнай установы, якая давала магчымасць атрымання навуковых ступеняў. Другаснай функцыяй з’яўлялася адукацыя свецкага насельніцтва беларуска-літоўскіх губерняў. Абедзве названыя функцыі рэалізоўваліся паралельна.

Поліфункцыянальнаму характару была падпарадкавана і структура акадэміі. Яна мела тры факультэты: тэалагічны, вольных мастацтваў, філасофіі і іншых прыродазнаўчых і грамадзянскіх навук, а таксама філалагічны (моўны). У кіраванне Полацкай езуіцкай акадэміяй свецкія ўлады практычна не ўмешваліся. Па адукацыйных пытаннях акадэмія знаходзілася ў веданні генерала ордэна, а па справах выхавання – у веданні міністра асветы.

Акадэмія мела права самастойна вырашаць кадравыя пытанні, якія толькі зацвярджаліся генералам ордэна і міністрам унутраных спраў. На чале навучальнай установы знаходзіўся рэктар, якому ў кіраванні дапамагалі чатыры дарадцы, канцлер і сакратар. На чале кожнага факультэта быў выбраны на акадэмічным савеце дэкан.

На тэалагічным факультэце выкладаліся дагматычная і маральная тэалогія, Біблія, кананічнае права, гісторыя касцёла і сусветная гісторыя. На філалагічным факультэце вывучаліся руская, французская, нямецкая, лацінская, грэцкая, яўрэйская мовы. На факультэце вольных навук і філасофіі – паэзія, рыторыка, метафізіка і логіка, фізіка, хімія, матэматыка, грамадзянская і ваенная архітэктура, права, гісторыя. Навучальны год пачынаўся 15 верасня і заканчваўся 15 ліпеня. Лекцыі пачыналіся а 8 гадзіне раніцы і працягваліся да 11 гадзіны. Пасля перапынку, які доўжыўся да 13.00, лекцыі працягваліся яшчэ тры гадзіны. Па аўторках і чацвяргах пасляабедзенных лекцый не праводзілася. У гэтыя дні можна было займацца неабавязковымі прадметамі: маляваннем, каліграфіяй, «рыцарскімі практыкаваннямі».

Дыплом аб наданні доктарскай ступені, выдадзены ў Полацкай акадэміі (архіў езуітаў у Кракаве).

Усе выкладчыцкія пасады ў акадэміі займалі чальцы ордэна езуітаў. На тэалагічным факультэце працавалі чатыры прафесары, на моўным – сем, на філасофскім – восем. Дадатковыя і хатнія заняткі праводзіліся і кантраляваліся свецкімі асобамі, пераважная большасць якіх з’яўлялася канвіктарамі акадэміі.

Забарона дзейнасці ордэна ў свеце прывяла да агульнага змяншэння колькасці езуітаў. Аднак захаванне ордэна ў Расійскай імперыі прывяло да сур’ёзнага прытоку езуітаў у Полацк і ў езуіцкія манастыры на тэрыторыі Беларусі. У сувязі з гэтым генерал і правінцыял ордэна не мелі праблем у выбары прэтэндэнтаў на выкладчыцкія пасады ў акадэміі. Гэта ж уплывала і на значную паліэтнічнасць выкладчыцкіх і кіроўных кадраў, якія цалкам складаліся з езуітаў. Напрыклад, філасофію выкладаў француз кс. Карл Баландрэ, маральную тэалогію – ураджэнец Беларусі кс. Станіслаў Пятровіч, дагматычную тэалогію – Л.Р. дэ Лісэке, тэалогію – італьянец А. Калебота, матэматыку, заалогію і батаніку – француз Я. Кандру, нямецкую літаратуру – немец Я. Перлінг і г.д.

