Пачні малітву з глыбокага ўдыху, прыняцця Божай любові, святла Хрыста, мудрасці Духа Святога. Выдыхні ўсе свае клопаты, праблемы і страхі. У гэты час Адвэнту паразважаем, што мы можам зрабіць, каб падрыхтавацца да прыйсця Пана.
 
1. Запрасі Святога Духа дапамагчы ўбачыць пражыты дзень такім, якім яго бачыць нованароджаны Езус. Якая радасць спаткала цябе сёння? Дзе ты адчуў_ла Божую любоў? Што зрабіў_ла сёння, каб падрыхтаваць шлях Езусу, які нараджаецца ў гэтым свеце для цябе?
 
2. А цяпер паглядзі на свой дзень вачыма дзіцяці: што ты бачыш? Штосьці стала сюрпрызам і здзіўленнем? Магчыма, нехта сказаў ці зрабіў нешта такое, за што ўдзячнасць перапаўняе тваё сэрца? Якія дары ты распазнаў_ла ў гэты дзень (узгадваючы дары золата, ладану і міра, прынесеныя Езусу)? Падзякуй Богу за ўсё, чым Ён адарыў цябе сёння.
 
3. Некалькі хвілін паразважай аб тым, дзе Бог асаблівым чынам прысутнічаў у тваім жыцці. Якія пачуцці ў цябе былі ў гэтыя моманты? Як ты рыхтуеш сваё сэрца да Божай прысутнасці ў Езусе, які хутка народзіцца? Дзе ты адчуваў_ла, як Божыя рукі з любоўю ахіналі цябе так, як Езус адчуваў рукі Марыі? Як ты падрыхтаваў_ла сябе да таго, каб адчуць Божую любоў, прабачэнне і надзею?
 
4. Цяпер падумай пра моманты, калі Бог, здавалася, быў схаваны. Ці ўнутры цябе было супраціўленне да таго, каб заўважыць Месію – гэтак жа, як некаторыя людзі не змаглі распазнаць нараджэнне Месіі, калі на свет з’явіўся Езус? Дзе ты ўбачыў_ла патрэбу і не адказаў_ла любоўю (магчыма, як гаспадар заезда ў Бэтлееме) або магчымасць прабачыць і не зрабіў_ла гэтага? Ці сэрца было напагатове? Прасі Бога прабачыць цябе за ўсё, што аддаліла тваё сэрца ад Божай любові і распазнання нараджэння Езуса ў табе. І маліся аб ласцы адкрытага сэрца і аб тым, каб стаць тым чалавекам, якім цябе стварыў Бог.
 
5. Нарэшце, рыхтуйся ва ўсім спадзявацца на Езуса Хрыста. Паразважай аб сваіх надзеях і чаканнях у гэтым Адвэнце і Калядных святах. Ці марыш так, як дзіця? Якімі падарункамі ты падзелішся, каб стаць надзеяй для кагосьці іншага? Папрасі Бога благаславіць усіх, за каго ты молішся цяпер, падчас рыхтавання шляху для Пана, і прасі Яго быць з табою сёння і кожны дзень.
 
Лоры Маршанке
Крыніца: Advent Examen