Колькасць навучэнцаў у акадэміі пастаянна павялічвалася. У першы год дзейнасці ВНУ тут навучаліся ўсяго 84 чалавекі (на тэалагічным факультэце – 25, на філасофскім – 29 і на моўным – 30). Аднак ужо ў 1814/1815 навучальным годзе колькасць студэнтаў дасягнула 136 чалавек, з якіх тэалогію вывучалі 25, філасофію – 66, мовы – 45. У агульнай масе студэнтаў духавенства складала 52%. У сваю чаргу, у колькасці студэнтаў-духоўных езуіты складалі 70%, дыяцэзіяльныя святары – 14%, базыльяне – 16% (дадзеныя на 1814/15 навучальны год). Перад закрыццём акадэміі ў ёй навучаліся 44 чальцы ордэна. З іх тэалогію вывучалі 23 чалавекі, у тым ліку 21 са святарскім пасвячэннем. Філасофію вывучаў 21 клерык. Магчымасць навучання прадстаўнікоў уніяцкай царквы акадэмія мела толькі да 1817 г., бо надалей езуітам было забаронена прымаць на навучанне ў акадэміі і ў школы ўніятаў і некатолікаў.

Духоўных асоб, якія навучаліся ў Полацкай акадэміі, цікавіла, перадусім, магчымасць атрымання навуковых ступеняў, што ў будучым забяспечвала лепшыя пасады. Полацкая акадэмія атрымала права надаваць навуковыя ступені духоўным асобам у 1814 г. Да таго часу такі прывілей меў толькі Віленскі ўніверсітэт. Акадэмія магла надаваць вучоныя ступені магістра свабодных навук і філасофіі, а таксама доктара тэалогіі, грамадзянскага і кананічнага права.

Свецкіх студэнтаў, якія выбіралі навучанне ў Полацкай акадэміі, у значнай ступені прываблівалі дабрачынныя ініцыятывы езуітаў. Для дзяцей беднай шляхты ордэн прапаноўваў бясплатнае пражыванне, харчаванне і іншае забеспячэнне, магчымасць дадатковага навучання музыцы. Тыя, хто мелі магчымасць плаціць, атрымлівалі месцы ў шляхецкім канвікце. У дапамогу адукацыйнаму працэсу дзейнічала багатая бібліятэка. Бібліятэчныя зборы акадэміі ў 1813 г. налічвалі 40 000 тамоў. Студэнты мелі магчымасць штодзённага ўдзелу ў св. Імшы. Перад Вялікаднем спецыяльна для іх адбываліся трохдзённыя рэкалекцыі.

Полацкая езуіцкая акадэмія з’яўлялася цэнтрам незалежнай ад Віленскага ўніверсітэта навучальнай акругі, у якую ўваходзілі ўсе езуіцкія школы Расійскай імперыі. У сувязі з гэтым яна выступала і важным метадычным цэнтрам. Таму да прывілеяў, якія атрымала Полацкая езуіцкая акадэмія, належаў і дазвол мець уласную друкарню, а таксама папаўняць кабінеты і бібліятэку праз увоз абсталявання і літаратуры не толькі з Расійскай імперыі, але і з-за мяжы. Прыярытэтным кірункам друкарні Полацкай езуіцкай акадэміі з’яўлялася выданне падручнікаў і метадычнай літаратуры. Сярод агульнай колькасці друкаванай прадукцыі канспекты як для яе студэнтаў, так і для вучняў езуіцкіх школ, падручнікі і вучэбныя дапаможнікі складалі 33%. Канфесійнай літаратуры з агульнай масы выдадзенай прадукцыі належала трэцяя частка. Рэшта выдавецкай прадукцыі складалася са свецкай (класічнай) літаратуры, перыядычных выданняў, навуковых прац. Мовамі выдання былі польская, лацінская, французская, нямецкая, італьянская, літоўская, латышская, руская. Адметнасцю прадукцыі друкарні з’яўлялася яе дыферэнцыяцыя, разлічаная на розныя ўзроставыя і сацыяльныя групы, а таксама на розныя рэлігійныя аб’яднанні і таварыствы. Менавіта ў друкарні Полацкай езуіцкай акадэміі пачаў выдавацца першы часопіс на беларускіх землях – «Miesięcznik Połocki». У перыяд з 1818 па 1820 гг. выйшла чатырнаццаць нумароў часопіса. Кожны нумар меў шэсць раздзелаў: літаратуры і свабодных навук, маральна-філасофскі, фізіка-матэматычны, гістарычны, прысвечаны крытыцы і раздзел літаратурных навінак.

Аднак ужо ў 1815 г. у сувязі з павелічэннем пераходаў у каталіцтва вектар палітыкі адносна ордэна змяніўся. Езуітаў выслалі з “абедзвюх сталіц”. Расійская даследчыца К. Ларыонава адзначае, што па жорсткасці ўказ аб выдаленні езуітаў з Масквы і Пецярбурга быў большым, чым указ Пятра І. У часы Пятра І езуітам давалі два дні на зборы, у 1815 годзе манахам на працягу сутак неабходна было выехаць з гэтых гарадоў. За такі кароткі час ні з кім з гараджан і вучняў яны не мелі права камунікаваць.

Чарговыя абмежавальныя загады былі выдадзеныя ў 1817 г., калі Полацкай акадэміі забаранілі прымаць на навучанне ўніятаў.

Расклад заняткаў у езуіцкіх школах, якія падпарадкоўваліся Полацкай акадэміі на 1814 год (архіў езуітаў у Кракаве).

Пагаршэнне адносін расійскіх уладаў да ордэна адбывалася на фоне станоўчых змен у яго становішчы ў каталіцкай царкве: 7 жніўня 1814 г. Папа Рымскі Пій VII аднавіў дзейнасць ордэна ва ўсім свеце і ўсе яго правы.

Пасля смерці апошняга генерала ордэна, які кіраваў ім з Расіі, Тадэвуша Бжазоўскага (5 лютага 1820 г.) улады пачалі рашучыя дзеянні па поўным выдаленні езуітаў з дзяржавы. Пасля даклада міністра духоўных спраў і народнай асветы Аляксандра Мікалаевіча Галіцына імператару Аляксандру І было вырашана выслаць езуітаў з імперыі. Асноўнай афіцыйнай прычынай называўся празелітызм, а ў Расійскай імперыі пераходы з праваслаўя ў іншыя веравызнанні былі заканадаўча забароненыя.

13 сакавіка 1820 г. быў выдадзены Указ Сената, поўнасцю падтрыманы Аляксандрам І. Гэтым указам прадпісвалася: «1) Иезуитов, как забывших священный долг не только благодарности, но и верноподданнической присяги, и поэтому недостойных пользоваться покровительством Российских законов, выслать под присмотром полиции за пределы государства и впредь ни под каким видом и наименованием не впускать в Россию; 2) Полоцкую иезуитскую академию и подведомственные ей училища упразднить». Расійскім падданным пры ўмове секулярызацыі дазвалялася застацца ў Расіі.

Дадзеным указам прадпісвалася наступнае: усіх чальцоў Таварыства Езуса належала выслаць за межы дзяржавы і ні пад якім прэтэкстам не пускаць назад, у Расію. Полацкая акадэмія павінна была спыніць сваю дзейнасць. Езуіты на сваіх пасадах (напрыклад, у парафіях) замяняліся іншымі святарамі. Чальцоў ордэна, якія не былі матэрыяльна адказнымі, належала выслаць неадкладна. Тых, хто адказваў за маёмасць, – пасля яе здачы. Маёмасць ордэна павінна была быць прынята прадстаўнікамі свецкіх улад. Бібліятэкі, інструменты і іншыя навучальныя дапаможнікі неабходна было прыняць па вопісах спецыяльна вызначаным чыноўнікам. Грошы, якія заставаліся ў езуітаў, перадаваліся прыказам грамадскага дагляду. Кіраванне езуіцкімі маёнткамі пераходзіла ў рукі казённых палат. Грашовыя сродкі, неабходныя для арганізацыі перавозу манахаў за мяжу, вылучаліся з губернскіх экстраардынарных сум. Кантроль за высылкай езуітаў а таксама здачай і прыёмам школ ускладаўся на губернатараў. Аб’яўлялася, што калі сярод манахаў-ураджэнцаў Беларусі (навіцыяў) знойдуцца ахвотныя секулярызавацца, то яны могуць выйсці з ордэна, застацца ў Расіі, вярнуцца ў свае сем’і або ўступіць у іншы ордэн.

Арганізацыя выезду чальцоў занатавана ва ўспамінах беларускага езуіта Яна Галіча, якія апісвае даследчыца Агата Дэмковіч. У адпаведнасці з яго ўспамінамі, выезд езуітаў з Беларусі быў хуткі, часу на доўгія зборы чальцы Таварыства не мелі. Ян Галіч адзначаў, што для абвяшчэння ўказу ў кожную з мясцовасцей, дзе працавалі езуіты, прыбывала камісія ў складзе з трох чалавек, адзін з якіх зачытваў указ.

Пры папярэдняй падрыхтоўцы высылкі расійскі ўрад памылкова меркаваў, што на выезд пагодзяцца да 50 чальцоў ордэна: іншыя 300 выкажуць жаданне або секулярызавацца, або ўступіць у іншыя ордэны і застацца. Разлікі, аднак, атрымаліся памылковымі. Жаданне пакінуць межы імперыі выказалі практычна ўсе езуіты разам з правінцыялам Станіславам Свентахоўскім. Адначасова практычна ўсе яны выказалі жаданне застацца ў ордэне.

Па сведчанні, змешчаным ва ўспамінах Галіча, выезд езуітаў суправаджаўся выражэннем актыўнай пазіцыі вернікаў, якія шчыра выказвалі свой настрой. Гэта пацвярджаецца і ў даследаванні І. Кадульскай, што таксама змяшчае ў сваёй манаграфіі фрагмент пра выезд езуітаў з Полацка і рэакцыю вернікаў на гэта. Паводле яе слоў, у дзень выезду езуітаў з Полацка месцічы прадэманстравалі „глыбокую прывязанасць да ордэна і агульны жаль за славу горада, якая адыходзіць разам з езуітамі”.

Пасля абвяшчэння ўказу большая частка беларускіх езуітаў накіравалася ў Галіцыю, меншая – у Італію і Францыю. Галіцыя была абраная невыпадкова: там адчуваўся сур’ёзны недахоп дыяцэзіяльнага духавенства. Менавіта ў Галіцыі беларускія езуіты стварылі навуковыя пляцоўкі ў Тарнаве і Хыраве. Тарнаўская школа стала копіяй Полацкай акадэміі ў мініяцюры. У Царства Польскае езуітам таксама быў забаронены ўезд.

Забарона дзейнасці ордэна выклікала наступныя праблемы:

  1. Усе езуіцкія навучальныя ўстановы (пачатковага, сярэдняга і вышэйшага ўзроўню) страцілі ўвесь свoй настаўніцкі склад. У такога кшталту ўстановах на момант забароны дзейнасці ордэна навучалася каля трох тысяч чалавек. Канчаткова закрылася Полацкая езуіцкая акадэмія. Частка школ была часова перададзена іншым ордэнам. Напрыклад, школа ў Оршы – дамініканцам, у Мсціславе – бернардзінцам, у Віцебску – базыльянам. Частка была закрытая.
  2. Парафіяльныя касцёлы, у якіх працавалі езуіты, таксама адчулі востры недахоп духавенства.
  3. Узнікла пытанне, як паступаць з езуіцкімі (дакладней, паезуіцкімі) маёнткамі, школамі, бібліятэкамі, дабрачыннымі інстытутамі. Яно не было вырашана паслядоўна, у сувязі з чым шматлікія кніжныя і музейныя зборы езуітаў страчаныя альбо раздзеленыя па розных установах і прыватных зборах. Так, музейныя зборы і калекцыі з Полацка ў пераважнай большасці перавезены ў Пецярбург. У 1830 г. бібліятэка полацкіх езуітаў была ўжо некамплектнай і складалася з 23 551 тамоў. З іх частка была перададзена Полацкаму кадэцкаму корпусу (пераважна тэматыка матэматычная, фізічная, хімічная, і падручнікі па замежных мовах) – 2080 кніжак, частку перадалі ў Полацкі дамініканскі кляштар. Частку вывезлі ў Пецярбург і Маскву. У Імператарскую публічную бібліятэку трапіла 389 тамоў старажытных аўтараў – асабліва рэдкія выданні, Пецярбургскі ўніверсітэт атрымаў 6260 тамоў, 454 – універсітэт у Маскве. У будынак міністэрства ўнутраных спраў аддалі на захоўванне 3056 тамоў, якія прызначаліся для выкарыстання Галоўнага ўпраўлення духоўных спраў. Гэта былі пераважна кнігі па кананічным праве, гісторыі касцёла, абрадаў і веравызнанняў, зборнікі дэкрэтаў рознага права, разнастайныя слоўнікі. Астатнія 11112 тамоў прызначаліся для віцебскай гімназіі, духоўнай семінарыі ў Полацку, і рыма-каталіцкай духоўнай калегіі. Менавіта апошнія да 1833 г. захоўваліся ў кляштары полацкіх дамініканцаў, а пасля былі перададзеныя тром каталіцкім семінарыям: мінскай (7 скрынь), жмудскай (9 скрынь), магілёўскай (19 скрынь). Частка пасля трапіла і ў Пецярбургскую духоўную акадэмію.

Бібліятэкі з іншых езуіцкіх калегіумаў таксама былі падзелены і часткова трапілі ў іншыя навучальныя ўстановы, часткова зніклі. Уся іншая маёмасць перадавалася ў казну.

Спынілі існаванне і ўсе дабрачынныя інстытуты, якія дзейнічалі пры езуіцкіх калегіумах. Толькі пры Полацкім калегіуме і акадэміі спынілі сваё існаванне наступныя:

  • Семінарыя, якая функцыянавала як інстытут для дзяцей беднай шляхты і дзейнічала коштам калегіума (для 12 чалавек).
  • Жыллё для семінарыстаў – двухпавярховы каменны будынак.
  • Капэла – музыкі, якія ўтрымліваліся коштам калегіума.
  • “Фара”, альбо элементарная школа, для самых бедных, мела сваю асобную залу ў школьным будынку, а яе вучням (“фарыстам”) езуіты забяспечвалі ўсё неабходнае: кнігі, паперу і г.д. У ёй налічвалася 65 такіх вучняў.
  • Шпіталь, які ўтрымліваўся для бедных людзей, каторыя не мелі ўласнага жылля, размяшчаўся на першым паверсе двухпавярховага каменнага будынка. У ім утрымлівалася 10 чалавек, якія жылі з міласціны і з дагляду калегіума.

Полацкая езуіцкая акадэмія – першая вышэйшая навучальная ўстанова на беларускіх землях. Яе закрыццё ў 1820 г. разам з забаронай дзейнасці ордэна перарвала больш чым двухсотгадовую прысутнасць езуітаў на беларускіх землях. Езуіты вярнуліся ў Пінск і Альберцін толькі праз сто гадоў, у міжваенны перыяд, калі Заходняя Беларусь знаходзіліся ў складзе Польшчы.

Раіса Зянюк кандыдат гістарычных навук. У 2004 г. скончыла БДПУ імя М. Танка, у 2010 г. аспірантуру Інстытута гісторыі НАНБ. У 2015 г. абараніла дысертацыю на тэму «Навучальныя ўстановы Рыма-каталіцкай Царквы ў Беларусі (17721914): структура і дзейнасць». Даследуе канфесійную гісторыю Беларусі канца XVIII пачатку XX ст.